хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган.к-т (гл.Мылы).
Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш.Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш.Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.
Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 106 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.
Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл.Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш.Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́СФАР (лац. Phosphorus),
P, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 15, а.м. 30,9738. У прыродзе 1 стабільны нуклід 31P. У зямной кары 0,105% па масе. Усе мінералы Ф. (каля 200) — фасфаты. Адзін з найважн. біягенных элементаў. Адкрыў у 1669 ням. алхімік Х.Бранд.
Неметал. Найважн. алатропныя мадыфікацыі Ф. (вядома больш за 10) — белы (з-за тэхн. прымесей мае жоўты колер і наз. жоўтым Ф.), чырв. і чорны. Белы Ф. (α-мадыфікацыя) — воскападобнае рэчыва, tпл 44,14 °C, шчыльн. 1828 кг/м³. Свеціцца ў цемры (адсюль назва. ад грэч. phos святло + phoros які нясе). Хімічна вельмі актыўны, самазагараецца ў паветры пры 34—50 °C (захоўваюць пад слоем вады, у якой Ф. не раствараецца, добра раствараецца ў серавугляродзе). Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі, пры сплаўленні з металамі ўтварае фасфіды. Высокатаксічны (смяротная доза для чалавека 0,05—0,15 г). Чырвоны Ф. — аморфны парашок ад пунсовага да цагельнага колеру, шчыльн. 2000—2400 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, менш таксічны, чым белы. Чорны Ф. па знешнім выглядзе і будове падобны да графіту, шчыльн. 2700 кг/м³. Паўправаднік. Пры награванні пры атм. ціску чырв. і чорны Ф. ўзганяюцца. Найб. значэнне мае белы Ф. Яго атрымліваюць кандэнсацыяй пары (Р4), што ўтвараецца пры аднаўленні фасфарытаў ці апатыту коксам у прысутнасці дыаксіду крэмнію ў эл. печах. Выкарыстоўваюць белы Ф. для атрымання фосфарных кіслот, іх вытворных і чырв. Ф., як раскісляльнік і кампанент некат. метал. сплаваў; чырв. — у вытв-сці запалак, лямпаў напальвання (як газапаглынальнік); Ф. высокай чысціні — для атрымання паўправадніковых фасфідаў. Гл. таксама Фосфарарганічныя злучэнні.
Літ.:
Корбридж Д. Фосфор: Основы химии, биохимии, технологии: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.
Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Н (лац. Uranium),
U, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат н. 92, ат. м. 238,028; адносіцца да актыноідаў. Прыродны У. — сумесь 3 ізатопаў, 238U (99,275%), 235U (0,720%) і 234U (0,005%; перыяд паўраспаду 2,454∙105 гадоў); 235U і 238U — роданачальнікі натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 3∙10−4% па масе (гл.Уранавыя руды). Адкрыты ў выглядзе дыаксіду у 1789 ням. хімікам М.Клапратам; названы ў гонар планеты Уран.
Серабрыста-белы метал, tпл 1135 °C. Існуе ў 3 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 669 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя α-U) шчыльн. 19 120 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; у злучэннях мае ступень акіслення ад +3 да +6, найб. устойлівыя злучэнні U (IV) i U (VI), для якога характэрна ўтварэнне ураніліона UO22+. Кампактны У. у паветры павольна акісляецца; з кіслародам утварае дыаксід UO2 (у прыродзе мінерал уранініт), октааксід трыурану U3O8 (мінерал настуран) — асн. кампанент уранавых хім. канцэнтратаў, трыаксід UO3 і інш. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў мінер. к-тах з утварэннем солей уранілу [напр.; нітрат уранілу UO2(NO3)2], якія звычайна маюць жоўты колер і добра раствараюцца ў вадзе і мінер. к-тах. Пры награванні У. узаемадзейнічае з вадародам, галагенамі (найважн. з галагенідаў У. — гексафтарыд UF6 — крышт. рэчыва, пры 56,5 °C узганяецца; выкарыстоўваюць для раздзялення 235U і 238U), азотам, вугляродам і інш. неметаламі. З металамі ўтварае сплавы з лепшымі, чым у чыстага У., мех. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць пераважна як ядзернае паліва, 235U як крыніцу энергіі ў ядз. зброі (крытычная маса 50—60 кт), 238 U для атрымання плутонію-239, 233U як другаснае ядз. паліва, збеднены уранам-235 238U як ахоўны матэрыял пры паглынанні рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення і інш. У. і яго злучэнні — агульнаклетачныя яды, якія пашкоджваюць усе органы і тканкі, што абумоўлена хім. таксічнасцю і радыеактыўнасцю У.; ГДК для растваральных злучэнняў 0 015 мг/м³, для нерастваральных — 0,075 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКІ.
