ТЭЛАДО́НТЫ (Thelodonti, або Coelolepides),

падклас вымерлых парнаноздравых бяссківічных прыродных жывёл. Вядомы з ардовіку — ранняга дэвону Паўн.-Зах. Еўропы. 3 атрады. Першыя па часе паяўлення пазваночныя; верагодна, зыходная група для ўсіх бяссківічных. Вывучэнне Т. дазваляе ўдакладніць філагенет сувязі стараж. груп пазваночных і эвалюцыю іх скурнага шкілета.

Даўж. да 25 см. Пярэдняя ч. цела расшыраная і сплошчаная. Вонкавы шкілет з асобных скурных зубоў. Вочы каля пярэдняга краю галавы. Парных плаўнікоў няма, ёсць анальны або спінны. Хвост гетэрацэркальны.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЯТЭРАПІ́Я (ад хімія + тэрапія),

раздзел фармакатэрапіі; лячэнне інфекц., паразітарных хвароб і пухлін хіміятэрапеўтычнымі сродкамі. Тэрмін прапанаваў у пач. 20 ст. П.Эрліх. Напачатку з’явілася Х. інфекц. хвароб, пазней — злаякасных хвароб. Задачы Х.: адшуканне новых хіміятэрапеўт. сродкаў, распрацоўка спосабаў іх атрымання, вывучэнне спектра і механізмаў дзеяння гэтых сродкаў на ўзбуджальнікаў заразных хвароб і пухлінныя клеткі, а таксама выпрацоўка рацыянальных метадаў іх выкарыстання. Цесна звязана з фармакалогіяй, мікрабіялогіяй, паразіталогіяй, імуналогіяй і інш.

М.​Семяненя, А.​Р.​Давыдоўскі.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФІ́МАВА Людміла Барысаўна (н. 19.3.1937, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. харавы дырыжор. Жонка Ю.М.Яфімава. Нар. арт. Беларусі (2000). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1963). З 1967 працавала ў Мінскім муз. вучылішчы, дзе стварыла канцэртны хор. З 1987 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. акад. хар. капэлы імя Р.​Шырмы. Я. працягвае і развівае традыцыі заснавальніка калектыву, ёй уласцівы паглыбленае вывучэнне бел. песеннай спадчыны. Вял. ўвагу аддае стварэнню нац. хар. рэпертуару.

Л.Б.Яфімава.

т. 18, кн. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУР’Е́ Ісідар Міхайлавіч (3.12.1903, Мінск — 26.1.1958),

гісторык-егіптолаг. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Удзельнік грамадз. вайны. З 1921 інструктар ЦК КСМ Беларусі. З 1927 працаваў у Эрмітажы. Даследаваў гісторыю Стараж. Егіпта эпохі Новага царства. Апублікаваў працы па сац. праблемах, ідэалогіі, тэхніцы Стараж. Егіпта, пераклады эпіграфічных першакрыніц. Значны яго ўклад у вывучэнне стараж.-егіп. права.

Тв.:

Очерки древнеегипетского права XVI—X вв. до н.э. Л., 1960.

Я.​А.​Красулін.

т. 18, кн. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРКАЛО́ГІЯ,

сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.​Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.​Гіганаў і С.​Хальфін.

Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.​М.​Казем-бека, Ф.​Я.​Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.​У.​Бартальд, Я.​Э.​Бертэльс, У.​А.​Гардлеўскі, Т.​Г.​Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АН СССР (з 1991 — Рас. АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.​Боўэн, Б.​Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.​Бабінгер, Г.​Яшке (Германія), Ж.​Дэні, М.​Мала (Францыя), Дж.​В.​Беркер, Р.​Х.​Дэвісан (ЗША) і інш.

На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел. татараў (працы Л.​К.​Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.​Александровіча, А.​І.​Дубінскага, С.​У.​Думіна, І.​Б.​Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.​І.​Несцяровіча, Я.​А.​Якубоўскага і інш.).

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ (ад актына... + ...метрыя),

раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВАЧО́Ў Мікалай Іванавіч (15.5.1922, в. Загор’е Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1990),

бел. эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ваенна-марскую мед. акадэмію (Ленінград, 1945). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні эпідэміял. працэсу і распрацоўцы мерапрыемстваў для папярэджвання інфекцыйных і гнойна-запаленчых хвароб. На Беларусі арганізаваў вывучэнне эпідэміялогіі ўнутрыбальнічных інфекцый у родадапаможных і хірургічных стацыянарах.

Тв.:

Статистический метод в медицинской практике с применением микроЭВМ и персональных компьютеров. Мн., 1989 (разам з Л.​І.​Рымжа).

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,

навука, якая вывучае размяшчэнне асобных відаў і спалучэнняў прыродных рэсурсаў, праблемы іх ацэнкі, комплекснага выкарыстання і ўзнаўлення. Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне геаграфіі відаў прыродных рэсурсаў, забяспечанасці імі галін прам-сці і іх ролі ў дыферэнцыяцыі гаспадаркі, выяўленне і аналіз тэр. спалучэнняў рэсурсаў, вызначэнне шляхоў комплекснага іх выкарыстання з улікам экалагічных наступстваў, прагнозы стану рэсурснай базы нар. гаспадаркі. Вызначае таксама геаграфічны (тэрытарыяльны) падзел працы і гасп. спецыялізацыю. Выкарыстоўвае матэм., геафіз., аэракасм., картаграфічны, параўнальна-апісальны і экспедыцыйны метады даследавання.

К.​К.​Кудло.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫ МАНІТО́РЫНГ,

назіранне за планетарнымі працэсамі і з’явамі ў біясферы, у т. л. за вынікамі антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Уключае вывучэнне, ацэнку стану і прагназаванне змен прыродных працэсаў, кантроль за энергет. і цеплавым балансам Зямлі, узроўнямі радыяцыі, вуглякіслага газу, кіслароду, міграцыяй хім. элементаў, станам Сусветнага акіяна, кліматычнымі зменамі, міграцыямі жывёл і інш. з’явамі прыроды. Ажыццяўляецца ў межах міжнар. праграм навук. даследаванняў на базе наземных станцый, навук.-доследных суднаў, штучных спадарожнікаў Зямлі, біясферных запаведнікаў і інш. Дапаўняецца і звязаны з інш. відамі маніторынгу.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБАЎ Уладзімір Ільіч (7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),

тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.​Асаф’ева (1947, з А.​Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)