РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял.Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «А зоры тут ціхія...» (паводле Б.Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).
Літ.:
Зоркий А. С.Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,
сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.
Літ.:
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;
Крылова АЛ. Физиология сенсорных систем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК,
ваганні часцінак пругкага асяроддзя (газападобнага, вадкага або цвёрдага), якія распаўсюджваюцца ў ім у выглядзе хваль; пругкія хвалі малой інтэнсіўнасці. У залежнасці ад частаты ваганняў адрозніваюць чутныя гукі (частата ад 16 Гц да 20 кГц; выклікаюць гукавыя адчуванні пры ўздзеянні на органы слыху чалавека), інфрагук (умоўна ад 0 да 16 Гц), ультрагук (ад 20 кГц да 1 ГГц) і гіпергук (больш за 1 ГГц; верхняя мяжа вызначаецца атамна-малекулярнай будовай асяроддзя). Гук вывучаецца ў акустыцы.
Гук можа ўзнікаць у выніку розных працэсаў, што выклікаюць узбурэнне асяроддзя (мясц. змена ціску або мех. напружання ад раўнаважнага значэння, лакальныя зрушэнні часцінак ад стану раўнавагі). У газападобных і вадкіх асяроддзях распаўсюджваюцца падоўжныя хвалі, скорасць якіх вызначаецца сціскальнасцю і шчыльнасцю асяроддзя (гл.Скорасць гуку); у цвёрдых целах акрамя падоўжных могуць распаўсюджвацца папярочныя і паверхневыя акустычныя хвалі са скарасцямі, якія вызначаюцца пругкімі канстантамі і шчыльнасцю (гл.Фанон). У некат. выпадках назіраецца дысперсія гуку (гл.Дысперсія хваль), абумоўленая фіз. працэсамі ў рэчыве, а таксама хваляводным характарам распаўсюджвання ў абмежаваных аб’ёмах. Пры распаўсюджванні гуку маюць месца звычайныя для ўсіх тыпаў хваль з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі, затухання (гл.Паглынанне гуку). Калі памер перашкод ці неаднароднасцей асяроддзя вялікі (у параўнанні з даўжынёй хвалі), распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай акустыкі. Пры распаўсюджванні гукавых хваль вял. амплітуды адбываюцца паступовае скажэнне формы гарманічнай хвалі і набліжэнне яе да ўдарнай і інш. эфекты (гл.Нелінейная акустыка, Кавітацыя). Гук выкарыстоўваецца для сувязі і сігналізацыі (напр., у водным асяроддзі гэта адзіны від сігналаў для сувязі, навігацыі і лакацыі; гл.Гідраакустыка), нізкачастотны гук — пры даследаваннях зямной кары, ультрагук — у кантрольна-вымяральных мэтах (напр., у дэфектаскапіі), для актыўнага ўздзеяння на рэчыва (ультрагукавая ачыстка, мех. апрацоўка, зварка, рэзка і інш.), высокачастотны гук (асабліва гіпергук) — пры даследаваннях у фізіцы цвёрдага цела.
П.С.Габец, А.Р.Хаткевіч.
Адчувальнасць вуха чалавека да Адчувальнасць вуха чалавека да гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю. рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІВА́ННА (Verbascum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,
органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апаратуўнутр.вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл.Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.
Літ.:
Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРО́НЕВЫЯ КО́ЛЬЦЫ,
жаночыя ўпрыгожанні з. каляровых металаў (радзей з серабра), якія насілі каля скроняў. С.к. падтрымлівалі прычоску, іх упляталі ў валасы па некалькі штук з кожнага боку, мацавалі з дапамогай стужкі ці раменьчыка; магчыма, у некат. выпадках мацавалі ў мочцы вуха.
Паявіліся ў бронзавым веку. Лічыліся спецыфічным упрыгожаннем зах. славян 8—9 ст. У сярэдневякоўі былі пашыраны ў Візантыі і Зах. Еўропе. Ва ўсх. славян С.к. набылі асаблівую папулярнасць у 11—12 ст.; былі ўпрыгожаннем сялянак і гараджанак. На Беларусі самыя стараж. С.к. належалі сярэднедняпроўскай культуры, у жал. веку — мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры, штрыхаванай керамікі культуры. С.к. класіфікуюць паводле знешняга выгляду і тэхналагічных адзнак. Вылучаюць драцяныя, пацеркавыя, шчытковыя, прамянёвыя і блізкія да іх лопасцевыя. Прынята лічыць, што С.к. нясуць этнавызначальныя функцыі, што дае магчымасць удакладніць карту рассялення плямён (гл. ў арт.Вяцічы, Дрыгавічы, Крывічы, Радзімічы).
Літ.:
Левашова В.П. Височные кольца // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. М., 1967.
Скроневыя кольцы з курганнага могільніка Каласы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 11—12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,
час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.