ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),

пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗГ,

цэнтральны аддзел нерв. сістэмы жывёл і чалавека, які забяспечвае рэгуляцыю жыццёвых функцый арганізма, у т. л. вышэйшую нерв. дзейнасць; у чалавека — псіхічныя функцыі, мысленне. Падзяляецца на галаўны мозг і спінны мозг. Гл. таксама Цэнтральная нервовая сістэма.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску,

клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.​Галубок, М.​Багдановіч, З.​Верас, У.​Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.

Літ.:

Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЦАЎ (Якуб) (Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),

рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.​Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Дудалёва лаза // Беларусь. 1966. № 9.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́НКА»,

бел. выдавецтва ў эміграцыі. Засн. ў 1946 Я.​Гладкім у г. Ватэнштэт (Германія). Выпусціла «лемантар» (1946), падручнік геаграфіі (1947), чытанкі «Родны палетак» і «Малюнкі мінулага» (1947), «Наша краіна» і «Помнікі старажытнасці» (1948), зборнікі нар. песень і казак. Пасля пераезду Гладкага ў ЗША аднавіла дзейнасць на пач. 1960-х г. у Нью-Йорку. Выйшла больш за 10 кніжак і брашур, у т. л. «Лемантар для школаў і хатняга навучання» (1964), «Для малых дзетак» (1965), зб-к нар. песень «Дудар» (2-е выд. 1970); А.​Варлыгі (псеўданім Гладкага) «Прыказкі Лагойшчыны» (1966), «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (1970), «Забабоны Лагойшчыны» (1972) і інш. Спыніла дзейнасць у 1972 у сувязі са смерцю Гладкага.

А.​С.​Ляднёва.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1968 у г. Любань Мінскай вобл., адкрыты ў 1971. Пл. экспазіцыі 175,5 м², 9,4 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў калекцыя археал. знаходак эпохі неаліту і бронзы, манетны скарб часоў Рэчы Паспалітай, матэрыялы пра 1-ю сусв. вайну, рэв. рух на Любаншчыне ў 1905—07 і 1917, асушэнне Мар’інскіх балот і дзейнасць чырвонаармейскай камуны і яе заснавальнікаў, партыз. рух і дзейнасць патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза П.Р.Алейнікава, З.Р.Лышчэню, Дз.С.Наруцкага, Герояў Сац. Працы, дзеячаў літаратуры і навукі, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі раёна ў пасляваенны час. У экспазіцыі музея карціны самадз. мастакоў, тканыя і ганчарныя вырабы мясц. майстроў.

Н.​М.​Сіняк.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),

аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),

сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.​М.​Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1964 у Віцебску. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): вытв-сць радыёэлектронных сродкаў; эксплуатацыя прыбораў і апаратаў; мікраэлектроніка; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; камерц. дзейнасць; менеджмент; маркетынг. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦУБІ́СІ,

фінансава-прамысловая манапалістычная група Японіі. Засн. ў 1870. Ажыццяўляе банкаўскую і гандл. дзейнасць, вырабляе трансп. сродкі (караблі, самалёты, аўтамабілі), электратэхн., электроннае і тэлекамунікацыйнае абсталяванне. У яе складзе: «Міцубісі электрык карпарэйшэн», «Міцубісі мотарс карпарэйшэн», «Міцубісі хэві індастрыс», «Міцубісі банк».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)