КРЫВАШЭ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч (н. 16.4.1949, г. Ніжнія Сяргі Свярдлоўскай вобл., Расія),
бел. музыкант, педагог. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976). З 1976 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 саліст Дзярж. камернага аркестра, з 1980 канцэртмайстар групы кантрабасаў Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1979 адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы пры ёй. Выконвае сола ў аркестры, у т. л. канцэрты для кантрабаса з арк., выступае з сольнымі канцэртамі. Аўтар транскрыпцый для кантрабаса многіх твораў бел. кампазітараў. Дыпламант міжнар. конкурсу імя Я.Кокі (1997, Кішынёў).
т. 8, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 27.5.1956, Мінск),
бел. баяніст, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра імя І.Жыновіча, адначасова з 1984 у складзе трыо баяністаў пры аркестры. Сярод твораў: вальс-мазурка (1976), муз. карцінка «Ясь і Яніна» (1992), для дуэта гармонікаў у суправаджэнні аркестра «Гармонік-частушка» (2000), для нар. арк. «Серэнада», рапсодыя «Вочы чорныя» з арк. (абодва 2001), уверцюра «Святочны рэверанс», п’еса-экспромт «Натхненне» (абедзве 2002) і інш., а таксама аранжыроўкі і канцэртныя апрацоўкі нар. мелодый для трыо баянаў і інш.
М.Р.Солапаў.
т. 15, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАРМО́НІЯ (ад філ... + гармонія),
адна з канцэртных устаноў, якая прапагандуе творы класічнай муз. спадчыны, сучаснай музыкі, майстэрства айчынных і замежных выканаўцаў. Паходзіць ад філарманічных т-ваў 19 ст. Еўропы і Амерыкі. У складзе Ф. звычайна пастаянныя маст. калектывы: аркестры, хар. капэлы, камерныя хары, ансамблі, выканаўцы-салісты, чытальнікі, танцоры, музыказнаўцы. Наладжвае канцэрты замежных выканаўцаў, гастролі сваіх калектываў, а таксама муз.-адукац. канцэрты, у т. л. для дзяцей, папулярныя лекцыі і інш. На Беларусі працуюць: Беларуская філармонія (з 1937), абласныя — Гомельская (з 1967), Брэсцкая (з 1986), Гродзенская (з 1987), Віцебская (з 1989), Магілёўская (з 1990).
т. 16, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской у Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш. Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл. Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл. Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
т. 13, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ Барыс Ігнатавіч (13.1.1920, г. Мціслаў Магілёўскай вобл. — 28.9.1992),
бел. Скрыпач, дырыжор. Нар. арт. Расіі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона). З 1944 у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі (у 1953—60 маст. кіраўнік і гал. дырыжор). Інтэрпрэтаваў сімфоніі Р.Пукста, Я.Глебава, Я.Цікоцкага, сімф. паэмы У.Алоўнікава. Як скрыпач-ансамбліст удзельнічаў у выкананні бел. квартэтаў 1940—50-х г. З 1960 гал. дырыжор Пермскага, з 1976 — Адэскага, з 1984 — Днепрапятроўскага т-раў оперы і балета. Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Арлеанская дзева» П.Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Турандот» Дж.Пучыні, «Не толькі любоў» Р.Шчадрына і інш.
т. 2, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВІ́ЧНЫ (Konwitschny) Франц (14.8.1901, Фульнек, Чэхія — 28.7. 1962),
нямецкі дырыжор. Праф. (1951). Вучыўся ў Брно (1921—23) і Лейпцыгу (1923—25). Іграў у лейпцыгскім аркестры Гевандхаўза (скрыпка, альт). У 1925—27 выкладаў у Венскай кансерваторыі, адначасова выступаў у складзе «Фіцнер-квартэта». Працаваў дырыжорам у Штутгарце, генерал-музік-дырэктарам у Фрайбургу, Франкфурце-на-Майне. З 1945 оперны і канцэртны дырыжор у Гановеры. У 1949—62 кіраваў аркестрам Гевандхаўза. Інтэрпрэтатар твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Р.Вагнера, Р.Штрауса, І.Брамса, сучасных ням. кампазітараў. Муз. кіраўнік шэрагу пастановак у оперным т-ры Дрэздэна і Ням. дзярж. оперы (Берлін). Нац. прэміі ГДР 1951, 1956, 1960.
