На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 45,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Любань. Уключае г.п.Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.
Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш.Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 62,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.К.Глаўбіц, каменшчык Б.Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Літ.:
Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;
Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),
выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл.Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; від манументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв.фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.
Найб. стараж. М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г.бел. мастак Н.Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.Васняцова, Р.Гутуза, А.Дайнекі, Г.Клімта, Ф.Лежэ, І.Рабіновіча, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Б.Тальберга, М.Урубеля, Х.Эрні, архітэктара А.Гаўдзі і інш.
На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.Стальмашонак, В.Даўгала), «Інстытут культуры» (В.Чайка, С.Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.Самсонаў) і інш.
А.М.Пікулік.
Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.Да арт.Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.Да арт.Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТЫ І СВЯТО́ЧНЫЯ ДНІ,
замацаваныя звычаямі і абрадамі дні, якія выражаюць пэўныя погляды, адносіны людзей да прыроды і паміж сабою. Многія склаліся ў старажытнасці. У працэсе гіст. развіцця зменьваліся, некат. адміралі, узнікалі новыя. На ранняй стадыі чалавечага грамадства, калі асн. заняткамі людзей было паляўніцтва, рыбалоўства і збіральніцтва, важнае значэнне надавалася святам, што наладжваліся ў гонар татэма, якому пакланяўся род і лічыў сваім апекуном. Татэмныя святы адбываліся ў спец. месцах, дзе захоўваліся родавыя святыні, суправаджаліся песнямі і танцамі, расказамі міфаў пра ўзнікненне роду. Святы ў гонар татэма ў некат. месцах захоўваліся і пасля таго, як род знік. Больш трывалымі і разнастайнымі былі земляробчыя святы. На Беларусі яны з’явіліся пераважна ў бронзавым і жалезным вяках, пастаянна развіваліся і сталі характэрнай рысаю культуры бел. этнасу, яго календара. Першым веснавым святам было гуканне вясны. Яго гал. элемент — спяванне веснавых песень, якімі заклікалі хутчэйшы прыход вясны, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях. Абрадавай ежаю свята было печыва, якое нагадвала птушак. Гал. веснавым святам у земляробаў было валачобнае, якое пазней атрымала назву Вялікдзень. У старажытнасці яно было пачаткам новага каляндарнага года, таму ў час свята выказвалі добрыя пажаданні на ўвесь год. Ім адзначалі таксама пачатак веснавых земляробчых работ. Асн. яго элементы — абход валачобным гуртом усіх двароў (хат), спяванне валачобных песень, віншаванні. Лічылася, што валачобныя абрады спрыяюць ураджаю, дабрабыту сям’і, засцерагаюць ад хвароб. Продкаў паміналі на Радаўніцу. У канцы вясны — пачатку лета, праз сем тыдняў пасля Вялікадня, спраўлялі Сёмуху («зялёныя святкі»). Хаты ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, двары высцілалі аерам. У гэты час у некат. рэгіёнах Беларусі спраўлялі абрад кумавання, або куставы (гл.Куст). Абавязковай абрадавай стравай у час кумавання была яечня. Гал. летнім святам беларусаў было Купалле. Яно звязана з летнім сонцастаяннем і накіравана пераважна на тое, каб садзейнічаць паспяванню ўраджаю. Для яго характэрны ўяўленні, што агонь (вогнішча — сімвал сонца), вада. расліннасць спрыяюць ураджаю, здароўю людзей. З купальскім святам звязаны шматлікія абрады, багатая купальская міфалогія бел. этнасу, у якой адлюстраваны яго паэтычны погляд на прыроду і мары пра шчаслівае жыццё. Купальская міфалогія ўвасоблена ў купальскіх песнях, карагодах, паданнях і займае важнае месца ў нац. культуры беларусаў. Цэнтральнае восеньскае свята — Багач. Яго спраўлялі пасля ўборкі збожжавых культур, напярэдадні сяўбы азімых. Сімвал свята — сявенька з жытам і васковай свечкай, якую называлі багачом. З гэтым сімвалам абыходзілі ўсе двары, пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. З культам продкаў звязаны восеньскія Дзяды. У сярэдневякоўі ў сувязі са зменамі ў календары і пераносам пачатку новага года з вясны на зіму сфарміравалася зімовае свята Каляды. Асн. яго абрад — калядаванне. Яго ўдзельнікі хадзілі па хатах, выконвалі віншавальныя калядныя песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дабрабыту, атрымлівалі за гэта дарункі. Істотны элемент гэтага свята — абрадавая вячэра (куцця). У час свята наладжвалі шматлікія гульні, танцы, забавы («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчур» і інш.), варажбу. З пашырэннем хрысціянства на Беларусі ўсталяваліся і хрысц. святы. Іх спраўляюць паводле царк. календара (правасл. і каталіцкага). Многія земляробчыя каляндарныя святы прымеркаваны да хрысціянскіх (гл.Святы рэлігійныя). Перапляліся даты правядзення хрысц. і земляробчых каляндарных свят і іх абрады. Сінкрэтычны характар у побыце набыла і міфалогія. Са з’яўленнем у сярэдневякоўі на Беларусі яўрэяў і татараў у іх асяроддзі спраўляюць іудаісцкія і мусульманскія святы. Шмат новых свят з’явілася на Беларусі ў 20 ст. Сярод іх дзярж.: Дзень Канстытуцыі (15 сак.), Дзень Перамогі (9 мая), Дзень Дзярж. герба Рэспублікі Беларусь і Дзярж. сцяга Рэспублікі Беларусь (2-я нядзеля мая), Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі — 3 ліп.), Дзень Кастр.сацыяліст. рэвалюцыі — 7 ліст. Адзначаюць таксама Дзень абаронцаў Айчыны і Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лют.), Дзень жанчын (8 сак.), Свята працы (1 мая). З’явілася многа свят, прысвечаных работнікам асобных прафесій, галін прамысловасці і сфер дзейнасці: Дзень работнікаў сац. абароны (5 студз.), Дзень бел. навукі (апошняя нядзеля студз.), Дзень міліцыі (4 сак.), Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі (7 мая), Дзень хіміка (апошняя нядзеля мая), Дзень мед. работніка (3-я нядзеля чэрв.), Дзень будаўніка (2-я нядзеля жн.), Дзень настаўніка (1-я нядзеля кастр.), Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысл. комплексу (3-я нядзеля ліст.) і інш. Апрача гэтых свят, на Беларусі пачалі адзначаць Дзень сям’і (15 мая), Дзень моладзі (апошняя нядзеля чэрв.), Дзень бел. пісьменства (1-я нядзеля вер.), Дзень маці (14 кастр.), Дзень памяці (2 ліст.), Дзень правоў чалавека (10 снеж.) і інш. Нерабочымі святочнымі днямі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца: 1 студз. — Новы год; 7 студз. — Каляды правасл.; 8 сак. — Дзень жанчын; 1 мая — Свята працы; 9 мая — Дзень Перамогі; 3 ліп. — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі); 7 ліст. — Дзень Кастр.сацыяліст. рэвалюцыі; 25 снеж. — Каляды каталіцкія.
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.