драпежная птушка сямейства ястрабіных. Трапляецца ў гарах Азіі, Афрыкі, Паўд. Еўропы.
Даўж. да 1,1 м, маса да 6,5 км. Галава, шыя і брушны бок цела белаватыя або жаўтаватыя, спіна чарнаватая. Пад дзюбай пучок чорных воласападобных пёраў, якія ўтвараюць бараду (адсюль назва). Крылы доўгія (размах да 2,7 м) і вострыя, хвост клінападобны. Лапы і кіпцюры моцныя. Гнёзды ў шчылінах скал або ў пячорах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна мярцвячынай, а таксама дробнымі звярамі, птушкамі. Колькасць скарачаецца, быў занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНІК (Herminium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі вельмі рэдка на сырых лугах, лясных палянах і каля крыніц трапляецца броўнік аднаклубневы (H. monorchis); занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з амаль бязлістым сцяблом і шара- або яйцападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае, голае, бліскучае, па 2—3 каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, паніклыя, зеленавата-жоўтыя, з моцным мядовым лахам, сабраны ў канцавое падоўжанае шматкветкавае коласападобнае суквецце. Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́ПКА, вадзяны верабей (Cinclus cinclus),
птушка сямейства аляпкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і паўд.-зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі аселы від, занесены ў Чырвоную кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 70 г. Моцнага складу, з кароткімі закругленымі крыламі і хвастом, доўгімі нагамі. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу белае. На ноздрах скурыстая перапонка. Гнёзды паблізу рэк з хуткім цячэннем, трымаецца паасобку і парамі. Зімой трапляецца каля палонак. Корміцца воднымі беспазваночнымі і маляўкамі рыб. Можа прабегчы пад вадой да 20 м. Выводзіць 2 патомствы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л-КА́РЛІК (Hieraaetus pennatus),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі сустракаецца рэдка ў паўд. раёнах, занесены ў Чырв. кнігу.
Невялікі даўгахвосты арол, даўж. 46—60 см, масай 500—900 г. Размах крылаў каля 1,2 м. Апярэнне зверху бурае, знізу белаватае з вузкімі цёмнымі стракацінамі Прылятае ў красавіку. Гнёзды на галінах дубоў і елак на выш. 8—22 м. Нясе 1—3 яйцы. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Здабычу высочвае ў палёце або падпільноўвае ў засадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗО́РШЧЫКІ (Anax),
род стракоз сям. каромыслаў. Да 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на берагах стаячых і слабапраточных вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Д.-імператар (A. imperator), зарэгістраваны на Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 80 мм, крыла да 51 мм. Грудзі зялёныя, брушка ў самцоў светла-сіняе, зверху з шырокай чорнай падоўжнай паласой; у самак брушка зялёнае з бурай паласой. Вочы на некат. адлегласці датыкаюцца. Лічынкі развіваюцца ў стаячых і праточных вадаёмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЯЦЫ́БЕ (Coniocybe),
род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 24 віды. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 віды: К. сярністажоўтая (C. sulphurea), К. зярністая (C. furfuraceae), К. тонкая (C. gracilenta) — індыкатарны да антрапагеннага ўздзеяння від, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляецца ў вільготных лясах на дрэвах, пнях, ламаччы.
Слаявіна накіпная, парашкаватая, шараватага, салатавага, лімоннага колеру. Па ёй раскіданы ніткападобныя ножкі рознай выш. з шарападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі). У слаявіне знаходзяцца водарасці з родаў Stichococcus і Trentepohlia.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),
род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз.Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСНЯ́К (Liparis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Еўразіі, Афрыкі, Паўн. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі — Л. Лёзеля (L. loeselii), сустракаецца пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях. Расце на тарфяных балотах, забалочаных лугах. Занесены ў Чырв. кнігу. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 8—20 см з кароткім карэнішчам. Сцябло баразнаватае, каля асновы ўздутае. Лісце (2) супраціўнае, эліпса-ланцэтнае, прадаўгаватае. Кветкі жаўтавата-зялёныя, па 2—10 у гронцы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАКАЛЯ́НУС (Limnocalanus macrurus),
беспазваночная жывёла атр. весланогіх ракападобных. Пашыраны ў чыстых, глыбокіх азёрах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Выяўлены ў 10 азёрах на ПнЗ Беларусі, у т. л. Доўгае, Рычы (заказнікі Л.), Воласа, Снуды, Струста (Браслаўскі нац. парк). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 2,2 мм, цела членістае з вілаватым адросткам на канцы. 5 пар плавальных членістых канечнасцей. Дыхаюць паверхняй цела. Вельмі адчувальныя да дэфіцыту кіслароду ў вадзе. Кормяцца пераважна планктоннымі водарасцямі. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),
парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.