зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВЫ́ КАЦЁЛ,
кацёл для атрымання пары пад ціскам, вышэйшым за атмасферны. Бываюць газа- і вадатрубныя, з шматразовай цыркуляцыяй і праматочныя. Парапрадукцыйнасць да 4000 т/гадз пры ціску пары 25 МПа і больш, ккдз 93—95%.
У газатрубных П.к. газападобныя прадукты згарання паліва праходзяць па стальных трубах, а вада цыркулюе ў міжтрубнай прасторы. Адрозніваюць жаратрубныя (напоўненую вадой прастору — барабан пранізваюць 1—2 жаравыя трубы вял. дыяметра) і дымагарныя (у днішчы гарыз. барабана ўвальцавана мноства дымагарных труб, па якіх праходзяць дымавыя газы). Газатрубныя П.к. выкарыстоўваліся на параходах, паравозах, стацыянарных парасілавых устаноўках і інш. Выцеснены вадатрубнымі П.к., у якіх вада і паравадзяная сумесь рухаюцца па стальных трубах, што абмываюцца звонку газападобнымі прадуктамі згарання паліва. Найб. пашыраны барабанныя вадатрубныя П.к. з верт. размяшчэннем труб. Маюць натуральную або шматразова прымусовую цыркуляцыю вады, 1 або некалькі барабанаў пад ціскам, у якіх адбываецца раздзяленне вады і пары. Прамацёчныя вадатрубныя П.к. — з аднаразовай прымусовай цыркуляцыяй. Складаюцца з вял. колькасці паралельна ўключаных змеевікоў з метал. трубак, вада ў якія падаецца сілкавальнай помпай і на выхадзе катла пераўтвараецца ў перагрэтую пару. Вадатрубныя П.к. выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях і прамысл.кацельных устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫЯ (грэч. hydria ад hydōr вада),
старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВА́Ш (цюрк.),
Гнілое мора, сістэма мелкіх заліваў каля зах. берага Азоўскага м., у Крыме (Украіна). Даўж. 112 км. Пл. каля 2560 км². Аддзелена ад мора пясчанай касой Арабацкая Стрэлка. Злучаецца з морам Генічаскім пралівам. Берагі нізкія, пакатыя, гразкія. Вада моцна мінералізаваная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НІЯ ВО́ДЫ, Сіняя Вада, Сінюха,
левы прыток Паўд. Буга ў Кіраваградскай і Мікалаеўскай абл. Украіны. Даўж. 111 км, пл. басейна 16 725 км². На беразе С.В. у 1362 войска вял.кн.ВКЛ Альгерда разбіла мангола-татар. Гл.Бітва каля Сініх Вод 1362.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТНАЕ ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сістэма водазабеспячэння са шматразовым выкарыстаннем вады на гасп. мэты; элемент безадходнай тэхналогіі. Укараняецца ў вытв-сць для эканоміі водных рэсурсаў і памяншэння скідвання забруджаных сцёкавых вод. Пашырана ў вытв. працэсах цеплаэнергетыкі, хім., нафтаперапрацоўчай, маш.-буд. прам-сці, дзе вада выкарыстоўваецца для ахаладжэння, прамыўкі, пераўтварэння, гідратранспарціроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЯРЗА́ННЕ РЭК,
спыненне рэчышчавага сцёку на асобных мелкаводных участках ракі пры ўтварэнні магутнага ледзянога покрыва. Пры П.р. вада часта разліваецца па паверхні лёду і ўтварае наледзі. На Беларусі ў лютыя зімы раз у 10—15 гадоў могуць прамярзаць на 45—100 сут ручаі і невял. рэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВОРАЗМЯША́ЛЬНІК,
стацыянарная або перасоўная ўстаноўка для прыгатавання будаўнічых раствораў, што выкарыстоўваюцца пры каменнай муроўцы, тынкавальных работах і інш. Мае барабан, у які загружаюцца кампаненты раствораў (цэмент, пясок, вада) і перамешваюцца вінтавымі лопасцямі, ўстаноўленымі на вале з электрапрыводам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).