АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

Аманіт.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЯ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1658,

пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс. чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл. арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.​Слабодчыкаў).

Н.​В.​Сычова.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),

пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група нерастваральных у вадзе фарбавальнікаў. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна поліцыклічныя і антрахінонавыя фарбавальнікі; асобная група К.ф. — індыгоідныя фарбавальнікі і тыяіндыгоідныя.

Пры фарбаванні К.ф. папярэдне аднаўляюць у асн. асяроддзі. У выніку рэакцыі аднаўлення ўтвараюцца водарастваральныя солі лейказлучэнняў. Атрыманы фарбавальны раствор наз. кубам (індыга, вядомы са старажытнасці, аднаўлялі ў чопах — «кубах», адсюль назва). Лейказлучэнні ў адрозненне ад зыходных К.ф. добра сарбіруюцца валакном, а пры наступным акісленні (кіслародам паветра або інш. акісляльнікамі) рэгенерыруюць К.ф. з утварэннем высокаўстойлівай афарбоўкі. К.ф. вырабляюць у выглядзе парашкоў у спалучэнні са значнай колькасцю дыспергатараў і пастаў (для суспензійнага фарбавання і друкавання тканін), некаторыя — у выглядзе кубазолей — растваральных у вадзе натрыевых солей гідрагенсульфатаў эфіраў лейказлучэнняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўкі бавоўны, лёну, віскозных валокнаў і іх сумесей з поліэфірнымі валокнамі, а таксама футра ў шэры або руды колер.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,

1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял. Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.

2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.

3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.

У.​К.​Зарэмскі.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,

суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.​Менгер, Э.​Бём-Баверк, Ф.​Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.​Джэванс (Вялікабрытанія), Л.​Вальрас (Швейцарыя), М.​Туган-Бараноўскі і П.​Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.​Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.

М.​В.​Навучыцель.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКАЯ МО́ВА,

асобная галіна семіта-хаміцкіх моў (разам з копцкай мовай). З 5 ст. — мёртвая. Была пашырана на тэр. сучаснага Егіпта, выцеснена егіпецкім дыялектам арабскай мовы. Падзяляецца на стараж.-егіпецкую (32—22 ст. да н.э.), сярэднеегіпецкую і класічную (22—14 ст. да н.э.), новаегіпецкую (14—7 ст. да н.э.), дэматычную (7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.). Усе звесткі пра Е.м. прыблізныя, што тлумачыцца складанасцю пісьма.

У фанетыцы вядомы зычныя і галосныя (на пісьме не абазначаліся) гукі. Націск — на апошнім ці перадапошнім складзе. У марфалогіі назоўнік меў мужч. і жан. род, адз., парны і мн. лік; склоны выражаліся аналітычна. Прыметнікі падзяляліся на якасныя і адносныя (нісбі), лічэбнікі — на колькасныя і парадкавыя. Дзеясловы мелі незалежны і залежны стан, загадны і неазначальны лад; катэгорыя часу ў ранні перыяд Е.м. адсутнічала. У сінтаксісе асновай класіфікацыі сказаў быў выказнік; адрозніваліся дзеяслоўныя і недзеяслоўныя сказы. Першыя пісьмовыя помнікі, напісаныя егіпецкім пісьмом, датуюцца канцом 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,

раздзел паталогіі, які вывучае парушэнні фізіял. функцый і кампенсаторна-аднаўленчыя працэсы ў хворым арганізме. Падзяляецца на агульную і асобную. Агульная П.ф. разглядае прычыны (этыялогію), механізм развіцця (патагенез) хваробы, тыповыя паталаг. працэсы (запаленне, гіпаксію, гарачку, дыстрафію, парушэнні кровазвароту і інш.), аналізуе ўзаемаадносіны арганізма і знешняга асяроддзя. Асобная П.ф. вывучае паталаг. працэсы асобных органаў і сістэм. Асн. метад — эксперымент (мадэліраванне паталаг. працэсу і вывучэнне яго ў развіцці). Як самаст. навука вылучана ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар першага падручніка і заснавальнік П.ф. ў Расіі — В.​В.​Пашуцін. На Беларусі развіццё П.ф. звязана з адкрыццём кафедры паталаг. фізіялогіі пры БДУ (1928), працамі А.​Ю.​Бранавіцкага. Навук. даследаванні праводзяцца у мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу і інш. Вядучыя бел. спецыялісты па П.ф. — Ф.​І.​Вісмант, А.​А.​Крыўчык, А.​В.​Лявонава, Дз.​А.​Маслакоў, Ю.​Я.​Радзівонаў.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;

Патологическая физиология. Томск, 1994.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,

змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл. Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.

Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл. Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл. Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш. Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.

В.​В.​Валяўка.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)