АБАШЫ́ДЗЕ (Грыгол Рыгоравіч) (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),

грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛДЫЯШВІ́ЛІ (Давід Самсонавіч) (23.9.1862, в. Сіманеты Тэржольскага р-на, Грузія — 24.4.1931),

грузінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Грузіі (1930). Друкаваўся з 1885. У аповесцях «Саламон Марбеладзе» (1894), «Мачыха Саманішвілі» (1897), «Нягоды сям’і Камушадзе» (1900) рэалістычна паказаў жыццё, побыт народа Зах. Грузіі, дэградацыю тагачаснага дваранства. П’есы К. «Шчасце Ірыны» (1897), «Нягоды Дарыспана» (1903), «Бяда» (1914) прасякнуты гумарам, адметныя каларытнымі нац. характарамі. Аўтар мемуараў «На маім жыццёвым шляху» (1925).

Тв.:

Рус. пер.Соч. T. 1—2. Тбилиси, 1950—52;

Избранное. Тбилиси, 1956.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ДЗЕ (Карло Раждзенавіч) (29.3.1904, г. Кутаісі, Грузія — 11.12.1988),

грузінскі паэт, драматург. У зб-ках вершаў «Хертвіскія досвіткі» (1937), «У родным краі» (1949), «На беразе Чорнага мора» (1962), «Думы» (1970) тэмы станаўлення сацыяліст. рэчаіснасці, нараджэння новай псіхалогіі, маляўнічыя карціны груз. прыроды. Аўтар п’ес «Як гэта было» (1929), «Дом на беразе Куры» (паст. 1931), «Хатыджэ» (паст. 1929), «Камедыя адной ночы» (паст. 1945) і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У Карызна, В.​Лукша, К.​Цвірка, В.​Шымук.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭЛА́ДЗЕ (Апалон Караманавіч) (6.1.1900, г. Цулукідзе, Грузія — 25.6.1972),

грузінскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1970). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Скончыў Тбіліскую АМ (1926), з 1943 выкладаў у ёй (з 1946 праф., з 1959 дырэктар). Для твораў характэрна эмацыянальнасць, напружаныя колеравыя кантрасты, дынамічнасць мазка: «Сярго Арджанікідзе заклікае горцаў на абарону г. Грозны» (1938), «Радасны ўраджай» (1953), «На чайных плантацыях Грузіі» (1957), «Збор вінаграду» (1961), «Паляванне царыцы Тамары» (1970).

А.Кутатэладзе. Сярго Арджанікідзе заклікае горцаў на абарону г. Грозны. 1938.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕЛІЯ́НІ (Атар Давідавіч) (н. 2.2.1934),

грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1984). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). Паставіў фільмы: «Лістапад» (1968), «Жыў пеўчы дрозд» (1971), «Пастараль» (1982), «Фаварыты месяца» (1984), «І стаў свет», «Пажар, убачаны здалёк» (абодва 1989). Творчай манеры характэрны паэт. назіранне рэальнасці, уменне перадаць атмасферу дзеяння; у апошніх работах адчуваецца прытчавы пачатак. Прызы міжнар. кінафестываляў у Зах. Берліне (1982), Венецыі (1984) і інш.

Літ.:

Церетели К. Трилогия Отара Иоселиани // Кинопанорама. М., 1981. Вып. 3.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБАШВІ́ЛІ (Георгій) (Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),

грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.​Чаўчавадзе, Н.​Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.

Літ.:

Дудучава М.И. Гиго Габашвили. М., 1958.

Г.Габашвілі. Трое гараджан. 1893.

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМСАХУ́РДЫЯ (Звіяд Канстанцінавіч) (1939—1.1.1994),

грузінскі дзярж. і паліт. дзеяч, паэт, белетрыст. Сын К.Гамсахурдыя. Скончыў Тбіліскі ун-т. Канд. філал. н. З 1950-х г. уключыўся ў грамадска-паліт. дзейнасць, праследаваўся ўладамі, у 1977—79 рэпрэсіраваны. Працаваў у Ін-це груз. л-ры імя Ш.​Руставелі. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета Грузіі, у крас. 1991 — студз. 1992 прэзідэнт Рэспублікі Грузія; адхілены ад улады паводле рашэння Ваен. савета Рэспублікі Грузія і пакінуў краіну. Аўтар навук. прац, перакладаў зборнікаў вершаў, баек і інш.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЫЯ́НІ (Шалва Мікалаевіч) (21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),

грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз. драм. т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭ́ЛІ (сапр. Кутатэладзе) Аляксандр Мікалаевіч

(6.9.1897, г. Кутаісі, Грузія — 15.5.1982),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1920—25). Друкаваўся з 1924. Аўтар п’есы «Гадзюка Хірсэ» (1924), зб-каў «Вершы» (1937 і 1941), кн. навел «Байцы» (1942). Найб. буйны твор — раман-тэтралогія «Тварам у твар» (кн. 1—4, 1933—52, новая рэд. на рус. мове 1957—58) пра станаўленне сав. улады ў Грузіі. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Броўка.

Тв.:

Бел. пер. — Тварам у твар: Раман. Мн., 1936.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫТАШВІ́ЛІ (Берытаў) Іван Саламонавіч

(10.1.1885, в. Веджыні, Сігнахскі р-н, Грузія — 30.12.1974),

савецкі грузінскі фізіёлаг; заснавальнік груз. школы фізіёлагаў. Акад. АН СССР (1939), АН Грузіі (1941), АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1915 у Новарасійскім (Адэса), з 1919 у Тбіліскім ун-тах. З 1941 дырэктар, з 1951 навук. кіраўнік Ін-та фізіялогіі АН Грузіі. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і вышэйшай нерв. дзейнасці. Даследаваў фізіялагічныя, псіхал. і фіз.-хім. асновы памяці. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)