ФА́ЛІЦКІ МОХ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання прыродных журавіннікаў. Пл. 1,7 тыс. га. Размешчаны на балоце Фаліцкі Мох вярховага і пераходнага тыпаў, урочышча Уліца, вадазбору р. Солан. Пласкахвалістая азёрна-балотная нізіна з астанцамі водна-ледавіковай раўніны Глебы тарфяна-балотныя (глыб. торфу да 5,5 м, у сярэднім 1,7 м) і дзярнова-падзолістыя пясчаныя. Расліннасць пераважна хваёва-сфагнавая і кусцікава-сфагнавая.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЧА́НСКІ,

біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).

Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САВІЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Крупскага р-на Мінскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1,3 тыс. га (1997). Уключае 4 кварталы Дзянісавіцкага і 7 кварталаў Сакаловіцкага лясніцтваў Крупскага лясгаса, а таксама ч. тарфяных балот Падбалонне і Бабнік, Рожкі, Калінаўка. Растуць хвоя, бяроза, елка, асіна. вольха, трапляюцца дуб і клён, з кусцікавых раслін — багун, верас, журавіны, брусніцы, чарніцы, з травяністых — асокі, падвей, хвошч; шмат сфагнавых імхоў.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́ЕВІЦКАЕ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1754 га. Займае аднайм. балотны масіў. Пераважаюць адкрытыя сфагнавыя балоты або рэдкія хваёва-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балот хваёвыя і бярозавыя лясы чарнічнага і даўгамошнага тыпаў. У сярэдзіне балотнага масіву «астравы» з урадлівымі дзярнова-падзолістымі глебамі, якія ўкрыты высокапрадукцыйнымі яловымі, асінава-яловымі, хваёвымі і бярозавымі лясамі кіслічнага, сніткавага і чарнічнага тыпаў.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СЦІК,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 300 га. Размешчаны на балотным масіве пераходнага тыпу Жукоўскае. Узгорыста-хвалістая азёрна-ледавіковая нізіна з камамі і забалочанымі азёрнымі катлавінамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, глыб. торфу да 5 м, у сярэднім 1,94 м. Хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з перавагай журавін. У Чырв. кнізе рагулькі высокія, тафільдыя чашачкавая, марошка прысадзістая, гарычка крыжападобная.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс. га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́БРЫНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978 для аховы і рацыянальнага выкарыстання прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 3,3 тыс. га. Спадзістахвалістая тэраса з дзюнамі, марэннымі ўзгоркамі, лагчынамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя. Хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, дубовыя лясы, участкі пазапоймавых лугоў. Лек. расліны: ландыш майскі, рабіна, святаяннік, талакнянка, чына горная, дуброўка белая. У Чырв. кнізе шалфей лугавы, лілея кучаравая, жаўтазель германскі, канюшына лубінавая, дзікая пятрушка аленевая, рамоначнік шчытковы, чарнакорань пурпуровы. Радыеактыўна забруджаны.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЕЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1 тыс. га. Размешчаны на вярховых балотах Маленькі Машок і Навасельскі Mox і на пераходным балоце Крывы Мох. Узгорыста-хвалістая водна-ледавіковая раўніна з дзюнамі, марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі. Глебы тарфянабалотныя (глыб. торфу да 2,9 м, у сярэднім — 1,6 м) і дзярнова-падзолістыя супясчаныя. Пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з перавагай журавін, на мінер. участках пашыраны хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛО́ЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. на вярховых балотах Ялоўскае і Коча. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 963 га. На У Пакнамерскія Вялікае (пл. 12 га) і Малое (пл. 7,7 га) азёры. Глебы тарфяніста-глеевыя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя, на мінер. астравах — дзярнова-падзолістыя супясчана-пясчаныя. У расл. покрыве — хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з перавагай журавін. Лясы (хвойнікі і бярэзнікі) на балотных і забалочаных землях займаюць каля 50% тэр. заказніка.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)