ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННАЯ ПА́ЛАЧКА (Bacillus subtilis),

спораўтваральная бактэрыя сям. бацыл. Пашырана ў глебе, на раслінных рэштках, у паветраным пыле. Часам выклікае псаванне харч. прадуктаў.

Клеткі палачкападобнай формы, грамстаноўчыя, рухомыя. Аэробныя арганізмы, сапратрофы, раскладаюць арган. рэчывы (вугляводы, бялкі). Непатагенныя. Выдзяляюць з настою сена (адсюль назва). Выкарыстоўваюць у мікрабіял. і малекулярна-генет. даследаваннях, у біятэхналогіі.

т. 14, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),

падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.

Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.

Да арт. Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.

Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).

С.​Л.​Максімава.

Мяккацелкі: 1 — цёмная; 2 — парасонавая.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПІЕВА ДАРО́ГА (лац. via Appia),

першая брукаваная дарога (працягласць каля 350 км), пракладзеная ў 312 да н.э. паміж Рымам і Капуяй. Пабудавана ў стратэг. мэтах пры цэнзару Апію Клаўдзію (адсюль назва), у 244 да н.э. прадоўжана да Брундызія. Вымашчана квадратнымі камянямі, уздоўж дарогі (каля Рыма) захаваліся помнікі стараж. некропаля язычніцкіх і раннехрысц. часоў.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІ́ЛЫ,

1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.

2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬПУ́РГІЕВА НОЧ,

у сярэдневяковай германскай міфалогіі свята пачатку вясны ў ноч на 1 мая (дзень св. Вальпургіі, адсюль назва); паводле ням. нар. павер’я з 8 ст. свята ведзьмаў («вялікі шабаш») на гары Брокен у Германіі. Напярэдадні вальпургіевай ночы праводзілі магічныя цырымоніі выгнання ведзьмаў. Лічылі, што травы ў гэтую ноч набываюць цудадзейную сілу.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н,

у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРАЙ НАДЗЕ́І МЫС (англ. Cape of Good Hope),

скалісты мыс на Пд Афрыкі (34°2′ паўд. ш. і 18°30′ усх. д.), у Паўд. Афр. Рэспубліцы. Партуг. мараплаўца Б.​Дыяш, які адкрыў мыс у 1488, назваў яго мысам Бур, але партуг. кароль Жуан II перайменаваў яго ў Д.н.м., спадзеючыся дасягнуць адсюль Індыі.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)