«Витебские губернские ведомости» (газ.) 3/105—106, 290; 4/76, гл. «Витебский голос»
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛАЎ (Барыс Абрамавіч) (10.10.1882, в. Мікуліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1943),
удзельнік рэв. руху, публіцыст. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай у Віцебску сасланы ва Усх. Сібір. З 1904 вёў парт. работу ў Пецярбургу, Мікалаеве, Днепрапятроўску, Маскве, Екацярынбургу. У 1909—11 слухач парт. школы ў Ланжумо (Францыя). За рэв. дзейнасць 4 разы арыштаваны, каля 10 гадоў правёў на катарзе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. і сав. рабоце ў Віцебску, Маскве. Удзельнік грамадз. вайны. У 1924—25 на сав., гасп. і дыпламат. рабоце. Чл.ВЦВК у 1918—19. Аўтар брашур і артыкулаў пра рэв. рух і Кастр. рэвалюцыю 1917. Рэпрэсіраваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш.нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ.«Витебский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛДАГАЛІ́ЕЎ (Джубан) (5.10.1920, с. Жыланды Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 6.10.1988),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Уральскі с.-г. тэхнікум (1940). Друкаваўся з 1939. Першы зб. вершаў і паэм «Песні перамогі» (1949). У кнігах паэзіі «Светлы шлях» (1951), «Пульс часу» (1963), «Закаханымі вачыма» (1964), «Стагоддзі і імгненні», «Пазбаўлены кайданоў» (абодва 1969, за апошні Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1970), «Арліны стэп» (1974) і «Сель» (1977, за абодва Дзярж. прэмія СССР 1978), «Ступені Байканура» (1977) і інш. асэнсаванне гіст. лёсу каз. народа, духоўнае станаўленне асобы, эпічная шматпланавасць, спалучаныя з лірызмам і паэт. вобразнасцю. Пераклаў на каз. мову вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Зуёнак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, У.Шахавец, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),
рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз.літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.Гартнага, А.Гурло, Ф.Чарнушэвіча, Ф.Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел.літ. руху 1920-х г., творчасць А.Александровіча, А.Бабарэкі, А.Дудара, У.Дубоўкі, Я.Пушчы, К.Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.Купалам, Ц.Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬТЭБРА́НТ (Пётр Андрэевіч) (8.5.1840, в. Пер’і Разанскай вобл., Расія — 12.12.1905),
рускі археограф, этнограф, фалькларыст, гісторык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—62). Працаваў у пецярбургскай газ. «Голос», з 1895 пам. архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва стараж. актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. Пры абследаванні нясвіжскага архіва Радзівілаў выявіў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў з каментарыямі Тураўскае евангелле. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў артыкулы па нар. творчасці, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. З матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выдаў «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1866; 300 песень, 151 прыказка, 93 загадкі), у прадмове да якога выявіліся шавініст. і антысеміцкія настроі аўтара. Бел. фальклорны матэрыял, які Гільтэбрант збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Нац.Рас. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 37—38;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХАН (Дарафей Дарафеевіч) (4.2.1878, Мінск — 1942),
рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ.«Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял.Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел.нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).
Літ.:
Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;
Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;
Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;
Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр.Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАС,
1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес.муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.
2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.
3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.
4) Матыў, мелодыя песні.
Літ.:
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;