т. 7, с. 576
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬЗА́ЦКІ Юрый Давыдавіч (31.12.1909, Варшава — 31.8.1963),
бел. кампазітар, дырыжор, піяніст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання (1934). На Беларусі з 1939. У 1940—47 у Дзярж. джаз-аркестры БССР, з 1949 канцэртмайстар Белдзяржэстрады, у 1958—61 маст. кіраўнік і гал. дырыжор канцэртна-эстраднага аркестра Бел. радыё. Сярод твораў муз. камедыя «Даліна шчасця» (паст. 1957); араторыя «Маёй Радзіме» (1963); Сюіта на тэмы польскіх нар. танцаў і Балетная сюіта для сімф. арк.; Канцэрт для скрыпкі з арк. (1955), «Ваенная фантазія», Фантазія на тэмы песень У.Алоўнікава (для эстр. арк.), музыка да кінафільмаў «Паўлінка», «Зялёныя агні», «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Каханнем трэба даражыць» (усе ў сааўт.), «Наперадзе круты паварот» і інш.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 3, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць нар. мас у галіне выяўл. і дэкар.-прыкладнога, муз., тэатр., харэагр. і цыркавога мастацтваў, кінамастацтва, фатаграфіі і інш. Асаблівага росквіту дасягнула ў рэчышчы агульнай маст. культуры, адлюстроўваючы рост эстэт. запатрабаванняў працоўных. Вытокі С.м. ў народнай творчасці. Існуе пераважна ў арганізаваных (самадз. калектывы пры палацах і дамах культуры, цэнтрах творчасці, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных (асобныя мастакі, скульптары, фота- і кінааматары) формах. Пра развіццё асобных відаў гл. Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Самадзейнае музычнае мастацтва, Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва, Аматарскае кіно, Фотамастацтва, Народныя інструментальныя ансамблі, Народныя кансерваторыі, Народныя самадзейныя калектывы, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.
т. 14, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЯ́РСКІ Пётр Саламонавіч (30.11.1871, г.п. Ліпавец Вінніцкай вобл., Украіна — 29.4.1944),
украінскі скрыпач-педагог; адзін з заснавальнікаў сав. скрыпічнай школы. Нар. арт. Украіны (1939) Скончыў Адэскае муз. вучылішча Рас. муз. т-ва (1900). З 1898 скрыпач у аркестры Адэскага опернага т-ра, адначасова з 1911 выкладаў у засн. ім муз. школе. З 1920 выкладаў у Адэскай кансерваторыі (з 1923 праф.), пры ёй разам з інш. музыкантамі арганізаваў школу-дзесяцігодку, на ўзор якой створаны шматлікія сярэднія муз. школы краіны. Распрацаваў новы метад прафес. навучання дзяцей ігры на скрыпцы. Сярод вучняў Л.Гілельс, Д.Ойстрах і інш.
Літ.:
О нашем учителе: К столетию П.С.Столярского: (Д.Ойстрах, С.Фурер, Л.Мордкович) // Сов. музыка. 1972. № 3.
т. 15, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМКО́ Аляксандр Яўгенавіч (н. 24.12.1961, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1984), з 1990 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1986 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Па яго ініцыятыве ў аркестр упершыню ўведзены нар. інструменты акарына, дуда, жалейка, саломка, чаротка (выконвае на іх сола ў аркестры, у т. л. ў складзе квартэта жалеек). Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў («Перагукі-перазвоны», «На вечарынцы», «Кругавыя танцы», «Жалеечны вяночак», «Звіняць цымбалы і гармонік»), апрацовак бел. нар. песень («Чырвоная калінанька», «Ах ты, зорка мая», «Ой, там, на таргу» і інш.; уваходзяць у рэпертуар Дзярж. нар. аркестра), інструментовак цыкла песень С.Манюшкі на словы Я.Чачота.
Л.А.Сівалобчык.
т. 8, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)