ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у мяст. Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ЗНЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.​Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.​Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.

Іказненскі замак. Малюнак з карты пач. 17 ст.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п. Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гродзенскі Стары замак 3/238; 4/12, 17, 19, 21, 23—24, 26, 28, 486; 8/37; 9/562

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.

Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.​А.​Хаванскага. У час. Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.​Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.

Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.​А.​Ткачоў (1970), А.​А.​Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.​К.​Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.

Лідскі замак. Акварэль Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Лідскі замак. Сучасны выгляд.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.

Літ.:

Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.

А.​І.​Валахановіч.

Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.​Орды. 1876.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смалянскі замак

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стрэшынскі замак

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Суражскі замак

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)