КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІ ў арганічнай хіміі,

назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.

У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз. полікандэнсацыяй.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́КУЛЕ ((Kekule) Фрыдрых Аўгуст) (7.9.1829, г. Дармштат, Германія — 13.7.1896),

нямецкі хімік-арганік. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1887). Скончыў Гісенскі ун-т (1852). З 1858 праф. Генцскага ун-та (Бельгія), з 1865 у Бонскім ун-це (у 1877—78 рэктар). Прэзідэнт Ням. хім. т-ва (1878, 1886, 1891). Навук. працы па тэорыі будовы арган. злучэнняў і арган. сінтэзе. Атрымаў тыявоцатную (1854) і гліколевую к-ты (1856). Падзяліў элементы на адно-, двух- і трохасноўныя (валентныя), вуглярод аднёс да чатырохасноўных элементаў (1857, адначасова з Г.Кольбе). Указаў на здольнасць атамаў вугляроду ўтвараць ланцугі (1858). Прапанаваў цыклічную ф-лу будовы бензолу, у якой чаргуюцца простыя і падвойныя сувязі (1865). Адкрыў перагрупоўку дыязааміна- у амінаазабензол (1866). Сінтэзаваў трыфенілметан, атрахінон (1878).

Літ.:

Быков Г.В. Август Кекуле: Очерк жизни и деятельности. М., 1964;

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),

тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці ​16O, ёд-131 ці ​131І, уран-235 ці ​235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз. ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.

Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары ​16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл. Гелій).

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,

рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.

Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв. гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.

Літ.:

Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ. М., 1983.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.​І.​Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙10​12 т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).

2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.​Б.​Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,

1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.

2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл. Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАВУГЛЯРО́ДЗІСТЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы жалеза з вугляродам на аснове жалеза. Найб. пашыраныя тэхн. Ж.с. сталь (мае да 2% вугляроду C па масе) і чыгун (2—4,6% C).

У Ж.с. вуглярод утварае цвёрдыя растворы ўкаранення на аснове паліморфных мадыфікацый жалеза (аўстэніт — раствор C у γ-Fe, мае да 2,03% C, метал. аснова Ж.с. пры т-ры вышэй за 727 °C; ферыт — раствор C у α-Fe, мае да 0,025% C, аснова сплаваў пры t<727 °C), цэментыт (карбід жалеза Fe3C) ці прысутнічае ў свабодным стане ў выглядзе графіту. Графіт маюць Ж.с., якія атрымліваюць пры павольным раўнаважным ахаладжэнні расплаву Fe—C (шэры ці коўкі чыгун). Метастабільны Fe3C утвараецца пры хуткім ахаладжэнні расплаву, мае высокую цвёрдасць, крохкі. Мех. ўласцівасці Ж.с., пераважна сталі, паляпшаюць пры тэрмічнай апрацоўцы сплаваў пасля зацвярдзення: пры водпуску аўстэніт паступова раскладаецца на цэментыт і ферыт (сталь набывае высокую пластычнасць), пры загартоўцы ператвараецца ў мартэнсіт (павышаюцца цвёрдасць і зносаўстойлівасць).

Літ.:

Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986.

Г.​Г.​Паніч.

т. 6, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,

палімеры, макрамалекулы якіх маюць неарган. галоўны ланцуг і не маюць арган. бакавых радыкалаў. Вядомы прыродныя і сінтэтычныя. Структурная класіфікацыя (паводле будовы макрамалекулы) адпавядае класіфікацыі арган. і элементаарган. палімераў (гл. Высокамалекулярныя злучэнні). У прыродзе найб. пашыраны сеткавыя Н.п., якія ў выглядзе мінералаў уваходзяць у склад зямной кары (напр., кварц). Такія Н.п. ў адрозненне ад арган. палімераў не могуць існаваць у высокаэластычным стане.

Найб. падобныя да арган. палімераў (паводле ўласцівасцей) лінейныя гетэраланцуговыя Н.п. (з атамаў розных элементаў), да якіх адносяцца поліфасфазэны (напр., поліфосфанітрылхларыд [—Cl2PN—]n — неарган. каўчук), палімерныя аксіды серы, фасфаты, сілікаты. Гомаапамныя ланцугі (з атамаў аднаго элемента) са ступенню полімерызацыі n≥100 утвараюць толькі вуглярод (лінейныя палімеры — кумулены =C=C=C=C... і карбін —C≡C—C≡C—..., а таксама кавалентныя крышталі: двухмерныя — графіт, трохмерныя — алмаз) і элементы VI групы — сера, селен, тэлур. Расплавы прыродных Н.п. у прысутнасці спец. дабавак для стабілізацыі сярэднеразгалінаваных структур перапрацоўваюць у шкло, валокны, сіталы, кераміку і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).

Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.

Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш. металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,

ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.

У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл. Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)