трэцяя літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац.алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЎРЫ́Т,
сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл.Яўрэйскае пісьмо).
І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал. функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст.л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл.Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.
Літ.:
Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;
Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,
адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст.н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац.алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш.нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус.грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,
складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э.зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял.нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац.алфавіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.
У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».
Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац.алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).
Літ.:
Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж. славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав. землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;