ЗВЫЧА́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні адносна функцыі адной пераменнай, якая ўваходзіць у гэта ўраўненне разам са сваімі вытворнымі да некаторага парадку ўключна. Найбольшы парадак вытворнай наз. парадкам ураўнення.
Калі З.д.ў. запісана ў форме
(, , ′, ..., )
, то кажуць, што гэта ўраўненне n-га парадку ў нармальнай форме. Згодна з тэарэмай існавання і адзінасці ў такога ўраўнення існуе і прычым толькі адно рашэнне з пачатковымі ўмовамі
,
...,
, дзе , , , ..., — адвольны пункт вобласці
у якой (, , ..., ) — функцыя, неперарыўная разам са сваімі вытворнымі , , ..., . Гэта азначае, што пачатковыя ўмовы цалкам вызначаюць усё мінулае і будучае той рэальнай сістэмы, якая апісваецца гэтым ураўненнем. Пры дапамозе З.д.ў. або іх сістэм мадэлююць дэтэрмінаваныя рэальныя сістэмы (працэсы). Пры гэтым стан сістэмы ў кожны момант часу павінен апісвацца канечным мноствам параметраў , ..., . Тады, каб запісаць такаю мадэль, дастаткова ў мностве станаў сістэмы, якую мадэлююць, задаць скорасці пераходу ад аднаго стану сістэмы да яе наступнага стану.
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Петровский И.Г. Лекции по теории обыкновенных дифференциальных уравнений. 7 изд. М., 1984.
У.Л.Міроненка.
т. 7, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОДРСК, Одръск,
горад, які ўпамінаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха ў сувязі з яго паходам на Полацк у 1078. З.Я.Даленга-Хадакоўскі выказаў меркаванне, што О. знаходзіўся на р. Адроў (правы прыток р. Дняпро), на Аршаншчыне, але гэта не пацверджана раскопкамі. Рас. гісторык М.М.Карамзін лічыў, што ў крыніцы памылкова напісана Одръск замест Дръютеск (Друцк).
т. 11, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЭ́ЗКІ,
у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял. надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв. даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.
На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч. тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.
В.П.Панюціч.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́СЯЦ»,
серыя сав. аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Месяца і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для дасягнення паверхні Месяца і мяккай пасадкі на яе, вываду на калямесяцавую арбіту, транспарціроўкі месяцавых самаходных апаратаў, вяртання на Зямлю і інш.
«М.-1» (запуск 2.1.1959) — першая ў свеце АМС, запушчаная ў бок Месяца, першы штучны спадарожнік Сонца. «М.-2» (запуск 12.9.1959) упершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца (14.9.1959). «М.-3» (запуск 4.10.1959) перадала на Зямлю фотаздымкі адваротнага боку Месяца (7.10.1959). «М.-9» (запуск 31.1.1966) здзейсніла мяккую пасадку на паверхню Месяца (3.2.1966). «М.-10» (запуск 31.3.1966) — першы штучны спадарожнік Месяца. «М.-16» (запуск 12.9.1970) даставіла месяцавы грунт на Зямлю; гэта ж зрабілі «М.-20» і «М.-24». «М.-17» (запуск 10.11.1970) даставіла на Месяц месяцавы самаходны апарат («Месяцаход-1»); гэта ж зрабіла «М.-21» з «Месяцаходам-2». Усяго ў 1959—76 запушчаны 24 «М.».
У.С.Ларыёнаў.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНІЦКАЯ ВАЙНА́ 90—88 да н.э. (паводле інш. звестак 91—88),
вайна паўстаўшых італійскіх плямён супраць Рымскай рэспублікі. Прычынай вайны стала адмова рым. сената даць правы рым. грамадзянства італійскім саюзнікам. Паўстанцы стварылі саюз «Італія» з цэнтрамі ў гарадах Карфіній і Бавіянум на чале з Саветам пяцісот. Іх армія дасягала 200 тыс. чал. у 90 да н.э. Першым супраць рымлян выступіла італійскае племя марсаў (таму С.в. часам наз. Марсійскай). Вайна ішла з пераменным поспехам. Рымляне вымушаны былі даць правы грамадзянства ч. італікаў, якія не ўдзельнічалі ў вайне (практычна этрускам і умбрам). У 89 да н.э. яны абяцалі зрабіць гэта і ў адносінах да паўстанцаў, якія складуць зброю на працягу 60 дзён. Гэта раскалола рады паўстанцаў. Летам 88 да н.э. супраціўленне італікаў было зломлена. У выніку С.в. ўсё свабоднае насельніцтва Італіі атрымала, хоць і з абмежаваннямі, правы рымскага грамадзянства.
Літ.:
Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;
Göhler J. Rom und Italien. Breslau, 1939.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКА (галанд. bank),
водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.
т. 2, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ВАР, вінакурня, вінакурны завод,
традыцыйнае вытв. збудаванне, дзе варылі піва, гналі гарэлку.
На Беларусі вядомы з 16 ст. ў замках, сядзібах (звычайна размяшчаліся каля рэк, сажалак, зрэдку ў дварах), пры корчмах і аўстэрыях. Найчасцей гэта былі вял. драўляныя будынкі, накрытыя драніцай або гонтай, з мураванымі печамі ўнутры. Нярэдка ў склад бровара уваходзілі саладоўня з сушыльняй, варыўня, лазня, жыллё.
т. 3, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),
сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РТЫ,
героі стараж. эпічных паданняў (нарцкага эпасу) многіх горскіх каўк. народаў. Як правіла, гэта магутныя воіны-асілкі, якія змагаюцца супраць сіл зла, але займаюцца і мірнай працай, носьбіты пазітыўнага пачатку. Яны ўступаюць у цесныя (часам сваяцкія) адносіны з багамі, што прымаюць непасрэдны ўдзел у іх гераічных здзяйсненнях. Некаторыя Н. змагаюцца супраць злых багоў і перамагаюць іх.
т. 11, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́МЕТР y тэхніцы, фізічная велічыня, якая з’яўляецца істотнай характарыстыкай тэхн. сістэмы, з’явы, працэсу. У мех. сістэмах П. — гэта маса, каэф. трэння, момант інерцыі і інш. З эл. П. найб. характэрныя супраціўленне, індуктыўнасць, ёмістасць, сіла току, напружанне. П. цеплавых працэсаў — цеплаёмістасць, цеплаправоднасць і інш. П. бываюць пастаянныя і пераменныя (залежаць ад часу і сістэмы каардынат), сканцэнтраваныя і размеркаваныя.
т. 12, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)