«ПАЛІ́ТЫКА КАНАНЕ́РАК»,

«дыпламатыя кананерак», прымусовая дыпламатыя, выкарыстанне марской дзяржавай (часцей буйной дзяржавы супраць больш дробнай) або пагроза выкарыстаць абмежаваны атрад ВМФ (ВМС) без абвяшчэння вайны з мэтай атрымаць перавагу, пазбегнуць страт у міжнар. спрэчках і ў лакальных канфліктах; разнавіднасць палітыкі з пазіцыі сілы; адна з крайніх мер вырашэння міждзярж. спрэчак пасля эканам., фін., прапагандысцкага націску. Найб. пашырылася ў 20 ст. з-за яе больш лёгкага тэхн. ажыццяўлення. Магчымасці дзяржавы праводзіць «П.к.» залежаць ад магутнасці яе ваен. флоту, вызначаюцца эканам., паліт. і інш. фактарамі.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],

мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),

у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,

зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік m, што Am > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),

містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.​Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.

П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),

дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛ Аляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял. кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),

дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,

змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.​Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)