1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АФГА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Паводле дагавора 1921 аб дружбе, падпісаным 28 лют. ў Маскве, бакі пацвердзілі незалежнасць адзін аднаго і ўсталяванне дыпламат. адносін; узаемна абавязаліся не ўступаць з трэцяй дзяржавай у ваен. ці паліт. пагадненні, якія б пашкодзілі аднаму з бакоў. Сав. бок даваў Афганістану права свабоднага і бязмытнага транзіту тавараў праз сваю тэр., абавязаўся аказаць апошняму фін. і матэрыяльную дапамогу. Дагавор 1926 аб нейтралітэце і ненападзе, падпісаны 31 жн. ў Пагмане (Афганістан), прадугледжваў неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго; недапушчэнне на сваёй тэр.ўзбр. атрадаў і арг-цый, варожых да інш. боку; няўдзел у саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць інш. боку; нейтралітэт у выпадку канфлікту аднаго з бакоў з трэцяй дзяржавай. Дагавор 1931 аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзе, падпісаны 24 чэрв. ў Кабуле, пацвярджаў палажэнні дагавора 1926. Пагадненне 1946 па памежных пытаннях, падпісана 13 чэрв. ў Маскве, устанаўлівала сав.-афганскую мяжу па тальвегу (найб. глыбокай частцы) р. Амудар’я. Пагадненне 1956 пра супрацоўніцтва ў развіцці Афганістана, падпісана 28 студз. ў Кабуле, давала магчымасць афганскаму боку набыць сав. крэдыт, што дапамагло Афганістану пераадолець эканам. страты, панесеныя ім у выніку канфлікту з Пакістанам. Дагавор 1978 аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж СССР і Дэмакр. Рэспублікай Афганістан (ДРА), падпісаны 5 снеж. ў Маскве, пацвярджаў прынцыпы дагавораў 1921, 1926 і 1931; прадугледжваў узаемныя кансультацыі бакоў з мэтай забеспячэння бяспекі і незалежнасці адзін аднаго, шырокае супрацоўніцтва і аказаннеСССР Афганістану дапамогі ў паліт., эканам., культурнай, ваен. і інш. галінах. Стаў фармальнай падставай для ўводу сав. войск у ДРА у снеж. 1979. Скасаваны пасля падзення рэжыму Наджыбулы ў крас. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказаннеэканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл.Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),
форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).
На тэр.Вял.кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл.Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.
У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц.культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказаннегуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,
становішча (сітуацыя) на пэўнай тэрыторыі, якое склалася (узнікла) у выніку надзвычай неспрыяльных прыродных, тэхнагенных, экалагічных і інш. фактараў. Характарызуецца рэзкім адхіленнем ад нормы з’яў і працэсаў, аказвае значнае ўздзеянне на жыццядзейнасць людзей, эканоміку, сац. сферу і прыроднае асяроддзе. Н.с. падзяляюцца на аварыі (пашкоджанне станкоў, установак, энергасістэм, трансп. сродкаў, будынкаў, памяшканняў без чалавечых ахвяр), катастрофы (падзеі з трагічнымі вынікамі, буйныя аварыі з людскімі ахвярамі), стыхійныя бедствы (небяспечныя працэсы геафіз., геал., гідралагічнага, атм. паходжання, якія прыводзяць да катастроф).
