палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЗАРЭ́ЙЦЫ»
(ням. Nazarener ад месца нараджэння Хрыста — г. Назарэт),
іранічная назва групоўкі мастакоў «Саюз святога Лукі». Засн. ў Вене ў 1809. Прадстаўлялі кансерватыўны кірунак ням.рамантызму. З 1810 «Н.» (П.Карнеліус, Ф.Овербек, І.Конрад Готынгер, Ф.Пфор, І. і Ф.Фейты, Л.Фогель, Ю.Шнор фон Каральсфельд, В. і Р.Шадавы і інш.) працавалі ў Рыме, дзе вялі жыццё на ўзор сярэдневяковых рэліг. абшчын у манастыры Сан-Ісідора, які пуставаў. «Н.» выступалі супраць інтэрнацыянальнага позняга класіцызму, імкнуліся да эклектычнага аднаўлення рэліг. манумент. мастацтва ў духу майстроў сярэднявечча і Ранняга Адраджэння (пераважна А.Дзюрэра, П.Перуджына, Анджэліка і ранняй творчасці Рафаэля). У 1820—30-я г.групоўка «Н.» распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,
групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.Ганчарова, К.Малевіч, А.Маргуноў, В.Татлін, А.Фанвізін, М Шагал, А.Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.
Літ.:
«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАНДЫ́СТЫ, брысоцінцы,
палітычная групоўка перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вылучыліся ў 1791—92 як левая меншасць (136 дэп.) Заканад. сходу. Лідэры: шэраг дэпутатаў ад дэпартамента Жыронда (адсюль назва), у т. л. П.В.Верньё, Ж.П.Брысо, А.Кандарсэ і інш. Абапіраліся на буйную і ч. сярэдняй гандл.-прамысл. буржуазіі. Выступалі за актыўную знешнюю палітыку і поўную свабоду гандлю, супраць дваранска-раялісцкай контррэвалюцыі. Пасля прыходу да ўлады ў выніку звяржэння манархіі 10.8.1792 перайшлі на кансерватыўныя пазіцыі, складалі правае крыло Канвента, спаборнічалі з мантаньярамі (гл.Гара). Да кастр. 1792 многія Ж. ўваходзілі ў Якабінскі клуб. Страцілі ўладу ў выніку нар. паўстання ў Парыжы 31.5—2.6.1793; у кастр. 1793 частка Ж. пакарана смерцю. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 далучыліся да контррэвалюцыянераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА, Белорусское общество,
групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.М.Саланевіч, з жн. 1911 П.В.Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел.нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЦА (Аляксей Пятровіч) (н. 9.5.1924, в. Пішчыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, з 1957 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1969 у Мінскім пед. ун-це. Даследуе бел. дыялекталогію, гіст. граматыку і лексікалогію бел. і рус. моў, лексіку Я.Коласа. Аўтар працы «Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове» (1970). Адзін з аўтараў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—15, 1982—96; акрамя вып. 4—6, 10—11), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (у 5 т., т. 1—4, 1993—97). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», 1963, «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», 1968—69) Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),
ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.
Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял.Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл.Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл.Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГІ,
1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш.паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.
2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,
палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.