Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ.Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.
польскі гісторык-медыявіст, славяназнавец. Акад. Польскай АН (1956). Скончыў Віленскі ун-т (1923). Д-р габілітаваны (1932), праф. (1934) Віленскага ун-та. З 1945 праф., заг. кафедры, з 1951 дырэктар Ін-та гісторыі Пазнанскага ун-та, заг. аддзела гісторыі Польшчы феад. перыяду Ін-та гісторыі Польскай АН. Аўтар прац пра паходжанне польскай дзяржавы і народнасці. Даследаваў паліт., эканам., ідэалаг. праблемы гісторыі ВКЛ, гісторыю рэлігіі і культуры балцкіх народаў эпохі сярэдневякоўя, працэсы фарміравання дзяржаўнасці ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Вывучаў пытанні гісторыі Беларусі: генезіс Полацкай зямлі, асобу кн.Вітаўта, Крэўскую унію 1385, вайск. попісы ВКЛ у 16 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.П.Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас.дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.А.Вахевічам, перавыдадзены М.М.Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).
Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст.засн.Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.
Акц.т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ.Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНУА́ ((Lannoy) Жыльбер дэ) (1386—22.4.1462),
бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял.кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт.Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас.АН у С.-Пецярбургу.