У гісторыі чалавецтва вядомы шматлікія глабальныя, рэгіянальныя і аб’ектавыя катастрофы. Захаваліся легенды пра Сусветны патоп, знікненне Атлантыды ў водах акіяна. Вывяржэнне Везувія ў 79 н.э. знішчыла г. Пампеі. У час эпідэміі чумы ў 1340—60 загінула больш за 100 млн.чал., пры землетрасеннях у Кітаі (правінцыя Шаньсі) ў 1556—830 тыс.чал., у 1976 (Таншан-Фэнань) — каля 700 тыс.Найб. значныя тэхнагенныя катастрофы: у 1984, у Бхопале (Індыя), дзе таксічным газам атручана больш як 17 тыс.чал.; радыяцыйнае забруджванне ў выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986. Катастрофы на транспарце: гібель «Тытаніка» ў 1912 (загінула больш за 1500 чал.), «Індыгіркі» ў 1939 (1500 чал.), «Адмірала Нахімава» ў 1986 (больш за 400 чал.), «Эстоніі» ў 1994 (больш за 900 чал.). У авіякатастрофах 20 ст. загінула каля 100 тыс.чал. У дачыненні да Н.с. выключнае значэнне маюць прадухіленне і ліквідацыя. Прадухіленне Н.с. уключае комплекс прававых, арганізацыйных, эканам., інж.-тэхн., прыродаахоўных і інш.спец. мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне ці максімальна магчымае змяншэнне рызыкі іх узнікнення, на захаванне здароўя людзей, зніжэнне памераў страт у эканоміцы і маёмасці грамадзян, шкоды навакольнаму асяроддзю. Звядзенне да мінімуму імавернасці ўзнікнення Н.с. дасягаецца: забеспячэннем тэхнал. надзейнасці сістэм бяспекі ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, сельскай гаспадарцы; неабходнымі даследаваннямі ў сферы забеспячэння жыццядзейнасці, абмежаваннем выкарыстання выбухова-, пажара-, хімічна, радыяцыйна, біялагічна небяспечных рэчываў і тэхналогій; увядзеннем новых бяспечных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, супрацьаварыйнай аховы тэхн. аб’ектаў; аддаленнем патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў ад жылых зон і сістэм іх жыццезабеспячэння; кантролем і наглядам за станам патэнцыяльна небяспечных вытв-сцей і аб’ектаў; стварэннем рэзерваў, неабходных для ліквідацыі Н.с. Ліквідацыя Н.с. уключае: разведку (агульную і спецыяльную — біял., інж., мед., хім., пажарную, радыяцыйную, сан.-эпідэміялагічную) з мэтай высвятлення віду Н.С.; выяўлення крыніц небяспекі. вызначэнне маштабу і межаў Н.с.; назіранне за зменай становішча ў зоне Н.с.; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ; ліквідацыю Н.с., жыццезабеспячэнне насельніцтва і сіл ліквідацыі Н.с. Першачарговыя дзеянні пры аварыях, выбухах, пажарах і інш. Н.с. — пошук і выратаванне пацярпелых, тушэнне пажару, лакалізацыя і падаўленне небяспечных фактараў, а таксама выратаванне матэрыяльных і культ. каштоўнасцей, ахова прыроднага асяроддзя, аказанне пацярпеламу насельніцтву мед. і інш. дапамогі, стварэнне ўмоў, мінімальна неабходных для захавання жыцця і здароўя людзей, падтрыманне іх працаздольнасці. Аварыйна-выратавальныя і інш. неадкладныя работы вядуцца ў небяспечных умовах і патрабуюць спец. падрыхтоўкі спецыялістаў, іх адпаведнай экіпіроўкі і аснашчэння.
Для Беларусі найб. імаверныя Н.с.: аварыі і пажары з выкідам моцнадзейных атрутных рэчываў на хімічна небяспечных аб’ектах (іх у краіне больш за 370), аварыі на АЭС, што знаходзяцца каля межаў рэспублікі (Ігналінская, Літва; Смаленская, Расія; Чарнобыльская і Ровенская, Украіна); аварыі на магістральных нафта-, прадукта- і газаправодах. Магчымы таксама небяспечныя і разбуральныя прыродныя з’явы: паводкі, ураганы, смерчы, лясныя пажары, тарфяныя пажары, моцныя замаразкі. Для арганізацыі дзярж. мер па прадухіленні і ліквідацыі Н.с. прыроднага і тэхнагеннага характару створана Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (1999).
Літ.:
Жалковский В.И., Ковалевич З.С. Защита населения в чрезвычайных ситуациях. Мн., 1998;
Ионина Н., Кубеев М. 100 великих катастроф. М., 1999;
Катастрофа и человек. Кн. 1. Российский опыт противодействия чрезвычайным ситуациям. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказаннепаслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т.л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т.л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),
Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г.Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.
Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс.ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.
Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.С.Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл.ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал.паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.
Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд.дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн.т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд.кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен.прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар.гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд.дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс.га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс.т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд.дол., імпарт — 133,9 млрд.дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сінгапура.Да арт.Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.