ФРА́НКФУРЦКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у ням. філасофіі і сацыялогіі ў 1930—70-х г.; адзін з варыянтаў неамарксізму. Склалася ў пач. 1930-х у г. Франкфурце-на-Майне (Германія) з цэнтрам у Ін-це сац. даследаванняў (у 1934—39 у Жэневе і Парыжы, у 1939—49 у ЗША). Гал. прадстаўнікі — Т.Адорна, В.Беньямін, Г.Маркузе, Э.Фром, Ю.Хабермас, М.Хоркхаймер. У філас.-сацыялагічнай «крытычнай тэорыі грамадства», запазычанай імі ў К.Маркса, крытычны падыход да буржуазнай культуры спалучаецца з ідэямі гегелеўскай дыялектыкі і псіхааналізу З.Фрэйда. Лічылі, што развіццё навукі і новай тэхналогіі аказвае рэпрэсіўнае ўздзеянне на культуру, прыводзіць да адчужэння чалавека ад грамадства, адрыву сац. адносін ад прыродных і канфлікту паміж імі, штурхае чалавецтва да «новага тыпу варварства» («Дыялектыка асветы» Адорна і Хоркхаймера, 1947). Пастаяннае імкненне да панавання над усімі і ўсім, маніпуляцыя свядомасцю мас і яе падпарадкаванне пануючай эліце прыводзяць да ўзнікнення «аўтарытарнай асобы» як сац.-псіхал. перадумовы фашызму (калект. праца «Аўтарытарная асоба», 1950). Г.Маркузе сцвярджаў, што ва ўмовах «аднамернага грамадства» з панаваннем рацыяналізму, масавай культуры, масавым падманам і немагчымасцю якой-н. апазіцыі сам чалавек, яго мысленне таксама становяцца аднамернымі («Аднамерны чалавек», 1964). Члены Ф.ш. зыходзілі з таго, што створаныя ў імя марксізму паліт. сістэмы нясуць такую ж адказнасць за дэгуманізацыю чалавечага існавання, як і тыя, што створаны капіталізмам; такая пазіцыя прывяла да ўзнікнення руху «новых левых», які асабліва актыўна дзейнічаў у 1960—70-х г. Выкарыстаная Ф.ш. метадалогія і канкрэтныя вынікі навук. даследаванняў паўплывалі на развіццё сац. філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі ў ФРГ, ЗША, Францыі, Італіі і інш. краінах.
Літ.:
Рассел Б. История западной философии: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Маркузе Г. Одномерный человек: Пер. с англ. М., 1994;
Фромм Э. Бегство от свободы;
Человек для себя: Пер. с англ. Мн., 1998;
Оливер М. История философии: Пер. с англ. Мн., 1999;
Современная западная философия. Мн., 2000.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 16, с. 457