КАРЦЫНАЛО́ГІЯ (ад грэч. karkinos рак + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.

Н.​М.​Хмялёва.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.

А.​М.​Кулагін.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАСНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ ЧЭ́РВІ, нематгельмінты, нематэльмінты (Nemathelminthes, або Aschelminthes),

тып ніжэйшых чарвей (скаляцыд). 6 (7) кл.: валасні, гастратрыхі, калаўроткі, кінарынхі, круглыя чэрві, скрэбні і, магчыма, прыапуліды. Апісана больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразіты (раслін, жывёл, чалавека). Свабоднажывучыя насяляюць моры, прэсныя вадаёмы, глебу. Узбуджальнікі нематодных хвароб раслін, нематадозаў. На Беларусі адзначаюцца валасні, гастратрыхі, калаўроткі, круглыя чэрві.

Даўж. ад 0,04 мм да 8 м. Цела цыліндрычнае, нячленістае, верацёна- або ніткападобнае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Паміж скурнамускульным мяшком і кішэчнікам шырокая першасная поласць цела (адсюль назва). Кішэчнік з 3 аддзелаў: пярэдняй, сярэдняй і задняй кішкі з анальнай адтулінай. Выдзяляльная сістэма — відазмененыя скурныя залозы або протанефрыдыі. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага нерв. кальца і аднаго ці некалькіх падоўжаных нерв. ствалоў ці мазгавога нерв. вузла з адыходзячымі ад яго нервамі. Органы пачуццяў (вочкі, нюхальныя ямкі, органы дотыку) слабаразвітыя. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Большасць раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАКУЛЬТУ́РА,

развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў). Адрозніваюць аквакультуру прэснаводную і марскую (марыкультуру). Вылучаюць 2 кірункі развіцця аквакультуры: вырошчванне каштоўных відаў рыб і беспазваночных з выкарыстаннем штучных кармоў і пашавае — на натуральнай кармавой базе ў паўкантралюемых умовах. У прэснаводнай аквакультуры выкарыстоўваюць штучныя і натуральныя вадаёмы, а таксама індустр. ўстаноўкі, у марыкультуры — прыбярэжную зону мораў. Існуе ў краінах з высокім тэхн. узроўнем рыбалоўства (Японія, Вялікабрытанія, Нарвегія) і краінах паўд.-азіяцкага і афр. рэгіёнаў. Сусветны прадукт аквакультуры складае 9,4—9,5 млн. т (на марыкультуру прыпадае каля ​2/3; 1983—87).

На Беларусі аквакультура існуе ў выглядзе сажалкавага і азёрнага рыбаводства, развіваюцца індустр. формы рыбаводства на прамысл. прадпрыемствах. Функцыянуюць 21 сажалкавы, 6 азёрных рыбгасаў, 8 рыбагадавальнікаў; вырошчваюць карпа, сазана, карася сярэбранага, амура белага, таўсталобіка, стронгу радужную. Сярэднегадавы аб’ём сажалкавай рыбы складаў каля 18 тыс. т у 1986—90, 6 тыс. т у 1994, у азёрных гаспадарках 0,7 тыс. т, у індустр. рыбаводстве 1,4 тыс. т (1990).

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,

група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.

Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,

выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец. ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.

Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец. тэхнал. установак (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Літ.:

Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.​Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.​Л.​Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.​Нёйтра і інш.).

Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.
Да арт. Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.​Нёйтра. 1946.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭНД-АРТ (англ. land art мастацтва зямлі),

мастацтва трансфармацыі прыродных аб’ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай. Узнік у 1960-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы Л.а. ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.). Заснавальнікі кірунку (Д.​Опенгайм, Р.​Лонг, В. дэ Марыя, Р.​Смітсан, М.​Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вял. прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур стараж. плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.). У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вял. плошчу і цалкам бачны толькі з вял. вышыні. Найб. вядомы ўзор Л.а. — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вял. Салёным воз. ў ЗША (1970).

І.​М.​Каранеўская.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)