горад абл. падпарадкавання, цэнтр Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. За 122 км ад Гомеля.
Вузел чыг. ліній на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч, аўтадарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч. 42,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1560 як сяло Каленкавічы ў Багрымаўскім старостве Мазырскага пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рэчыцкага пав. Мінскай губ., належала кн. Шахоўскаму. У 1795 у К. 116 душ мужч полу, 36 двароў. З 1805 у царскай казне, у арэндзе М.Стражнікавай. З 1882 чыг. станцыя, з 1910 чыг. вузел. У 1897—1,3 тыс. ж, 196 двароў. З 3.7.1925 горад, у Мазырскай акр. У 1924—30 і з 1939 цэнтр Калінкавіцкага раёна. З 1938 у Палескай вобл. 9,8 тыс.ж. у 1939. З 21.8.1941 да 14.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1550 чал. Дзейнічала Калінкавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—14,9, у 1970—23,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, дрэваапр., харч. прам-сці. Заводы быт хіміі, рамонтна-механічны. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, сав. лётчыкам. Помнік археалогіі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІН,
вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад г.Жыткавічы, 274 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 875 ж., 318 двароў (1999).
Упершыню ўпамінаецца ў 1568 у прывілеі Жыгімонта Аўгуста кн. Юрыю Алелькавічу на заснаванне мястэчка. У ім названы і тапонім будучага нас. пункта — Ленін. У 1582 мястэчка перайшло да кн. Аляксандра Алелькавіча. З 17 ст. ва ўладанні Радзівілаў, з пач. 19 ст. — Вітгенштэйнаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1863 адкрыта аднакласнае нар. вучылішча. У 1886—437 ж, 79 двароў, у 1908—1019 ж., 196 двароў. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр Ленінскай гміны Палескага ваяв. З 12.10.1940 гар. пасёлак, у 1940—50 цэнтр Ленінскага раёна Пінскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 4474 чал.; у жн. 1942 акупанты расстралялі ў Л. каля 2 тыс.чал., у лют. 1943 у час карнай аперацыі «Горнунг» загубілі 1200 чал. 12.9.1942 адбыўся Ленінскі бой 1942. З 9.1.1952 вёска ў Ленінскім р-не Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл., з 1960 у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. У 1972—842 ж., 252 двары.
Лясніцтва, цэх па перапрацоўцы драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму, камсамольцаў, партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам. Помнік архітэктуры — капліца на могілках (1870-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1565 у складзе Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв.ВКЛ. Цэнтр — г.Мазыр. Асн. частку М.п. складалі дзярж. Мазырская, Бчыцкая (Пціцкая) і Уборцкая воласці (з пач. 15 ст. належала Віленскаму каталіцкаму біскупству). У М.п. увайшла таксама тэр. на паўн. беразе р. Прыпяць ад р. Пціч да р. Случ з маёнткамі Ленін, Жыткавічы і інш.Найб. значныя мястэчкі: Капаткевічы, Каралін, Лельчыцы, Ленін, Нароўля, Петрыкаў, Скрыгалаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай павет скасаваны. 3.5.1795 адноўлены ў складзе Мінскага намесніцтва, з 12.12.1796 — Мінскай губерні. Пл. 15,6 тыс.км². У павеце было 8 мястэчак: Давыд-Гарадок, Ельск-Каралін, Капаткевічы, Лахва, Ленін, Петрыкаў, Скрыгалаў, Тураў; 6 каталіцкіх касцёлаў, 7 уніяцкіх і каля 50 правасл. цэркваў. У 1860 у М.п. 112 прыватных маёнткаў. У 1861 утворана 21 воласць: Буйнавіцкая, Бярозаўская, Грабаўская, Дзякавіцкая, Жыткавіцкая, Камаровіцкая, Капаткевіцкая, Лахвенская, Лельчыцкая, Ленінская, Лучыцкая, Ляскавіцкая, Мялешкавіцкая, Міхайлаўская, Петрыкаўская, Скараднянская, Слабода-Скрыгалаўская (у 1913 падзелена на Слабадскую і Скрыгалаўскую), Тонежская, Тураўская, Хорская, Чучавіцкая; пазней утворана Каралінская воласць. У 1878—95,3 тыс.чал. На 7.11.1917 у М.п. 23 воласці. З 29.8.1919 да 10.8.1920 у Гомельскай губерні, потым зноў у Мінскай. 18.3.1921 Бярозаўская, Лахвенская, Хорская і Чучавіцкая вол. адышлі да Польшчы, астатняя частка М.п. ўключана ў БССР. 17.12.1921 Ленінская вол. перададзена Слуцкаму пав. 3.3.1924 да М.п. далучана зах. частка Рэчыцкага пав. (7 валасцей цалкам і 3 часткова). 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэр. ўключана ў Мазырскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл.Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.