Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,
1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз.законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.
1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.
2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.
Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.
2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.
3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ ВАЙНА́», кліматычная вайна,
спосаб вядзення баявых дзеянняў, у выніку якіх адбываюцца катастрафічныя метэаралагічныя (кліматычныя) змены. Напр., над воблакамі распыляюцца хім. сродкі і ўзнікаюць моцныя ліўні. Да тактыкі штучных паводак далучаецца выкарыстанне акісленага дажджу, каб зрабіць. ваенную тэхніку небаяздольнай. Вял. шкода прычыняецца мірнаму насельніцтву, жывёльнаму і расліннаму свету. Метады «М.в.» выкарысталі ЗША у 1963—67 у вайне супраць В’етнама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,
від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв.вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСА́ЕЎ (сапр.Смідовіч) Вікенцій Вікенцьевіч
(16.1.1867, г. Тула — 3.6.1945),
рускі пісьменнік, літ.-знавец, перакладчык. Скончыў гіст.-філас.ф-т Пецярбургскага ун-та (1888), мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (г. Тарту, 1894). Працаваў урачом у Туле, Пецярбургу. У аповесцях «Без дарогі» (1895), «На павароце» (1902), апавяданні «Пошасць» паказаў бесперспектыўнасць народніцкага руху. Аповесць «Два канцы» (ч. 1—2, 1899—1903) пра цяжкі і жахлівы побыт рабочых. Папулярнасць прынесла вострапубліцыстычная кн. «Запіскі ўрача» (1901). У 1900-я г. ўваходзіў у літ. групу «Серада» (Масква). Як урач удзельнічаў у рус.-яп.вайне 1904—05. Ваен. ўражанні ў аснове серыі «Апавяданняў пра вайну» (1906; поўны тэкст «На японскай вайне», 1928) і публіцыстычных нарысаў «На вайне: Запіскі» (1907—08). У творах пераацэнка рэв. мінулага, паварот да філасофіі Ф.Ніцшэ і А.Бергсона (аповесць «Да жыцця», 1909), непрыняцце тагачаснага тэрору (раман «У тупіку», 1922), погляд інтэлігенцыі на прымусовую калектывізацыю (раман «Сёстры», 1933), эпоха праз уласныя ўспаміны (кн. «У юныя гады», 1927; «У студэнцкія гады», 1929; «Успаміны», 3-е выд., 1946). Аўтар літ.-філас. даследавання «Жывое жыццё» [ч. 1 — «Пра Дастаеўскага і Льва Талстога», 1911; ч. 2 — «Апалон і Дыяніс (пра Ніцшэ)», 1915], дакумент.-біягр. прац «Пушкін у жыцці» (1926—27), «Гогаль у жыцці» (1933), «Спадарожнікі Пушкіна» (1934—36) і інш. Перакладаў антычных паэтаў Гесіёда («Дні і турботы», 1927), Гамера («Іліяда», 1949; «Адысея», 1953) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫБА́ЛЬДЗІ ((Garibaldi) Джузэпе) (4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),
нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач.Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян.вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян.вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл.Гарыбальдзі батальён), і італьян.партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл.Гарыбальдзійскія брыгады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ,
у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.
Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІ́ЦЫЯ (лац. coalitio ад coalitus аб’яднаны),
1) саюз, аб’яднанне для дасягнення агульнай мэты.
2) Палітычны і ваен. саюз дзвюх і больш дзяржаў супраць агульнага праціўніка (напр., антыгітлераўская К. дзяржаў у 2-й сусв.вайне).
3) Пагадненне, выпрацаванае некалькімі партыямі, рухамі або грамадскімі дзеячамі, для ажыццяўлення сумесных дзеянняў, напр., з мэтай стварэння т.зв. кааліцыйнага ўрада, які складаецца з прадстаўнікоў гэтых партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.