РЭ́СЛІНГ (ад англ. wrestling барацьба),
спартыўныя адзінаборствы, у якіх адзін з сапернікаў імкнецца вымусіць другога дакрануцца плячыма да дывана на падлозе («пакласці на лапаткі»). Налічваецца больш за 50 разнавіднасцей Р. (вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, сумо і інш.). Барцы карыстаюцца прыёмамі ў межах правілаў для кожнага віду барацьбы. Адзін з асн. прыёмаў — захват, які дазваляе ўтрымліваць саперніка і кантраляваць яго рухі.
Вядомы са стараж. часоў. Паядынкі паміж барцамі ўваходзілі ў праграму Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі з 708 да н.э. З 1921 аматарскі Р. аб’ядноўвае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (FILA). У праграму сучасных Алімп. гульняў уваходзяць грэка-рымская і вольная барацьба. Па асобных відах Р. штогод праводзяцца чэмпіянаты свету. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца з 1988. Паядынкі паміж прафесіяналамі адбываюцца звычайна на рынгу накшталт баксёрскага.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.
Я.У.Новікаў.
т. 10, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,
бел. рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.
Г.В.Бабкін.
т. 5, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803 1807, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.
С.В.Казуля.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖЫ́ДАЎ (Камандар Бафалі-аглы) (н. 17.10.1961, г. Дманісі, Грузія),
бел. спартсмен (грэка-рымская барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1984). Скончыў БДУ (1989). З 1994 гал. трэнер зборнай каманды Беларусі. Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул) у лёгкай вазе. Чэмпіён свету (1986, 1989); сярэбраны прызёр (1987, 1993). Чэмпіён Еўропы (1984—85, 1991); бронз. прызёр (1993). Уладальнік Кубка свету (1983, 1991).
т. 9, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Н,
пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ν («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел. графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІ (саманазва славацы),
народ, асн. насельніцтва Славакіі (4,5 млн. чал., сярэдзіна 1990-х г.). Жывуць таксама ў ЗША (530 тыс. чал.), Чэхіі (390 тыс. чал.), Венгрыі (80 тыс. чал.), Сербіі (67 тыс. чал.), Канадзе (25 тыс. чал.), Польшчы і Румыніі (па 22 тыс. чал.).
Гавораць на славацкай мове. Вернікі пераважна католікі, ёсць пратэстанты і грэка-католікі.
т. 14, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі,
персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.
т. 1, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К,
дванаццатая літара беларускага алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай К («кака»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Κ («капа»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «к», «к’» («камень», «кислый»). Мела таксама лічбавае значэнне «дваццаць». У пач. 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя заднеязычныя зычныя гукі «к», «к’» («клопат», «крохкі» — «крохк’і», «ракіта» — «рак’іта»).
А.М.Булыка.
т. 7, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЫ́ГІН (Ігар Уладзіміравіч) (н. 6.6.1956, г. Лентварыс Тракайскага р-на, Літва),
бел. спартсмен (грэка-рымская барацьба, вагавая катэгорыя да 90 кг). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978), засл. майстар спорту СССР (1981). Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). Чэмпіён свету (1981, Осла, Нарвегія), Еўропы (1980; г. Пр’евідза, ЧССР), СССР (1980). Уладальнік Кубка свету (1981, Балгарыя). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)