ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,

глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш. Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ (КМА),

буйнейшы жалезарудны басейн на тэр. Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Радовішчы магнетытавых кварцытаў прымеркаваны да метамарфічных парод і гранітоідаў дакембрыю; багатыя руды ў кары выветрывання жалезістых кварцытаў. Разведаныя запасы больш за 25 млрд. т, у якіх жалеза 32—37%, і больш за 30 млрд. т, у якіх жалеза 52—66%. Выяўлена ў 1783, эксплуатуецца з 1952. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1830 як рудня каля мяст. Налібакі Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). У 1846 працавалі 93 гутнікі і 100 руднікоў. У 1852 пабудаваны і далі прадукцыю Руднянскі чыгунаплавільны і Клецішчанскі жалезаапрацоўчы з-ды, якія склалі Н.м.к. У 1852 на камбінаце былі 3 домны, 7 паравых машын, 8 пудлінгавых печаў, 4 ліцейні, стопудовы молат і 2 пракатныя станы. Выпускаў чыгуначныя рэйкі, паласавое, шыннае, чатырохграннае і круглае жалеза. У 1858 працаваў 561 рабочы, здабыта 2 млн. пудоў руды, выпушчана 80 тыс. пудоў жалеза. У 1871—77 Клецішчанскі з-д пераўтвораны ў машынабудаўнічы, у гэты перыяд з-ды былі здадзены ў арэнду і наз. машынабудаўнічым вагонарэйкавым з-дам. У 1895 атрымана 50 тыс. пудоў паласавога і сартавога жалеза.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІАНЕМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі для лячэння анемій. Узмацняюць прадукцыю эрытрацытаў, ліквідуюць якасныя парушэнні ўтварэння эрытрацытаў у арганізме. Для лячэння анемій з паніжанай колькасцю гемаглабіну ўжываюць прэпараты, у якіх ёсць жалеза (напр., жалеза закіснага лактат, гемастымулін, фераплекс і інш.); пры анеміях з паменшанай колькасцю эрытрацытаў і павышаным насычэннем іх гемаглабінам — прэпараты вітаміну B12 і фоліевай кіслаты; пры анеміях, што развіваюцца ў выніку прыгнечвання функцыі касцявога мозга, — сродкі, якія стымулююць функцыю касцявога мозга (эрытрапаэтын, калоніястымулюючыя фактары).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭНІ́Т (ад прозвішча першаадкрывальніка галандца Х. ван Прэна),

пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, Ca2 Al[AlSi3O10] (OH)2. Мае прымесі закісу жалеза FeO (да 1%) і аксіду жалеза Fe2O3 (да 10,6%). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае сфераліты, радыяльна-прамянёвыя агрэгаты, коркі, суцэльныя масы, пражылкі, псеўдамарфозы. Колер жоўта-зялёны, белы, шэры. Паўпразрысты, зрэдку празрысты. Цв. 6,5. Шчыльн. 2,9 г/см³ Бляск шкляны. Крохкі. Трапляецца ў вулканічных лавах асн. саставу, зонах гідратэрмальнай перапрацоўкі асн. і шчолачных вывергнутых горных парод.

Прэніт.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),

прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.

Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.

Марказіт.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́Т, серны калчадан, жалезісты калчадан,

найбольш пашыраны мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза, FeS2. Мае жалеза 44,6%, серы 54,3%, дамешкі медзі, золата, нікелю, кобальту, селену, талію і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі кубічныя (радзей пентагондадэкаэдрычныя і актаэдрычныя) са штрыхоўкай на гранях, зярністыя масы, прарастанні з марказітам і інш. Колер латунна-жоўты. Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9—5,2 г/см³. Палігеннага паходжання. Гал. радовішчы гідратэрмальныя і метасаматычныя. Сыравіна для сернай кіслаты, руда кобальту, золата, медзі, селену і талію.

Пірыт.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЯ́ККІЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітна-мяккія матэрыялы,

фера- і ферымагнетыкі з малым значэннем каэрцытыўнай сілы (Hc < 800 А/м). Характарызуюцца высокімі значэннямі магнітнай пранікальнасці, якія дасягаюцца зніжэннем энергій магнітна-крышт. і магнітапругкай анізатрапіі (гл. Магнітная анізатрапія).

М.м. з’яўляюцца: тэхнічна чыстае жалеза, нізкавугляродзістая і электратэхн. (крамяністая) сталь; крышт. сплавы жалеза з нікелем (пермалой), з нікелем і кобальтам (пермінвар), з кобальтам і дабаўкамі ванадыю (пермендзюр), з алюмініем (алфер), з алюмініем і крэмніем (алсіфер); аморфныя сплавы на аснове жалеза, кобальту, нікелю з дабаўкамі (да 20%) бору, крэмнію, вугляроду і інш. элементаў (амарфізатары); ферыты; магнітадыэлектрыкі. Найб. высокія значэнні магн. пранікальнасці маюць метал. М.м., якія выкарыстоўваюць пры рабоце на частотах да 10​5 Гц, на частотах 10​4—10​8 Гц выкарыстоўваюць магнітадыэлектрыкі, нікель-цынкавыя ферыты, ферыты-гранаты. З М.м. вырабляюць асяродкі і полюсныя наканечнікі магнітаў, магнітаправоды, трансфарматары, розныя прылады ЗВЧ. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯРО́ВЫЯ МЕТА́ЛЫ,

прамысловая назва ўсіх металаў і іх сплаваў, акрамя жалеза і яго сплаваў, якія называюць чорнымі металамі; гл. таксама Металы.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)