ЛІБІТЫ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня пахавання. У яе храме, які знаходзіўся ў прысвечаным ёй гаі, захоўваліся пахавальныя прыналежнасці. За кожнае пахаванне ў храм Л. плацілі манету і такім чынам вёўся ўлік памерлых. Пазней Л. атаясамлівалі таксама з Венерай і багіняй падземнага царства Празерпінай. Л. былі прысвечаны сады і вінаграднікі. У стараж.-рым. паэтаў Л. — сінонім смерці.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА, маруха, мора, кікімара,

у славянскай міфалогіі злы дух, першапачаткова, як і слав. багіня Марэна, увасабленне смерці, мору. Пазней М. часткова страціла сувязь са смерцю, але захавала шкодны для чалавека характар. У беларусаў М. — назва нечысці і чучала (называюць таксама Купалай і Марэнай), якое ў ноч на Івана Купалу спальваюць на вогнішчы або топяць у вадзе (гл. Купалле).

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ТАС,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),

у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КТА, Нікс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня ночы, якая супрацьстаіць багіні дзённага святла Гемеры. Лічылася дачкой Хаоса, сястрой Эрэба (Змроку), Эфіра (верхняга паветра) і Гемеры. З’яўляецца адной з пярвічных сусветастваральных патэнцый. Нарадзіла Танатаса (Смерць), Гіпноса (Сон), Гесперыд, Эрыду (багіню разладу), мойраў, Немесіду і Мома (бога зласлоўя). Жыллё Н. знаходзіцца ў бездані тартара; там сустракаюцца Н. (Ноч) і Гемера (Дзень), якія змяняюць адна адну і па чарзе абыходзяць зямлю.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПС,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, багатага жніва і пасеваў. Яе эпітэт Кансівія (Сейбітка), магчыма, звязаны з блізкасцю культу О. да культу агр. бога Конса. У гонар О. наладжваліся святы і ахвярапрынашэнні (25 жн. і 19 снеж.). У 3 ст. да н.э. яна атаясамлена з Рэяй і лічылася жонкай Сатурна, апякункай Рыма, дзе ў яе гонар на Капітоліі і на форуме былі пабудаваны храмы.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі стараж. багіня, тытаніда (гл. Тытаны), жонка і сястра тытана Кронаса. Лічылася дачкой Урана і Геі. Паводле міфаў, Р. нарадзіла Кронасу дачок і сыноў Гестыю, Дэметру, Геру, Аіда, Пасейдона і Зеўса. Кронас, які баяўся страціць уладу над светам, паядаў сваіх дзяцей. Р. шляхам падману выратавала і схавала ад яго Зеўса і Пасейдона. У перыяд позняй антычнасці Р. атаясамлівалі з фрыгійскай Вялікай маці багоў і называлі Р.-Кібелай.

т. 14, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)