ТО́ЎСЦІК Аркадзь Апанасавіч (н. 15.11.1925, в. Чыкілі Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1957). З 1950 на камсамольскай рабоце (з 1952 у ЦК ЛКСМБ), з 1953 у газ. «Чырвоная змена», з 1960 у ЦККПБ (з 1961 заг. сектара, з 1969 нам.заг. аддзела), з 1973 рэдактар газ. «Звязда». У 1987—2000 працаваў у Бел. фондзе культуры. Аўтар кніг «Маё і наша» (1963), «Пяцьдзесят векапомных год» (1968), «Я люблю цябе, жыццё» (1970), «Вяртанне да вытокаў сваіх» (2000). У 1973—87 старшыня праўлення Саюза журналістаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭМС, Джэймс (James) Уільям (11.1.1842, Нью-Йорк — 26.8.1910), амерыканскі філосаф і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў прагматызму. Брат Г.Джэймса. Праф. фізіялогіі і псіхалогіі, потым філасофіі Гарвардскага ун-та (1872—1907). Адзінай рэчаіснасцю абвяшчаў дзейнасць і змест чалавечай свядомасці, якую разумеў як паток непасрэдных адчуванняў і ўражанняў, што ўзнікаюць на аснове бесперапынных нерв. узбуджэнняў. Прапанаваў «прагматычны» крытэрый ісціны, якую атаясамліваў з працаздольнасцю, паспяховасцю і карыснасцю. Паводле Дж., рэліг. перажыванне падобна любому іншаму вопыту, а рэліг. вера — прагматычна апраўдана. Развіў вучэнне аб эмоцыях — адзін з вытокаўбіхевіярызму.
Тв.:
Рус.пер. — Научные основы психологии. СПб., 1902;
Прагматизм. СПб., 1910;
Вселенная с плюралистической точки зрения. М., 1911.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́ЛАРЫ (Hillary) Эдмунд Персіваль (н. 20.7.1919, г. Окленд, Новая Зеландыя),
альпініст, палярнік, грамадскі дзеяч. У 1953 разам з Н.Тэнцынгам выканаў першаўзыходжанне на Джамалунгму. У 1955—58 кіраваў групай новазел. даследчыкаў у складзе Трансантарктычнай экспедыцыі краін Брытанскай садружнасці, дасягнуў Паўд. полюса (1958). У 1960—61 узначальваў экспедыцыю ў Гімалаях па вывучэнні працэсаў акліматызацыі ва ўмовах доўгатэрміновага знаходжання на вял. вышынях; у 1967 зрабіў першаўзыходжанне на г. Гершэль (Антарктыда, выш. 3335 м); у 1977 у часе экспедыцыі па р. Ганг упершыню падняўся да яе вытокаў. Займаецца арганізацыяй буд-ва школ, бальніц, аэрадромаў для шэрпаў, у т. л. на ўласныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ Ягор Пятровіч [18.2.1809 (па інш. крыніцах, 1811),
с. Ярошаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 2.10.1868], расійскі падарожнік і пісьменнік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1857, чл.-кар. 1856). Скончыў Харкаўскі ун-т (1828). Даследаваў Паўн.Усх. Афрыку (1847—48), адзін з першых вызначыў дакладнае геагр. становішча вытокаў Белага Ніла. Друкавацца пачаў як паэт (1832), пісаў таксама раманы і аповесці, але найб. вядомасць меў як аўтар нарысаў аб паездках у Сярэднюю Азію, Афрыку, па Пд Еўропы і інш. Склаў апісанне Манголіі і Кітая («Падарожжа ў Кітай», ч. 1—2, 1853) на аснове матэрыялаў, якія сабраў у час падарожжаў у Пекін (1849—50 і 1851).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Аляксандр Сцяпанавіч (н. 27.1.1923, в.Вял. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Стыпендыят ЮНЕСКА (1961). З 1956 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны і пейзажа. Творы вылучаюцца рэаліст. вобразнай мовай, дасканалай маст. формай, прыўзнята-рамант. ладам: «На работу ў вёску» (1956), «Блакітная песня» (1972), «Красавіцкі вечар» (1975), «Над возерам» (1977), «9 мая» (1978), «Снегіры» (1982), «Аўтапартрэт. Год 1941» (1984), «Размова» (1985), «Маладзік нарадзіўся» (1987), «Вестка аб Перамозе» (1990), «Час восеньскіх туманаў», «Адліга» (абедзве 1991), «Зварот да вытокаў» (1992), «Туманная раніца» (1993), «У родным краі» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст.вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст.Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІ́ЦКІ Ян (каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.