ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.
2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.
3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.
Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш.дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.
А.М.Кулагін.
Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НСКІ ШЧЫТ,
выступ дакембрыйскага крышт. фундамента на ПдУСібірскай платформы. У асноўным супадае з Алданскім нагор’ем і Станавым хрыбтом. Прадстаўлены шэрагам буйных блокаў, размежаваных мерыдыяльнымі разломамі. На Пд і З шчыта глыбінныя разломы, на Пн — сістэма флексур. Дакембрыйскія ўтварэнні фундамента складаюць некалькі структурных паверхаў ранніх стадый развіцця зямной кары. Самы стараж. паверх (больш за 3,5 млрд.г.) мае гранулітавую гнейса-гранітную, мармуровую, сланцавую, кварцытавую аснову. Сярэдні (3,5—2,7 млрд.г.) складзены з метамарфізаваных асадкава-вулканагенных адкладаў. Верхні паверх (2,7—1,5 млрд.г.) — абломкавыя вулканагенныя ўтварэнні і буйныя інтрузіі. На З Алданскага шчыта перакрыты магутным (больш за 10 км) платформавым чахлом. У крышт. структурах Алданскага шчыта радовішчы рудаў жалеза, медзі, слюдаў, рэдкіх металаў, золата, п’езакварцу; ва ўпадзінах, запоўненых кантынентальнымі асадкамі, радовішчы каменнага вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступПаўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРФО́РС (франц. contrefort ад contre-force процідзейная сіла) у архітэктуры, папярочная сценка, верт.выступ ці рабро для ўмацавання нясучай канструкцыі збудавання (пераважна сцяны). Прымае на сябе ціск бакавога распору ад скляпення, ціск грунту на падпорныя сценкі і г. д. Вядомы ў еўрап. архітэктуры стылю готыкі з 12 ст. (сабор у Рэймсе, Францыя; і інш.). 3 развіццём каркасна-апорнай канструкцыі збудаванняў, пры якой асн. нагрузка ад перакрыццяў перадавалася з дапамогай сістэмы падпружных арак, нервюр, аркбутанаў на калоны і апорныя часткі сцен, узніклі ўмацаваныя К. Гэта давала магчымасць патанчаць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць пралёты і праёмы, прастору інтэр’ераў зрабіць больш свабоднай і дынамічнай. У бел. архітэктуры былі пашыраны ў 16—18 ст. Былі ступеньчатыя, трохвугольныя, пастаяннага ці пераменнага сячэння, вонкавыя ці ўнутраныя і г. д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ТКАў архітэктуры,
вертыкальны выступ на сцяне будынка без базы і капітэлі. Вядома ў архітэктуры Зах. і Усх. Еўропы. Звычайна ўспрымалі цяжар ад падпружных арак скляпенняў. Адначасова былі элементамі рытму і дэкору фасадаў, аздабляліся рустам, філёнгамі і інш. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст. (Сафійскі сабор у Полацку), у 17—19 ст. пашырыліся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — у стылях псеўдарус., несапраўднай готыкі, мадэрн. У сучаснай архітэктуры Л. — важны элемент стварэння рытму фасадаў. Часам маюць выгляд пілонаў.
У драўляным дойлідстве ў выглядзе Л. часам вырашалася шалёўка рэшткаў зрубаў, якую аздаблялі дэкар. разнымі накладкамі, размалёўкай. У некат. збудаваннях 18—19 ст. пад уплывам мураванай архітэктуры Л. аздабляліся канелюрамі або рустам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на ПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. На Пн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м. На З ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на У і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),
выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн.ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.