у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАЛЫ́ГА Уладзімір Самойлавіч
(н. 1.4.1940, г. Слуцк),
бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.С.Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.
Літ.:
Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГА,
1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля І-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
Да арт. Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.Пахалавіцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́Ў Сяргей Пятровіч
(н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг.муз. часткі Бел. т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАЛЫ́ГА Міхаіл Самуілавіч
(н. 1.5.1942, г. Слуцк),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аформіў альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (1972), кнігі М.Танка «Хай будзе святло» і «Ключ жураўліны» (1972, усе з У.С.Басалыгам), «Ave Maria» (1980), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1982) і «Курган» (1987), «Дзень міру» (зборнік, 1986), «Веча славянскіх балад» Я.Сіпакова (2-е выд., 1988) і інш. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы лінарыту, афорта, змешанай тэхніцы. У творах станковай графікі звяртаецца ў асноўным да гіст. тэмы. У серыю каляровых аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы» ўваходзяць: трыптых «Грунвальдская бітва», «Бітва з татарамі» (абодва 1989), трыптых «Бітва пад Оршай» (1992), «Давыд Гарадзенскі», «Леў Сапега» (абодва 1994); каляровыя літаграфіі «Рагнеда» (1990), «Мінскі замак» (1991); партрэты «Юрый Алелька», «Аляксандр Алелька» (абодва 1989), «Сафія Юр’еўна Алелька» (1995) і інш. Творы з дасканалым маст. веданнем гіст. побыту і касцюма на Беларусі адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў мінулыя стагоддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКРУГО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА КРАЯЗНА́ЎСТВА.
Існавала ў 1924—32. Мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю ведаў па гісторыі, культуры, прыродзе і эканоміцы краю. Складалася з секцый: культурна-гіст., маст., мовы і побыту, прыродазнаўчай, эканам., яўрэйскай; спец. камісія рыхтавала бібліяграфію і бібліягр. слоўнік дзеячаў Віцебшчыны. Адзін са стваральнікаў і першы старшыня праўлення М.І.Каспяровіч. Члены т-ва: краязнаўцы М.Багародскі, А.Брадоўскі, У.Краснянскі; архівіст Б.Брэжга, мастакі З.Гарбавец, Я.Мінін, Ю.Пэн, М.Эндэ, скульптары З.Азгур і М.Керзін, арх. Ц.Кібардзін, мастацтвазнаўцы І.Фурман і І.Гаўрыс; кампазітары М.Анцаў і А.Поснікаў; батанікі У.Адамаў, Л.Нікольскі і інш. Мела раённыя аддзяленні ў Бешанковічах, Высачанах, Гарадку, Езярышчы, Лёзне, Сіроціне, Сянне, Суражы, Чашніках. У многіх нас. пунктах працавалі краязнаўчыя гурткі. Т-ва арганізоўвала лекцыі, экскурсіі, канферэнцыі, вечары бел. песні, экспедыцыі па збіранні і вывучэнні бел.нар. мастацтва і фальклору, стварала музеі. Выдала больш за 10 кніг і брашур, у т. л. «Беларуская архітэктура» Каспяровіча, «Новая беларуская літаратура» А.Багдановіча, «Крашаніна» Фурмана (усе 1925), «Гравюры на дрэве» Гарбаўца (1927), зб-кі «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). Пераемнік т-ва — Віцебскае гар. бюро краязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ БІ́БЛІЯ, Радзівілаўская біблія,
помнік польскамоўнага кнігадрукавання на Беларусі. Выдадзена ў 1563 у адной з Брэсцкіх друкарняў на сродкі М.Радзівіла Чорнага, старосты берасцейскага. Адно з лепшых выданняў на той час у ВКЛ і Польшчы. Мае назву «Біблія святая, гэта значыць Кніга Старога і Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай нанава на польскую мову са стараннасцю і дакладна перакладзеная». Амаль на кожнай старонцы на палях каментарыі да тэксту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік У пратэстанцкай па накіраванасці прадмове тлумачацца прынцыпы і асаблівасці перакладу, адзначаецца, што за ўзор узята Біблія на франц. мове.
Брэсцкая біблія — вялікі фаліянт, апраўлена ў скураную вокладку з малюнкамі і графічным афармленнем. Выдадзена фарматам «у ліст», мае 738 старонак. Асобныя гравюры паводле кампазіцыі і малюнка, асобных дэталяў узыходзяць да гравюр Ф.Скарыны. Тэкст надрукаваны гатычным шрыфтам у 2 калонкі па 58 радкоў у кожнай. Экзэмпляры Брэсцкай бібліі зберагаюцца ў Дзярж. публічнай б-цы ў Маскве, Цэнтр. б-цы АН Літвы і ў Ягелонскай б-цы ў Кракаве, няпоўны экз. — у Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІРАВА́ННЕ
(ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),
выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш.спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.
На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ, адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в.Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 х 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.