«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,
бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДВА АГНІ́»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.
Я.Р.Вількін.
т. 6, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́СА»,
«Ляда», бел. нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
А.Ю.Лозка.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Жаніцьба Цярэшкі» (гульня) 4/406; 9/339
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Гарадкі (гульня) 3/348—349; 10/12
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Цыган» (абрад. гульня) 1/32; 4/545
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма і г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Я.Р.Вількін.
т. 3, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЫ́,
бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ «НА КРЫЖЫ́»,
бел народная старт. гульня. Нагадвае грэка-рымскую барацьбу. Праціўнікі абхопліваюць адзін аднаго, і той, хто паваліць саперніка на зямлю, — пераможца. Падножкі, штуршкі не дазваляюцца.
т. 2, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)