«АПО́ВЕСЦЬ МІНУ́ЛЫХ ГАДО́Ў», «Повесть временных лет»,

помнік усх.-слав. летапісання, першы агульнарус. летапісны звод. Складзены на пач. 12 ст., відаць, манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Збераглася ў розных летапісных зводах (Лаўрэнцьеўскі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс і інш.), у скарочанай рэдакцыі — у шматлікіх гіст. зборніках і хранаграфічных кампіляцыях. Асн. змест твора — паліт. гісторыя ўсх. славян, Кіеўскай дзяржавы, пададзеная на шырокім міжнар. фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Ва ўступнай, недатаванай частцы, напісанай у форме гіст. аповесці пра далёкае мінулае. Расіі, гаворыцца пра паходжанне славян, рассяленне ўсх.-слав. плямёнаў, іх норавы і звычаі, пра ўзнікненне Кіева, першых кіеўскіх князёў. На аснове фальклорнай традыцыі апісваюцца падзеі 9—10 ст. (у т. л. паданне пра запрашэнне варагаў на Русь, якое лягло ў аснову т.зв. нарманскай тэорыі), намаляваны вобразы стараж.-рус. князёў Алега, Ігара, Святаслава, княгіні Вольгі. У датаванай частцы летапісу храналагічна ў пагадовай форме выкладзена гісторыя Русі ад першай звесткі, пазначанай 852, і да 1110 уключна, адлюстравана эпоха барацьбы ўсх. славян за сваю свабоду і незалежнасць. Значнае месца займаюць звесткі па гісторыі рус. царквы, пра хрышчэнне Русі. Крыніцамі для зводу паслужылі папярэднія кіеўскія і візант. летапісы, хронікі, жыціі і дакумент. матэрыялы, Біблія. Складальнік летапісу быў аўтарам шырокага кругагляду і вял. пісьменніцкага таленту. Багатая па змесце і арыгінальная па форме «Аповесць мінулых гадоў» — каштоўная крыніца пазнання жыцця продкаў рус., бел. і ўкр. народаў. Летапіс змяшчае унікальныя звесткі з гісторыі бел. зямель, асабліва Полацкага княства. Толькі ў «Аповесці...» расказваецца пра полацкага кн. 10 ст. Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Выкладзена падрабязная гісторыя жыцця і дзейнасці кн. Усяслава Брачыславіча. У летапісе прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацк, Віцебск, Мінск, Тураў, Пінск, Бярэсце, Друцк і інш. бел. гарады. У скарочаным выглядзе (запісы пра падзеі 854—1074) «Аповесць мінулых гадоў» увайшла ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 1—2. М., 1962.

Літ.:

Шахматов А.А. Разыскания о древнейших русских летописных сводах. Спб., 1908;

Яго ж. Повесть временных лет. Т. 1. Пг., 1916;

Лихачев Д.С. Русские летописи и их культурно-историческое значение. М.; Л., 1947.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТАЎДА́ЛА», «Книга о Таудале-рыцеры»,

помнік бел. перакладной л-ры 16 ст., твор царк.-рэліг. характару. Арыгінал аповесці ўзнік у 12 ст. на лац. мове ў Ірландыі. Бел. пераклад з чэшскай крыніцы. У аповесці выкарыстаны папулярны матыў тагачаснай л-ры — дзівоснае перавыхаванне героя-грэшніка. У аснове сюжэта незвычайнае падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны страшнымі пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысц. запаветах. Твор цікавы як сведчанне духоўных запатрабаванняў таго кола бел. чытачоў эпохі Адраджэння, у асяроддзі якіх былі яшчэ жывыя сярэдневяковыя ўяўленні і густы.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,

помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб. верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА МЕРКУ́РЫЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,

гл. «Слова пра Меркурыя Смаленскага».

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Новая аповесць аб праславутым Расійскім царстве» 1/389

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Аповесць Нестара-Іскандара пра ўзяцце Царграда» 1/389

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Аповесць пра паход Батыя на Разань» 3/146

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА АТЫ́ЛУ — КАРАЛЯ́ УГО́РСКАГА»,

гл. «Гісторыя пра Атылу».

т. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ВАРЛАА́МА І ІАСА́ФА»,

гл. «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа».

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРОХ КАРАЛЁЎ»,

помнік бел. перакладной л-ры апакрыфічнага характару. Арыгінал напісаны ў 14 ст. ням. манахам Іаганам з Гільдэсгейма на лац. мове. На бел. мову перакладзены ў 2-й пал. 15 ст. У аснове аповесці евангельскі эпізод пра пакланенне немаўляці Ісусу Хрысту трох усх. цароў-язычнікаў, якія пасля сталі шчырымі хрысціянамі. У творы апісваецца іх незвычайнае падарожжа ў «святую зямлю», прырода зямель Б. Усходу, побыт, звычаі, веравызнаўчыя і этнічныя асаблівасці розных народаў, у т. л. грэкаў, сірыйцаў, армянаў, грузінаў. У аповесці многа фантастычнага, авантурна-прыгодніцкага. Яна каштоўная як сведчанне духоўных запатрабаванняў пэўных слаёў бел. чытачоў 15—16 ст., адна з крыніц іх уяўленняў пра краіны Б.​Усходу. Пераклад даволі прафесійны, мова без царкоўнаславянізмаў.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)