МІЛІГУ́ЛА (Мікалай Паўлавіч) (н. 7.11.1936, Мінск),
бел. спартсмен і трэнер (спарт.гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКЛА́СНЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя школы павышанага тыпу ў Рас. імперыі. Існавалі з 1870-х г. да 1918. Адкрываліся ў вял. сёлах, на чыг. станцыях і ў некат. пав. гарадах. У Беларусі працавалі паводле Часовай інструкцыі Мін-ванар. асветы ад 4.6.1875. Тэрмін навучання 5—6 гадоў. Вучыліся пераважна дзеці сялян, гандляроў, саматужнікаў. Лепшыя вучні мелі права паступаць у настаўніцкія семінарыі, ніжэйшыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы. Вывучаліся Закон Божы, арыфметыка, рус. граматыка, асновы фізікі, геаметрыі, прыродазнаўства, гісторыі, чарчэння, дадаткова ўводзіліся гімнастыка, рамёствы, рукадзелле, садаводства, агародніцтва, паляводства, пчалярства. У 1914 у Віцебскай губ. дзейнічала 97, Гродзенскай — 197, Магілёўскай — 57, Мінскай — 68 Д.п.в. У 1918 пераўтвораны ў школы 1-й і 2-й ступеней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц.т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў вер. 1907. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геагр., прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з ун-таў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш. Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навуч.г. мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1915 у сувязі з ваен. дзеяннямі пераведзена ў г. Калуга. У 1917 ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫК (Ларыса Леанідаўна) (н. 28.8.1949, г. Долінск Сахалінскай вобл., Расія),
бел. спартсменка (гімнастыкаспарт.). Засл. майстар спорту СССР (1968). Скончыла Цэнтр.ін-тфіз. культуры (1974, Масква), Маскоўскі дзярж.ун-т (1979). У 1963—69 інструктар Бел.рэсп. фіз.-спарт.т-ва «Дынама». Чэмпіёнка XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным заліку і ў вольных практыкаваннях, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне. Чэмпіёнка свету (1970, г. Любляна, Югаславія) у камандным заліку, бронз. прызёр у практыкаваннях на бервяне; сярэбраны прызёр (1966, г. Дортмунд, Германія) у камандным заліку і бронз. ў практыкаваннях на бервяне. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1965, Сафія) у вольных практыкаваннях і на бервяне. Чэмпіёнка СССР (1964 — абсалютная; 1966 — у практыкаваннях на брусах). З 1977 жыве ў Расіі (з 1992 на трэнерскай рабоце ў ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт.гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн. аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУРас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБУТ (Вольга Валянцінаўна) (н. 16.5.1955, г. Гродна),
бел. спартсменка (спарт.гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1977). Чэмпіёнка XX і XXI Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія, і 1976, г. Манрэаль, Канада) у камандным першынстве, у асабістым заліку — у вольных практыкаваннях (1972) і на гімнастычным бервяне (1972, 1976); сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах (1972). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве і ў апорным скачку, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах, гімнастычным бервяне і вольных практыкаваннях (1974, г. Варна, Балгарыя). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў асабістым першынстве (1973, Лондан). Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1975), Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1971, 1975), у апорным скачку (1970, 1974), у практыкаваннях на брусах (1974, 1976). У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету. З 1991 жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл (ЗША). Ганаровая грамадзянка г. Атланта.