ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, якая ствараецца з мэтай выкарыстання нязвыклых інструментарыя і гукавога матэрыялу, абумоўлена пошукам новых галін гукавога мастацтва, часам з выкарыстаннем прыёмаў, якія раней не мелі дачынення да музыкі. Першыя спробы Э.м. адносяцца да эпохі Адраджэння (напр., аднаўленне ант. мікрахраматыкі Н.Вічэнціна, 1555). У 20 ст. Э.м. называлі канкрэтную музыку і электронную музыку. Да яе адносяць таксама спробы святламузыкі і стварэнне машыннай музыкі.
т. 18, кн. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ (Dmowski) Раман Станіслаў (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац. к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел. нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Літ.:
Wapiński R. Roman Dmowski. Lublin, 1988.
т. 6, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,
дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЛІ́Н, амінабензол, феніламін,
найпрасцейшы араматычны амін, C6H5NH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 184,4 °C, шчыльн. 1,02 ∙ 103 кг/м³; растваральны ў вадзе, спіртах, эфірах. Мае ўласцівасці асноў, з мінер. кіслотамі ўтварае солі. Асн. метад атрымання аніліну — аднаўленне нітрабензолу (упершыню атрыманы з індыга). Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, фотаматэрыялаў, выбуховых рэчываў, лекаў, паскаральнікаў вулканізацыі каўчуку і інш. Ядавіты (дзейнічае на ц. н. с., выклікае дэгенерацыю эрытрацытаў крыві, гемоліз), ГДК 0,1 мг/м³.
т. 1, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,
працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.
Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).
т. 13, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ (эканам.),
пастаяннае паўтарэнне і бесперапыннае аднаўленне працэсаў вытв-сці. Уключае 4 фазы: вытв-сць, размеркаванне, абмен і спажыванне. Зыходным ва ўзнаўленчым працэсе з’яўляецца вытв-сць, іншыя яго фазы залежаць ад яе і ўплываюць на яе. Ва ўмовах рыначнай эканомікі, калі вырабляецца тое, што карыстаецца попытам і канкрэтна спажываецца, роля абмену і спажывання павышаецца і паслядоўнасць фаз мяняецца — за вытв-сцю ідзе абмен, а потым размеркаванне і спажыванне. Па элементах вылучаюць У. фактараў вытв-сці (сродкі вытв-сці, рабочая сіла, прыродныя рэсурсы), У. прадукту, У. вытв. адносін. Напр., У. рабочай сілы таксама носіць пафазны характар і ўключае сістэму адносін, звязаных з яе вытв-сцю, размеркаваннем, абменам і выкарыстаннем. Гэта прадугледжвае захаванне дзеючай рабочай сілы, аднаўленне зрасходаванай рабочай сілы і колькасны прырост занятых у грамадскай вытв-сці, назапашванне ведаў, практычнага вопыту пры навучанні і прац. дзейнасці. Неабходнай умовай грамадскага У. выступае размеркаванне рабочай сілы на аснове прафес. і функцыянальнага падзелу працы. У працэсе абмену ўладальнік рабочай сілы сваю здольнасць да працы прадае ўласніку сродкаў вытв-сці, а пры выкарыстанні (спажыванні) рабочай сілы жывая праца матэрыялізуецца ў вырабленых прадуктах ці паслугах. Паводле эканам. зместу адрозніваюць простае і расшыранае У. Простае У. — паўтарэнне працэсу вытв-сці ў ранейшых памерах; дадатковых сродкаў для набыцця фактараў вытв-сці не патрабуе. Расшыранае У. — паўтарэнне і аднаўленне працэсу вытв-сці з усё большым павелічэннем яе маштабаў. К.Маркс распрацаваў умовы рэалізацыі сукупнага грамадскага прадукту пры простым і расшыраным У. Пры простым У. сукупны грамадскі прадукт толькі кампенсуе спажытыя жыццёвыя даброты, затрачаныя на яго вытв-сць прылады і прадметы працы, з прычыны чаго накапленне ў грамадстве адсутнічае. Пры расшыраным У. сукупны грамадскі прадукт не толькі кампенсуе гэтыя затраты, але і забяспечвае іх лішак для расшырэння вытв-сці, стварэння рэзерваў і страхавых запасаў. У тэорыі рыначнай эканомікі падыходамі К.Маркса не карыстаюцца. Макраэканамічная раўнавага вывучаецца на аснове суадносін сукупнага попыту і сукупнай прапановы, але сутнасць У. не адмаўляецца. Лічыцца, што У. — гэта расшырэнне вытв-сці на аснове накаплення і інвестыцый, і ставіцца праблема суадносін спажывання, ашчаднасці і інвестыцый.
А.В.Бондар, М.І.Платніцкі.
т. 16, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,
у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.
т. 1, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ФУНДАМЕНТА́ЛЬНАЯ БДУ́.
Засн. ў 1921 у Мінску. У Вял. Айч. вайну знішчана. Аднаўленне фонду пачалося ў 1943. На 1.1.1995 ён складаў больш за 2100 тыс. экз. Зберагаюцца асобныя выданні 18—19 ст., класікаў замежнай л-ры, кнігі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, дысертацыі, абароненыя ў БДУ. Абменьваецца навук. выданнямі з замежнымі краінамі. Метадычны цэнтр б-к ВНУ Беларусі. Пры б-цы працуюць 4 факультэцкія і 49 б-к пры кабінетах і кафедрах.
т. 3, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)