КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,

геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач. дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс. м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.

Т.​В.​Якубоўская.

Да арт. Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),

навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл. Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.

Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал. ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.​Элі дэ Бамон, А.​Браньяр (Францыя), Л.​Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.​Гетан (Вялікабрытанія), А.​Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл. Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.​Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.​Ог, А.​П.​Паўлаў, Ф.​Дж.​Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.

На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.​Э.​Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал. ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял. Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел. навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.​А.​Багіна, Г.​І.​Ількевіч, П.​А.​Леановіч, В.​І.​Пасюкевіч, П.​З.​Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д. геал. работы праводзяць ВА «Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац. АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж. ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел. нац. камітэт геолагаў. Асн. перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.

Літ.:

Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ. М., 1984;

Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ. Л., 1986;

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр. Мн., 1988;

Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;

Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.

А.​А.​Махнач.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст. тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.

У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.​Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.​Кюўе і А.​Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.​Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.​Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.

На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр. краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, Г.​І.​Кедо, С.​С.​Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.

Літ.:

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі: (Падарожжа ў нетры Беларусі). Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.

На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс. км². Нас. 18,6 тыс. чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.

Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 50,3 тыс. га, з іх асушаных 17,4 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХРАНАЛО́ГІЯ (ад геа... + храналогія),

геалагічнае летазлічэнне, вучэнне аб узросце і храналагічнай паслядоўнасці фарміравання горных парод зямной кары і геал. падзей у гісторыі Зямлі. Адрозніваюць адносную і абсалютную геахраналогію.

Адносная геахраналогія вызначае адносны ўзрост слаістых асадкавых, вулканічных (лаў) і піракластычных парод. У яе аснове прынцып паслядоўнасці напластаванняў, прапанаваны ў 17 ст. Н.​Стэна (Данія), паводле якога ў непарушных асадкавых тоўшчах вышэйляжачы пласт заўсёды маладзейшы за ніжэйляжачы. Адносны ўзрост некаторых горных парод вызначаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. У.​Смітам (Вялікабрытанія) і Ж.Кюўе. Пра адносны ўзрост асадкавых тоўшчаў мяркуюць па выкапнёвых рэштках раслін і жывёл (вывучае палеанталогія). Узрост інтрузіўных і інш. неслаістых тоўшчаў вызначаюць па суадносінах са слаістымі. Паслядоўнасць напластавання горных парод даследуе стратыграфія, паводле яе даных і звестак палеанталогіі распрацавана геахраналагічная шкала, якая адлюстроўвае паслядоўнасць геал. гісторыі і развіцця жыцця на Зямлі. У гісторыі Зямлі вылучаюць 2 найб. геахраналагічныя этапы (эоны) — крыптазой і фанеразой. Крыптазойскі эон, які доўжыўся каля 4 млрд. гадоў, падзяляюць на 2 эры — архей (архейскую) і пратэразой (пратэразойскую). Фанеразойскі эон працягваўся 570 млн. гадоў, яго складаюць 3 эры — палеазойская, мезазойская і кайназойская, у якіх вылучаюць 12 перыядаў (ад кембрыйскага да чацвярцічнага). Кожны перыяд падзяляюць на 2 ці 3 эпохі (напр., ранне-, сярэдне- і познадэвонскія, міяцэнавая і пліяцэнавая ў неагенавым перыядзе), а кожную эпоху — на вякі (напр., кімерыйскі і акчагыльскі вякі пліяцэнавай эпохі). Кожнаму падраздзяленню геахраналагічнай шкалы адпавядае адзінка стратыграфічнай шкалы (эры — група, перыяду — сістэма, эпосе — аддзел, веку — ярус). Абсалютная геахраналогія (ядзерная, ізатопная, радыеметрыя) вызначае ўзрост горных парод і мінералаў у адзінках астр. часу (звычайна ў млн. гадоў); з’яўляецца часткай геахіміі. У пач. 20 ст. П.Кюры і Э.Рэзерфард прапанавалі выкарыстаць радыеактыўны распад хім. элементаў для вызначэння абс. ўзросту горных парод і мінералаў. Першыя вызначэнні паводле намнажэння свінцу ў мінералах зрабіў у 1907 амер. вучоны Б.​Болтвуд (Канада). У даследаваннях па абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць доўгажывучыя радыеактыўныя элементы пры дапушчэнні, што скорасць іх распаду на працягу гісторыі Зямлі заставалася нязменнай. Вымярэнні праводзяць па суадносінах у мінералах і горных пародах (або ў арган. рэчыве) колькасці мацярынскіх радыеактыўных элементаў і стабільных прадуктаў іх распаду. Найб. пашыраныя метады абс. геахраналогіі — свінцовы (уран-торый-свінцовы), калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, а таксама радыевугляродны, фторыевы і інш. Даныя абс. геахраналогіі выкарыстоўваюць для ўдасканалення геахраналагічнай і стратыграфічнай шкал. Метады абс. геахраналогіі развіваюцца, на іх выніках грунтуецца гіст. геалогія, палеагеаграфія, палеатэктоніка, планеталогія і інш. Выяўлена, што найб. стараж. пароды Зямлі маюць узрост каля 3,5 млрд. гадоў. З іх дапамогай вызначаны ўзрост Месяца, метэарытаў, розных геал. фармацый, эпох магматызму, рудаўтварэння, метамарфізму і інш.

На Беларусі метады абсалютнай геахраналогіі развіваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі з 1970-х г. Даследаванні вядуцца радыевугляродным (​14C) метадам (Л.​М.​Вазнячук, А.​І.​Зімянкоў, І.​Л.​Коласаў). Распрацавана геахраналогія позняга антрапагену ў межах дасягальнасці радыевугляроднага метаду (50 тыс. г.). Атрыманы датаванні ў інш. краінах (Расіі, Украіне і інш.) для горных парод тэр. Беларусі — паводле уран-свінцовага ізахроннага метаду ўзрост парод крышт. фундамента (архей — ніжні пратэразой) у межах 2580—1700 млн. гадоў, паводле калій-аргонавага метаду верхнедэвонскія вулканічныя пароды ўтварыліся 358—354 млн. г. назад, паводле глаўканітавага метаду марскія адклады ніжняга алігацэну — каля 38 млн. г. назад.

Літ.:

Геохронология СССР. Т. 1—3. Л., 1973—74;

Шкала геологического времени: Пер. с англ. М., 1985;

Найденков И.В. Проблемы геологии раннего докембрия // Літасфера. 1995. № 2.

А.​С.​Кручак.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),

геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.

Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.

Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд. т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).

Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл. Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г. н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.

На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).

Літ.:

Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.

Г.​У.​Зінавенка.

Да арт. Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.
Да арт. Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)