МАСКІ́ТЫ (ісп. mosquito ад лац. musca муха; Phlebotomidae),

сямейства даўгавусых двухкрылых насякомых. 4 роды, больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў месцах з цёплым кліматам. Жывуць у норах жывёл, пячорах, расколінах скал, дуплах дрэў, пабудовах. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. У складзе гнюсу. Могуць быць пераносчыкамі маскітнай ліхаманкі, лейшманіёзаў і інш.

Даўж. да 4 мм. Цела ўкрыта жоўтымі або шэрымі валаскамі. Крылы шырокія, завостраныя на канцах, прыўзнятыя над целам. Вусікі 16-членікавыя. хабаток доўгі. тонкі. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі — крывасмокі. Укусы М. моцна свярбяць, часам балючыя. Лічынкі жывуць і кормяцца ва ўмерана вільготнай глебе. багатай арган. рэшткамі, у норах, гнёздах.

А.​В.​Дзерункоў.

Маскіт.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙСТО́Н (ад грэч. neustos які плавае),

сукупнасць мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што жывуць на мяжы воднага і паветр. асяроддзя, у зоне плёнкі паверхневага нацяжэння вады. Складаецца з арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады (эпінейстон) і ў падпаверхневым (на глыб. да 5 см) слоі (гіпанейстон). У складзе эпінейстона — клапы-вадамеркі, жукі-вертуны, павукі-даламеды, некат. віды мух і інш., сярод раслін — раска, сальвінія плаваючая і інш. У складзе гіланейстона пераважаюць бактэрыі, прасцейшыя, лічынкі планктонных і донных беспазваночных, дробныя лёгачныя малюскі, ікра, лічынкі і маляўкі рыб. На Беларусі Н. найб. багаты ў стаячых вадаёмах, затоках. Паводле якаснага і колькаснага складу Н. вызначаюць ступень і інтэнсіўнасць забруджвання вады (біяіндыкацыя).

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.

Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛАМУ́ТРАЎКІ,

група родаў матылёў сям. німфалід. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. Жывуць у разнастайных ландшафтах. На Беларусі каля 14 відаў. П. балотная (Boloria aquilonaris) і П. Фрыга (Clossiana Frigga) занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 12 см (на Беларусі да 8 см). Верхні бок іх звычайна рыжаваты з чорнымі плямамі і палосамі, ніжні — рознай афарбоўкі, часта з бліскучымі перламутравымі (адсюль назва) або серабрыстымі плямамі і перавязямі. Вусені жывуць на травяністых раслінах (кормяцца пераважна на фіялках).

С.​Л.​Максімава.

Перламутраўкі: 1 — палявая (1а — яе вусень); 2 — Фрыга; 3 — Адыпа; 4 — Аглая (4а, 4б — яе вусень і кукалка); 5 — балотная; 6 — зеленаватая.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аўстрыі (каля 7 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША, Італіі і інш. краінах. Агульная колькасць 8,53 млн. чал. (1987). Гавораць на нямецкай мове. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́Х, ачэ, ачынцы,

народ у Інданезіі, на Пн в-ва Суматра. Каля 2,63 млн. чал. Жывуць таксама ў Малайзіі. Агульная колькасць 2,64 млн. чал. (1987). Мова інданезійскай галіны. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КСКІЯ АРА́БЫ, іракцы,

народ, асн. насельніцтва Ірака (14,5 млн. чал.). Агульная колькасць 14,6 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кувейце. Гавораць на іракскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — мусульмане (суніты і шыіты).

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ТЫ (саманазва унанган),

карэннае насельніцтва Алеуцкіх а-воў і п-ва Аляска. У ЗША 6 тыс. чал. (1983). Жывуць таксама на Камандорскіх а-вах (Расія, 700 чал., 1989). Гавораць на алеуцкай мове.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НЦЫ (саманазва эспаньёлес),

народ, асн. насельніцтва Іспаніі (27,65 млн. чал.). Агульная колькасць 30 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Францыі, Аргенціне, Бразіліі, ЗША і інш. Гавораць на іспанскай мове. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭ́РМЫ [ад мез(а)... + тэрма...],

расліны, якія жывуць у мясцовасцях з дастатковай колькасцю ападкаў і сярэдняй гадавой т-рай ад 15 да 20 °C. Тэрмін прапанаваны швейц. батанікам А.​Дэкандолем у 2-й пал. 19 ст.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)