БО́НІНГТАН (Bonington) Рычард Паркс

(25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),

англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧЫ,

геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс. м2. ахоўная зона вакол 12 тыс. м2. Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс. г. назад у вял. стараж. возеры.

В.Ф.Вінакураў.

Геалагічнае агаленне Дарашэвічы.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВШЧЫЖ,

старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЫ

(ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі),

асушкі, шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн. м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН

(Georgetown),

Пінанг, горад у Малайзіі, на в-ве Пінанг каля зах. берага п-ва Малака. Адм. ц. штата Пінанг. Засн. ў 1786 брытанскай Ост-Індскай кампаніяй. 219,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1993). Марскі порт, звязаны з мацерыком мостам і паромамі. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Прам-сць: волаваплавільная, каўчукавая і гумавая, эл.-тэхн., тэкст., швейная, харчасмакавая, электронная, машынабудаўнічая. Зона свабоднага гандлю. Курорт. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕ́Я,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца. За 43 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,65 км², даўж. 2,33 км, найб. шыр. 0,43 км, найб. глыб. 2,7 м. Пл. вадазбору 12,3 км². Даўж. берагавой лініі 6,2 км. Берагі нізкія, на З сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, каля ўсх. берага — апясчаненым глеем. Схілы катлавіны выш. 2 м, на ПнЗ — да 15 м, парослыя хмызняком і разараныя. Упадаюць 3 ручаі, выцякае р. Дражбітка.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ» гасцініца ў Мінску. Размешчана на вул. Старажоўскай, на ўзгорку левага берага р. Свіслач. Пабудавана ў 1987 (арх. Л.Пагарэлаў). Вышынны 22-павярховы 3-пялёсткавы ў сячэнні будынак, разлічаны на 1000 гасцінічных месцаў.

Планіроўка тыповага паверха радыяльная: ад цэнтр. ліфтавай групы разыходзяцца 3 калідоры з 2-баковым размяшчэннем нумароў. Каля ліфтавай групы і ў тарцах 2 крылаў міжпаверхавыя лесвіцы. Ад гал. корпуса ў бок праспекта Машэрава выступае самаст. 2-павярховае крыло з круглым у плане блокам рэстарана. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

А.М.Кулагін.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАПА́ЕЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Варапаева (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. 6,4 га. Створаны на аснове натуральнага хваёвага масіву ўздоўж зах. берага штучнага вадаёма.

Падзелены лагчынай на 2 часткі, злучаныя арачным мураваным мостам. Гал. ўезд у парк аформлены мураванай аркай, уезд у паўд. ч. вырашаны ў выглядзе 2 пар пілонаў рознай вышыні, папарна злучаных выгнутымі мураванымі сценамі. У парку растуць лістоўніца еўрапейская, клён ясенялісты, таполя бальзамічная і дэкар. кусты.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб. шыр. 0,79 км, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².

Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА, Бельскае возера,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны, у міжрэччы рэк Выдрыца і Ладасна, за 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 1,52 км², даўж. 2,12 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі 6,65 км. Пл. вадазбору 20,5 км².

Схілы катлавіны выш. 6—9 м, на Пн да 16 м. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд сплавінныя. Мелкаводдзе спадзістае, дно плоскае, уздоўж берага пясчанае. Бяссцёкавае. Зарастае ўздоўж берагоў, паласа расліннасці ад 25 да 100 м.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)