адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.
Да арт.Герацкая школа. Мірак Накаш. У лазні. Ілюстрацыя з рукапісу «Хамсе» Нізамі 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в. Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).
Тв.:
Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.
Літ.:
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22°паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт.хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На З Азіі, паміж зал. Суэцкім і Акаба Чырвонага м.; тэр. Егіпта. Пл. каля 25 тыс.км². На Пд горы, складзеныя з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў (выш. да 2637 м, г. Катэрын — вышэйшы пункт Егіпта). На Пн паверхня зніжаецца да 500—1000 м. Пераважаюць моцна расчлянёныя камяністыя плато Эгма і Эт-Тых і пласкагор’і. Уздоўж Суэцкага зал. — вузкая пясчаная нізіна. Паўпустыні і пустыні. Радовішчы нафты (Судр, Абу-Рудайс, Эт-Тур), марганцавай руды (Ум-Бугма). Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага, гарачы, сухі. Ападкаў менш за 50 мм за год. Густая сетка вадзі. Расліннасць разрэджаная пустынная (паўхмызняковая і травяністая). Па сухіх рэчышчах калючыя хмызнякі і асобныя дрэвы. Качавая жывёлагадоўля, аазіснае земляробства (вырошчванне фінікавай пальмы, ячменю, проса, кукурузы). На С.п. знаходзіцца манастыр св. Кацярыны — помнік архітэктуры і мастацтва, засн. ў 4 ст. (найбагацейшы збор твораў візант. мастацтва, сярэдневяковыя рукапісы, хрысц. абразы 6 ст. ў тэхніцы васковага жывапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́НКІ,
абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш.слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.
На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТЫК (малайскае),
тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.Дзёмкінай, С.Абрамовіч, Т.Паплаўскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАРА́ШТРА,
штат у Індыі, на ПнЗ п-ва Індастан. Пл. 307,7 тыс.км². Нас. больш за 80 млн.чал. (1997), пераважна народ маратхі (77%). Адм., эканам. і культ. цэнтр, буйнейшы горад і порт — г.Бамбей. Тэр. М. ўключае паўн.-зах.ч. Дэканскага пласкагор’я (выш. 300—700 м), хр.Зах. Гаты (да 1038 м), вузкую нізіну на ўзбярэжжы Аравійскага м. Клімат мусонны, гарачы, вільготны на ўзбярэжжы (2000—3000 мм ападкаў штогод), больш засушлівы ва ўнутр. раёнах (600—1000 мм). М. — адзін з найб. прамыслова развітых штатаў Індыі. Вядучая галіна — баваўняная прам-сць (выпускае больш за 30% тканін у краіне). Развіты інш. галіны тэкст. вытв-сці, харч. (цукр., алейная, мукамольная і інш.), маш.-буд., хім. і нафтахім. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, марганцу, баксітаў. Каля 50% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бавоўну (каля 20% збору ў краіне), арахіс, інш. алейныя, цукр. трыснёг. Асн.ч. пасяўной плошчы занята збожжавымі культурамі — джаварам (прасяная культура, каля 30% збору ў краіне), пшаніцай, рысам. Пераважае сухадольнае земляробства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна
(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (сапр.Кампаў) Барыс Мікалаевіч
(17.3.1908, Масква — 12.7.1981),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў прамысловы тэхнікум у Цверы (1926). З 1928 журналіст. У Вял.Айч. вайну карэспандэнт «Правды». З 1962 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1927. У «Аповесці пра сапраўднага чалавека» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; аднайм. опера С.Пракоф’ева і фільм, 1948; прататып гал. героя — лётчык А.П.Марэсьеў), раманах «Золата» (1949—50, аднайм. фільм, 1970), «Доктар Вера» (1966, аднайм. фільм, 1968), кнігах апавяданняў «Мы — савецкія людзі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), нарысаў «Ад Белгарада да Карпат» (1944) і інш. — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар аповесці «Гарачы цэх» (1939), цыкла біягр. аповесцей (асобнае выд. 1977), раманаў «Глыбокі тыл» (1958), «На дзікім беразе...» (1962, аднайм. фільм, 1966), зб. апавяданняў «Сілуэты» (1974), дзённікаў ваен. карэспандэнта (у т. л. «У рэшце рэшт. Нюрнбергскія дзённікі», ч. 1—2, 1968; «Гэтыя чатыры гады», т. 1—2, 1974), падарожных нататак «Амерыканскія дзённікі» (1956), «Саянскія запісы» (1964), п’ес, успамінаў і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» пераклаў А.Стаховіч (1951).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Повесть о настоящем человеке. Мн., 1987.
Літ.:
Железнова Н.Л. Настоящие люди Бориса Полевого. М., 1978.