ХІМІЯТЭРАПІ́Я (ад хімія + тэрапія),

раздзел фармакатэрапіі; лячэнне інфекц., паразітарных хвароб і пухлін хіміятэрапеўтычнымі сродкамі. Тэрмін прапанаваў у пач. 20 ст. П.Эрліх. Напачатку з’явілася Х. інфекц. хвароб, пазней — злаякасных хвароб. Задачы Х.: адшуканне новых хіміятэрапеўт. сродкаў, распрацоўка спосабаў іх атрымання, вывучэнне спектра і механізмаў дзеяння гэтых сродкаў на ўзбуджальнікаў заразных хвароб і пухлінныя клеткі, а таксама выпрацоўка рацыянальных метадаў іх выкарыстання. Цесна звязана з фармакалогіяй, мікрабіялогіяй, паразіталогіяй, імуналогіяй і інш.

М.​Семяненя, А.​Р.​Давыдоўскі.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)