Фауна птушак Беларусі ўключае 309 відаў, аб’яднаных у 19 атрадаў і 61 сямейства. Большасць мае еўрап. і еўрапейска-сібірскі тып арэалаў, значная частка адносіцца і да транспалеарктаў.
Самы шматлікі атр. вераб’інападобных (112 відаў) уключае дробных птушак — аўсянкавых, валасянкавых, вераб’ёў, драздовых, жаваранкаў, ластавак, мухаловак, саракушаў, сініц, сітаўкавых, уюрковых, а таксама больш буйных крумкачовых — добра адаптаваных сінантропных відаў — варону шэрую, галку, грака, сароку і лясных насельнікаў — арэхаўку, крумкача, сойку. Сеўцападобныя ўключаюць 58 відаў — крачкі, кулікі, паморнікі, чайкі. Качыныя (34 віды) прадстаўлены 3 відамі лебедзяў, 8 відамі гусей і казарак, таксама крахалямі, нырцовымі і рачнымі качкамі. Да насельнікаў вадаёмаў адносяцца таксама гагары (3 віды), паганкі (5 відаў) — прадстаўнікі адпаведных атрадаў; таксама баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы, якія належаць да атр. весланогіх. Атр. буслападобных (13 відаў) уключае 9 відаў чапляў, 2 — буслоў і 2 віды ібісавых — каравайку і коўпіцу. Атр. сокалападобных (27 відаў) аб’ядноўвае шэраг відаў арлоў, канюкоў, каршуноў, мышаловаў, сокалаў, ястрабаў; уключае арла-карліка, арлана-белахвоста, асаеда звычайнага, змеяеда, скапу, а таксама вельмі рэдкіх залётных грыфа чорнага і сіпа белагаловага. Атр. совападобных (13 відаў) прадстаўлены совамі ад найбольш буйных — няясыці барадатай і філіна, да самага дробнага — сыча вераб’інага. Атр. жураўлепадобных (10 відаў) уключае жураўля шэрага, зніклых драфу і стрэпета, таксама сям. пастушковых — больш дробных і скрытных насельнікаў прыбярэжных біятопаў. Атр. курападобных (8 відаў) аб’ядноўвае важныя ў гасп. адносінах віды, якія належаць да сям. фазанавых і цецеруковых. Шырока вядомы прадстаўнікі атр. дзятлападобных (10 відаў) і голубападобных (5 відаў). Атр. ракшападобных уключае найбольш экзатычных па афарбоўцы птушак, выхадцаў з тропікаў — зімародка звычайнага, удода, сіваваронку і шчурку залацістую. Па адным відзе на Беларусі прадстаўлены атр. зязюлепадобных, лелякападобных, стрыжападобных, а таксама рабковападобных і фламінгападобных (прадстаўнікі двух апошніх адзначаны толькі ў выніку выпадковых залётаў).
На тэр. Беларусі 227 відаў птушак гняздуюцца, 41 від выпадкова залётны, 28 трапляюцца ў час міграцый, 9 зімуюць. 3 віды лічацца зніклымі: стрэпет не трапляецца з пач. 19 ст., выпадковыя залёты саджы адзначаліся толькі ў канцы 19 ст., драфа знікла ў 1-й пал. 20 ст. Курапатка барадатая знікла на працягу некалькіх гадоў пасля яе інтрадукцыі з Усх. Азіі ў 1960-я г. У выніку ўплыву прыродных фактараў і дзейнасці чалавека за 1,5—2 ст. на Беларусі знікла каля 10 відаў птушак.
У 20 ст. паменшылася колькасць 49 відаў птушак, 14 з іх скарацілі тэрыторыю свайго пашырэння. 29 новых відаў з’явіліся на гнездаванні за 100 гадоў, з іх 27 відаў за апошнія 50 гадоў.
Большасць відаў (больш за 35%) арнітафауны аддаюць перавагу лясным экасістэмам. Блізкія да іх віды драбналесна-кустовых зараснікаў (каля 14%) таксама селяцца па ўзлесках і ў падлеску. У прыбярэжных зонах вадаёмаў і вадацёкаў гняздуюць віды водна-прыбярэжнага экалагічнага комплексу (каля 24%), гэта ўсе вадаплаўныя птушкі і насельнікі ўзбярэжжаў. Віды каляводна-балотнага комплексу (13%) селяцца на забалочаных тэрыторыях, але могуць абыходзіцца без адкрытай вады. Сухія адкрытыя прасторы палёў і лугоў насяляе найменшая колькасць відаў (менш за 6%). Перавагу гнездаванню ў культурным і урбанізаваным ландшафце аддае больш за 8% відаў арнітафауны Беларусі.
