БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка, за 10 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 2,6 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 1,05 км, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км. Пл. вадазбору 25,8 км².

Схілы катлавіны выш. 2—8 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПдУ высокія, пад хмызняком. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, глыбей сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 3,8 га. Выцякае р. Бярозка (прыток Крывінкі).

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́БУС (Адам) (сапр. Адамчык Уладзімір Вячаслававіч; н. 29.9.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1973—77). Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1983). Працаваў мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, у час. «Крыніца» і «Бярозка». Гал. рэдактар уласнага выдавецтва «Літаратура». Друкуецца з 1981. Аўтар кніг паэзіі «Парк» (1988), «Скрыжаванне» (1993) і прозы «Адзінота на стадыёне» (1989), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995) і інш. У творчасці Глобуса своеасаблівае бачанне свету і чалавека, асэнсаванне сучаснасці, праблемы маралі і складанасці жыцця.

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Антонавіч; 3.9.1921, в. Залессе Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 7.12.2000),

бел. пісьменнік, нарысіст. Скончыў Аршанскі настаўніцкі (1939), Магілёўскі пед. (1941) ін-ты. Настаўнічаў, працаваў у «Настаўніцкай газеце», час. «Народная асвета», у 1955—59 старшыня калгаса «Чырвоны пуцілавец» Старобінскага р-на. Друкаваўся з 1947. Аўтар кніг нарысаў «На роднай зямлі» (1956), «Нашы будні» (1957), «Будні калгасныя» (1959), п’ес «Што чула бярозка» (1963), «Расійскія пеўні», «Спалох у вялікім доме», камедыі «Смех і... толькі» (паст. Маладзечанскім нар. т-рам у 1975). Асн. тэма твораў — жыццё вёскі.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),

бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял. Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пракоф’ева, А.​Суркова, Л.​Украінкі, М.​Нагнібеды, Т.​Масэнкі, Я.​Райніса, М.​Ханінава, З.​Нуры, П.​Нэруды, І.​Давыдкава і інш.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),

бел. пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.​Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.​Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́К (Алесь) (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.​Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Тв.:

Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́К (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.​Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.​Ханок, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),

бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЛА (Міхась) (Міхаіл Уладзіміравіч; н. 23.11.1966, в. Паляжын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1991). З 1991 нам. гал. рэдактара час. «Роднае слова», з 1995 у Мін-ве культуры і друку, з 1997 у час. «Бярозка», з 1999 у выд-ве «Беларускі кнігазбор». Друкуецца з 1984. У кн. паэзіі «Вечны Зніч» (1990), «Вочы Савы» (1994) імкненне паяднаць мінулае і сучаснае, трывожныя матывы за лёс бацькоўскай зямлі. У зб. «Нашэсце Поўні» (2001) метафарычнае асэнсаванне рэчаіснасці. У кн. «Дзярэчынскі дыярыюш» (1999) гіст. нарыс пра в. Дзярэчын, артыкулы і эсэ пра бел. пісьменнікаў. Аўтар зб. літ. пародый «Розгі ў розніцу» (1993), кн. для дзяцей «Камень-перунок» (1998) і інш.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),

украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед. ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.​Купалы, А.​Александровіча, Э.​Агняцвет, А.​Бялевіча, М.​Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, Танк, Р.​Хацкевіч.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Два Міколы. Мн., 1963.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)