ЗАМО́ЙСКІ ((Zamoyski) Ян) (19.3.1542, Скокаўка, каля г. Замасць, Польшча — 3.6.1605),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гуманіст. Канцлер вялікі каронны (з 1578), адначасова гетман вялікі каронны (з 1581). Вучыўся ва ун-тах Парыжа, Рыма, Падуі (у апошнім у 1563 рэктар). Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую каралеўскі сакратар (з 1565). Праціўнік Габсбургаў, падтрымаў абранне каралевай Ганны Ягелонкі. Спрыяў узвядзенню на трон Стафана Баторыя, быў яго бліжэйшым паліт. дарадцам; пры кіраванні ўнутр. і знешняй палітыкай імкнуўся да ўзмацнення каралеўскай улады. Пасля смерці Баторыя падтрымаў Жыгімонта Ш Вазу; быў праціўнікам яго прагабсбургскай палітыкі і ў 1605 узначаліў апазіцыю. Заснаваў г.Замасць (1580), Замойскую ардынацыю (1589), Замойскую акадэмію (1595).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́ЛЕ ((Montale) Эўджэніо) (12.10. 1896, г. Генуя, Італія — 12.9.1981),
італьянскі паэт. Першыя зб-кі «Ракавіны каракаціцы» (1925), «Выпадковасці» (1939) створаны пад уплывам герметызму з яго матывамі тугі, трывогі, адчужанасці і адзіноты. Пошукі выйсця за межы песімізму, антыфаш. і грамадз. тэматыка ў цэнтры зб-каў «Фіністэрэ» (1943), «Бура і іншыя вершы» (1956). У зб-ках «Сатура» (1972) і «Сшытак за чатыры гады» (1977) спалучэнне гуманіст. матываў з сац. іроніяй. Паэтыцы М. ўласціва яснасць і канкрэтнасць, нетрадыц. вобразнасць, лірычны ўнутр. маналог. На бел. мову асобныя яго творы перакладалі Р.Барадулін, М.Стральцоў, А.Шаўня. Нобелеўская прэмія 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),
англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ.нар.т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ (Сымон) (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),
дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,
сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксама міжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст.паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкіміжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст.Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),
рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АНСССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НХТАН (Melanchthon; сапр.Шварцэрд; Schwarzerd) Філіп
(16.2.1497, г. Брэтэн, Германія — 19.4.1560),
нямецкі гуманіст, пратэстанцкі тэолаг, рэарганізатар школьніцтва ў Германіі. Вучыўся ў Гайдэльбергу і Цюбінгене. З 1518 праф. Вітэнбергскага ун-та. Яго лекцыі далі пачатак рэформе школьніцтва, заснаванай на гуманістычных ідэалах выхавання чалавека, за што ён празваны «настаўнікам Германіі». З 1519 прыхільнік М.Лютэра, адзін з тэарэтыкаў лютэранства, асн. палажэнні якога выклаў у працах «Агульныя прынцыпы тэалогіі» (1521, першы пратэстанцкі катэхізіс), «Кароткі выклад хрысціянскага вучэння» (1524), «Аўгсбургскае вызнанне» (1530). Пасля смерці Лютэра (1546) узначаліў лютэранскі рух, адзін з ініцыятараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. У адрозненне ад Лютэра прызнаваў неабходнасць добрых учынкаў і ўзаемадзеяння свабоднай волі чалавека з Божай ласкай, што парадзіла супраць яго апазіцыю ў колах фанатычных прыхільнікаў Лютэра.