Большасць мясцовых відаў зімуе ў Зах. і Паўд. Еўропе, у Паўн., Цэнтр. і нават у Паўд. Афрыцы, частка — у Паўд. Азіі. Большасць птушак мігрыруе невялікімі групамі, у розны час і шырокім фронтам. Частка відаў прытрымліваецца прыродных арыенціраў, на Беларусі — далін буйных рэк, асабліва Дняпра і Прыпяці, дзе праходзіць адзін з найбуйнейшых кантынентальных міграцыйных шляхоў, які выкарыстоўваюць дзесяткі тысяч гусей, качак і кулікоў, што ляцяць з зімовак у Зах. Еўропе і Афрыцы на гнездаванне ў тундры Еўразіі.
Шэраг відаў птушак маюць гасп. значэнне як аб’екты спартыўнага палявання. Найбольш масавыя з іх — вадаплаўныя, у першую чаргу крыжанка, таксама нырэц чырвонагаловы, чырок-свістунок, чырок-траскунок, чэрнець чубатая, качка шэрая. Колькасць паляўнічых відаў качыных птушак у паслягнездавы перыяд вагаецца ў межах 700—1000 тыс. асобін. За перыяд летне-асенняга палявання здабывалася 30—40% ад гэтай колькасці. Сярод усіх відаў баравой дзічыны асаблівае значэнне мае глушэц. З сярэдзіны 1960-х г. колькасць яго зніжалася, але да 1990-х г. яна стабілізавалася, месцамі пачала павялічвацца і дасягнула 5,5—6 тыс. асобін. У паўд.ч. Беларусі, дзе жыве заходнееўрап. падвід глушца, працягваецца зніжэнне яго колькасці і скарачэнне месцапражывання. З інш. відаў баравой дзічыны пэўнае значэнне маюць рабчык, слонка і цецярук. Колькасць палявой птушынай дзічыны, куды належаць курапатка шэрая і перапёлка, вельмі моцна вагаецца па гадах.
У 2-е выданне ’Чырв. кнігі Беларусі ўключана 75 відаў птушак. З 1976 у адпаведнасці з Канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на тэр. Беларусі забаронена здабыча, продаж і купля арлана-белахвоста, беркута, бусла чорнага, дзербніка, змеяеда, пустальгі, сапсана, скапы, шулячка.
Літ.:
Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии, Мн., 1967;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў), гатычны стыль,
мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.
Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп.феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.
На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус.манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн.дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;
Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;
Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;
Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.
Ю.А.Якімовіч.
Да арт.Готыка. Сабор Нотр-Дам у Парыжы. 1163—1257. Бакавы фасад.Да арт.Готыка. Партал сабора ў Шартры (Францыя). 1145—70.Да арт.Готыка. Нервюрныя скляпенні трансепта сабора ў Ам’ене (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Джэнтыле да Фабрыяна. Пакланенне вешчуноў. 1423.Да арт.Готыка. Міланскі сабор. 1386—1856.Да арт.Готыка. Скульптура конніка ў кафедральным саборы ў Бамбергу (Германія). 1235.Да арт.Готыка. Скульптура партала сабора ў Страсбуры (Францыя). 1220.Да арт.Готыка. Сабор у Сіене (Італія). Будаўніцтва пачата ў 12 ст., завершана ў 1284—99. Праект Дж. і Н.Пізана.Да арт.Готыка. Дэталь вітража сабора ў Шартры (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна 1472.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНЫ ВЕК
Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас.Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр.цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач.н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст.н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст.н.э. на тэр.Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст.н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал. век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст.н.э.Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.
Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.
З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.
У 5—6 ст.н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст.н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст.н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.
Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.В.Сядоў, А.Р.Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.
Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст.н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.
У 5—7 ст.н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.
Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст.н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст.н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).
Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.А.Дубінскага, А.Дз.Кавалені, А.М.Ляўданскага, А.А.Рынейскага, І.А.Сербава, В.Р.Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі В.Б.Караткевіч, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, Г.В.Штыхаў, К.П.Шут і інш.Жал. век даследуюць таксама В.І.Шадыра, з 1980-х г. В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, А.А.Егарэйчанка, М.І.Лашанкоў, Ю.У.Каласоўскі, А.М.Мядзведзеў, з 1990-х г. В.Г.Белявец, А.М.Бяліцкая, Н.М.Дубіцкая, А.У.Ільюцік, П.М.Падгурскі, А.А.Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.В.Аляксееў, К.В.Каспарава, Ю.У.Кухарэнка.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;
Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;
Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.