ЛЫ́САЯ ГАРА́,

другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч. Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВА́Я АГАРО́ДЖА,

радавая пасадка з кустоў або дрэў са шчыльнымі густымі кронамі аднолькавай вышыні. У зялёным буд-ве Ж.а. выкарыстоўваюць для аховы дарог, зямельных участкаў. агароджвання жылой забудовы, афармлення прысад, бульвараў, сквераў, у паркавых і лесапаркавых кампазіцыях і інш. Яна павінна быць густой, аблісцелай па ўсёй вышыні, мець геаметрычна правільную форму. У дэкар. мэтах Ж.а. рэгулярна падстрыгаюць.

Высокімі (вышэй за 2,5 м) Ж.а., ці зялёнымі сценамі, выдзяляюць кампазіцыйныя цэнтры лесапаркаў, адмяжоўваюць паркі ад вуліцы або плошчы, Сярэднія (выш. 1—2.5 м) робяць у скверах і на бульварах. Нізкімі (ніжэй за 1 м), або бардзюрамі, афармляюць партэры, кветнікі, газоны. паркавыя дарожкі. На Беларусі для стварэння Ж.а. прыдатныя туя, елка звычайная, ліпа, граб, спірэі, барбарыс, біручына, глогі, самшыт і інш.

Жывая агароджа ў Гомельскім парку імя Луначарскага.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЧЭТА́ЎСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр у Казахстане, у паўн.-ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Размешчаны на абс. вышыні ад 200 да 500 м. Найб. вядомыя: Баравое, Шчучае, Зерэнда, Айдабул, Вял. і Малое Чэбачае і інш. Узровень і плошча зменлівыя. На перашыйку паміж воз. Баравое і Вял. Чэбачае — курорт Баравое.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЖ,

лінейна выцягнутае ўзгоркавае ўзвышша з мяккімі акруглымі абрысамі грэбеня і вяршынь. Звычайна гэта рэшткі стараж., моцна разбураных, а затым крыху прыўзнятых горных хрыбтоў. Адносныя вышыні К. — дзесяткі, радзей некалькі сотняў метраў, якія ўзвышаюцца над навакольнымі раўнінамі ў выглядзе грады або горнага ланцуга (напр., Данецкі К., Ціманскі К.).

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл. Анероід) і манаметрычную (гл. Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.​К.​Радзівіла, Е.​Булгака і А.​Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.

Т.​В.​Габрусь.

Клецкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАБНАСО́ПАЧНІК,

арыдна-дэнудацыйны тып рэльефу, які ўяўляе сабой узгоркі і групы ўзгоркаў (50—100 м адноснай вышыні), падзеленыя плоскімі катлавінамі і далінамі. Складзены пераважна з карэнных парод, вяршыні часта завостраныя, катлавіны з азёрамі. Утвараецца ў выніку разбурэння горных краін з неаднародным складам парод ва ўмовах кантынентальнага клімату (напр., Казахскі драбнасопачнік, Мугаджары).

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНАЯ ЧА́ША, азёрнае ложа,

частка азёрнай катлавіны, запоўненая вадой да вышыні макс. падымання ўзроўню. У азёрнай чашы вылучаюць мелкаводную частку — літараль і сублітараль да глыбіні, дзе назіраецца ўплыў хваляў на дно. Глыбакаводная зона — прафундаль — укрыта глеямі і сапрапелямі. Форма і памеры азёрнай чашы на працягу геал. перыяду мяняюцца ў выніку намнажэння азёрных адкладаў.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЁТ»,

савецкі ШСЗ для вывучэння касм. прасторы і манеўравання ў космасе. Абсталяваны спец. апаратурай і сістэмай рухальных установак, якія забяспечвалі змену вышыні і плоскасці арбіты ў палёце. На борце ШСЗ былі таксама ўстаноўлены: навук. апаратура, тэлеметрычная сістэма, радыёперадавальныя прыстасаванні. «П.—1» — першы манеўравальны ШСЗ; запушчаны 1.11.1963. У 1963—64 запушчаны 2 «П.».

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛУБА,

гарызантальнае перакрыцце ў корпусе судна. Складаецца з насцілу і набору (крапежныя і сувязныя бэлькі і інш.). Верхняя П. з’яўляецца асн. падоўжанай сувяззю корпуса, якая забяспечвае яго агульную трываласць і папярочную жорсткасць. Ніжнія П. служаць для падзелу грузавых памяшканняў па вышыні (на грузавых суднах), размяшчэння пасажыраў (на пасаж. суднах), тэхнал. абсталявання (напр., на рыбаапрацоўчых суднах).

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)