НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч. нейра... + гармоны),

біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРААМІНАВА́ННЕ, трансамінаванне,

зваротны перанос амінагрупы (—NH2) ад амінакіслот (амінаў) да кетакіслот: R1—CH(NH2)—COOH + R2—CO—COOH ⇄ R1—CO—COOH + R2—CH(NH2)COOH. Асн. шлях распаду амінакіслот і сінтэзу заменных амінакіслот. Ферменты П. — амінатрансферазы ёсць ва ўсіх жывых клетках, яны каталізуюць усе вядомыя прыродныя амінакіслоты і шэраг біягенных амінаў (кафермент — пірыдаксальфасфат). Асобнае значэнне мае рэакцыя П. α-кетаглутаравай к-ты: глутамінавая к-та. якая з’яўляецца ў выніку гэтай рэакцыі. прыводзіць да ўтварэння мачавіны (канчатковага прадукту азоцістага абмену ў жывёл) і ўдзельнічае ў абясшкоджванні і вывядзенні з арганізма аміяку. Рэакцыя П. — адзін з важнейшых шляхоў інтэграцыі абмену рэчываў на ўзроўні клеткі — ажыццяўляе сувязь паміж абменам амінак-т, з аднаго боку, і вугляводаў і тлушчу, з другога.

Літ.:

Браунштейн А.Е. На стыке химии и биологии. М., 1987;

Яго ж. Процессы и ферменты клеточного метаболизма. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),

мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л. архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб. стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕ́КСЫ (ад лац. reflexus адлюстраваны),

рэакцыі арганізма, якія выконваюцца нерв. сістэмай у адказ на ўздзеянне знешніх або ўнутр. раздражняльнікаў. Біял. значэнне Р. — падтрымка функцыян. цэласнасці жывога арганізма і пастаянства яго ўнутр. асяроддзя (гамеастаз), а таксама забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння арганізма з вонкавым асяроддзем (адаптыўныя паводзіны). Структурны механізм Р. — рэфлекторная дуга, эвалюц. папярэднікі — рэакцыі тыпу трапізмаў і таксісаў. Утварэнне асобных нерв. клетак, што ўзаемадзейнічалі адна з адной шляхам сінаптычных кантактаў, спрыяла ўзнікненню Р., далейшае развіццё якіх у форме інстынктаў, безумоўных рэфлексаў і ўмоўных рэфлексаў звязана з паяўленнем і ўскладненнем ц. н. с. У нармальных умовах Р. аб’ядноўваюцца (інтэгруюцца) у складаныя рэфлекторныя акты і маюць пэўную біял. накіраванасць. Інтэграцыя дасягаецца механізмамі каардынацыі — адначасовай дынамікі ўзбуджэння і тармажэння нейронаў адпаведных нерв. утварэнняў. Ускладненне інтэгратыўнай дзейнасці ц. н. с. і яе структурнай дыферэнцыяцыі — аснова эвалюцыі адаптыўных паводзін і прыстасаванасці відаў да ўмоў існавання.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга пры паступленні ў яе імпульсаў ад вонкавых і ўнутр. раздражняльнікаў. Забяспечваюць дакладнае ўзаемадзеянне ч. арганізма і тонкае прыстасаванне арганізма да навакольнага асяроддзя. Тэрмін «С.с.» ўведзены І.​П.​Паўлавым (1932), які вылучыў агульную для жывёл і чалавека першую сігнальную сістэму і спецыфічную толькі для чалавека другую сігнальную сістэму. Першая сігнальная сістэма — сістэма канкрэтных, адчувальна непасрэдных вобразаў рэчаіснасці, якія фіксуюцца мозгам чалавека і жывёл у форме адчуванняў і ўспрыманняў. З’яўляецца сукупнасцю шматлікіх (нават вельмі складаных) умоўных і безумоўных рэфлексаў на непасрэдныя раздражняльнікі або іх сляды, на яе аснове функцыянуе вышэйшая нервовая дзейнасць. У чалавека характарызуецца большай, чым у жывёл, скорасцю нерв. працэсаў, рухомасцю, утварэннем умоўных рэфлексаў вышэйшых парадкаў. Першая і другая С.с. функцыянуюць у цесным узаемадзеянні і адзінстве, пры гэтым у чалавека другая С.с. адыгрывае вядучую ролю.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі,

здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),

спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў біялогіі,

уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы.

Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,

блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.

Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.

Літ.:

Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;

Трофимович К.К. Серболужицкий язык. Мн., 1989.

Н.​В.​Івашына.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл. Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Cl​−, SO42−, HCO3− і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na​+, Ca​2+, Cl​−, унутрыклетачная — K​+, Mg​2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca​2+, Mg​2+, Sr​2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na​+ і K​+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca​2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K​+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).

Літ.:

Гинецинский А.Г. Физиологические механизмы водно-солевого равновесия. М.; Л., 1963;

Кравчинский Б.Д. Физиология водно-солевого обмена жидкостей тела. Л., 1963.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)