АЙЗЕРМА́Н (Тэадор Ільіч) (н. 14.5.1914, с. Жоўцень Адэскай вобл.),
расійскі філосаф. Акад.АНСССР (1981, чл.-кар. 1968). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1938). Працаваў у МДУ, у Ін-це філасофіі АНСССР. Працы па гісторыі зах.-еўрап. філасофіі, тэорыі гіст.-філас. працэсу: «Праблемы гісторыка-філасофскай навукі» (1969, 2-е выд. 1982), «Асноўныя філасофскія кірункі» (1971), «Крызіс сучаснага ідэалізму» (1972) і інш.Чл. рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65). Дзярж. прэмія СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.
Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн.т нафты і 1675,2 млрд.м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ БУДЫ́НКІ,
будынкі для размяшчэння тэхнал., трансп., энергет. і інш. абсталявання, ажыццяўлення тэхнал. працэсаў і выпуску гатовай прадукцыі. Падзяляюцца на асноўныявытв. і падсобна-вытв. ці дапаможныя цэхі; энергет. аддзяленні, што служаць для размяшчэння абсталявання, якое вырабляе сціснутае паветра, пар, электраэнергію і інш. Для выканання тэхнал. цыклаў П.б. аснашчаны грузападымальным і падымальна-трансп. абсталяваннем, сродкамі прамысл. транспарту, сродкамі сувязі і інш.Гл. таксама Прамысловыя збудаванні.
Тыпы прамысловых будынкаў: 1 — аднапавярховыя; 2 — павільённага тыпу; 3 — шматпралётны з папярочным зборачным пралётам; 4 — шматпавярховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л.асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,
комплекс работ па будаванні аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц, плошчаў і інш. аб’ектаў дарожна-трансп. прызначэння. Падзяляюцца на падрыхтоўчыя, асноўныя, дапаможныя і заключныя.
Падрыхтоўчыя работы — расчыстка дарожнай паласы, уладкаванне пад’ездаў, буд. пляцовак, часовых вытв. і інш. збудаванняў; асноўныя работы — нарыхтоўчыя (здабыча ў кар’ерах і апрацоўка каменных і інш.дарожна-будаўнічых матэрыялаў, выраб на спецыялізаваных прадпрыемствах бетоннай сумесі, дарожных пліт, труб, маставых канструкцый і інш.) і буд.-мантажныя (узвядзенне землянога палатна, укладка дарожнага адзення, буд-ватунэляў, пуцеправодаў, мастоў, інж. ўладкаванне дарогі, устаноўка знакаў дарожных, агароджы і інш.); дапаможныя работы — мантаж і дэмантаж тэхнал. установак, перанос ліній сувязі і інш.; заключныя работы — рэкультывацыя зямель, ліквідацыя часовых пабудоў, выдаленне буд. адходаў і смецця. Адрозніваюць таксама лінейныя работы (з раўнамерным размеркаваннем аб’ёмаў работ па трасе дарогі) і сканцэнтраваныя (напр., буд-ватрансп. развязак, мастоў, будынкаў); земляныя работы, бетонныя работы, грунтаўмацавальныя, гідраізаляцыйныя і інш. Механізацыя Д.-б.р. забяспечваецца выкарыстаннем агульнабуд. (гл.Будаўнічыя машыны) і дарожна-буд. машын (гл.Дарожныя машыны).
Літ.:
Технология и организация строительства автомобильных дорог. М., 1992.
І.І.Леановіч.
Да арт.Дарожна-будаўнічыя работы. Будаўніцтва цэментна-бетоннага дарожнага пакрыцця (укладка сумесі на падрыхтаванае земляное палатно).Да арт.Дарожна-будаўнічыя работы. Укладка ахоўнага слоя дарожнага пакрыцця (размеркаванне друзу па слоі бітуму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НУ ЗАКО́НЫ,
адзін з самых стараж.літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНЬЯ́К (французскае Aurignac),
археалагічная культура верхняга палеаліту на тэрыторыі шэрагу краін Еўропы, у Палесціне, Іране і Афганістане. Назва ад пячоры Арыньяк (дэпартамент Верхняя Гарона, Францыя), дзе ў 19 стагоддзі даследавана стаянка першабытнага чалавека. Асноўныя помнікі датуюцца ў межах 35—25 тысяч год да нашай эры, найбольш ранняя дата, вызначаная радыевугляродным метадам, — 42 350±1900 да нашай эры (пячора Ішталошкё, Венгрыя). Для Арыньяка характэрны касцяныя наканечнікі з раздвоенай асновай (так званыя арыньякскія). Вырабляліся крамянёвыя пласціны з рэтушшу па краях, востраканечнікі, разцы і іншыя прылады. У перыяд Арыньяка на яго заходнім арэале з’явіліся першыя творы наскальнага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,
галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.