РУ́ЗСКІ Мікалай Уладзіміравіч (18.3.1854—19 або 21.10.1918),
расійскі ваен. дзеяч, удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі. Ген. ад інфантэрыі (1909), ген.-ад’ютант (1914). Скончыў Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-тур. 1877—78 і рус.-яп. 1904—05 войнаў. У 1902—04 нач. штаба Віленскай ваен. акругі. У 1906—09 камандаваў 21-м корпусам. З 1909 чл.Ваен. савета, з 1912 пам. камандуючага войскамі Кіеўскай ваен. акругі. У пач. 1-й сусв. вайны каманд. 3-й арміяй Паўд.-Зах. фронту, вызначыўся ў час Галіцыйскай бітвы 1914. У вер. 1914—сак. 1915 галоўнакаманд. войскамі Паўночна-Заходняга фронту. Чл.Дзярж. савета (1915). У 1915 каманд. асобнай 6-й арміяй, потым галоўнакаманд. войскамі Паўн. фронту (1915, 1916—17). У пач.Лютаўскай рэвалюцыі 1917 настаяў на адрачэнні Мікалая II ад трона. З крас. 1917 у адстаўцы. У вер. 1918 узяты ў заложнікі Каўказскай (11-й) Чырв. Арміяй, расстраляны або забіты ў выніку самасуду.
Літ.:
Данилов Ю.Н. На пути к крушению. М., 1992;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РЫС (Canaris) Вільгельм (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),
германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм.ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютантваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар.ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНЯ́ВІНЫ,
расійскі дваранскі род, з якога паходзіў шэраг ваенна-марскіх дзеячаў.
Навум Акімавіч (каля 1680—4.6.1738), віцэ-адмірал (1727). У Паўн. вайну 1700—21 як камандзір (з 1713) лінейнага карабля ў баі 4.6.1719 каля в-ва Эзель (цяпер Саарэмаа, Эстонія) прымусіў здацца 3 швед. караблі. У 1728—32 камандаваў галерным флотам. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандуючы (з вер. 1737) Дняпроўскай ваеннай флатыліяй. Аляксей Навумавіч (1716—21.8.1797), адмірал (1775). Сын Навума Акімавіча. Удзельнік рус.-тур. вайны 1735—39 на караблях Дняпроўскай флатыліі. У Сямігадовую вайну 1756—63 камандаваў лінейным караблём пры блакадзе порта Кольберг (цяпер Калобжаг, Польшча). У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў Данской флатыліяй. Удзельнічаў у стварэнні рас. Чарнаморскага флоту. Дзмітрый Мікалаевіч (17.8.1768—17.4.1831), ген.-ад’ютант (1825), адмірал (1826). Стрыечны пляменнік Аляксея Навумавіча. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, Міжземнаморскага паходу Ф.Ушакова 1798—1800, Адрыятычнай экспедыцыі 1806—07, Архіпелагскіх экспедыцый рускага флоту (2-й экспедыцыі 1806—07), руска-англійскай вайны на моры 1807—12. З 1825 камандуючы Балт. флотам. Развіваў манеўраную тактыку ветразевага флоту. Яго імем наз. шэраг геагр. аб’ектаў, рас. і сав. баявых караблёў.
Літ.:
Скрицкий Н.В. Самые знаменитые флотоводцы России. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Карскі) Мікалай Мікалаевіч
(25.7.1794, С.-Пецярбург — 30.10.1866),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат. Ген.-ад’ютант (1833, 1854). Ген. ад інфантэрыі (1853). Сын марскога афіцэра і грамадскага дзеяча М.М.Мураўёва, заснавальніка Маскоўскай установы для калонаважатых (у далейшым Акадэмія Генштаба). Брат М.М.Мураўёва (Віленскага). У арміі з 1811. Арганізатар пераддзекабрысцкіх гурткоў «Юнацкае сабрацтва» (1811—12) і «Свяшчэнная арцель» (1814—18), потым адышоў ад дзекабрыстаў. У 1812 служыў пры штабе 1-й арміі, праводзіў тапагр. здымкі наваколля Вільні. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, ваен.-дыпламат. місій у Іран (1816), Хіву і Бухару (1819—20), Егіпет і Турцыю (1832—33), рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў, задушэння паўстання 1830—31. У 1834—35 в.а. нач.гал. штаба 1-й арміі, камандзір 5-га пяхотнага корпуса. Быў прыхільнікам скасавання прыгоннага права, крытыкаваў рас.ваен. парадкі, апякаў сасланых дзекабрыстаў, за што ў 1837 звольнены ў адстаўку. У 1848 вернуты на службу, чл.Ваен. савета (1848). На чале Грэнадзёрскага корпуса ўдзельнічаў у задушэнні Венгерскай рэвалюцыі 1848—49. У 1854—56 намеснік на Каўказе і камандуючы Каўказскім асобным корпусам. У час Крымскай вайны 1853—56 кіраваў аблогай і ўзяццем тур. крэпасці Карс (1855), за што атрымаў ганаровае прозвішча Карскі. З 1856 чл.Дзярж. савета. Аўтар мемуараў і ваен.-гіст. прац.
Літ.:
Задонский Н.А. Жизнь Муравьева. [3 изд. Воронеж, 1970].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.
Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр.ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс.ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗНІ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ Вядуць радавод ад паўлегендарнага Ратшы, нашчадкі якога служылі ў кн. Аляксандра Неўскага, вял. князёў цвярскіх і маскоўскіх. Некат. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Іван Андрэевіч Толпык-Слізень, паводле некат. звестак, быў прызначаны вял.кн.ВКЛ Вітаўтам ваяводам бранскім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (1579—11.1.1651), сын Рыгора, стольнік ашмянскі, староста мядзельскі, выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Як каралеўскі сакратар двойчы ездзіў паслом у Маскву. Стафан Ян (? — да 5.7.1707), сын Аляксандра, рэферэндар ВКЛ з 1705, староста крэўскі, пасол на сойм 1696, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1705. Міхал Брунон (? — да 12.5.1729), сын Аляксандра, генеральны стражнік войска ВКЛ з 1698, падстолі ашмянскі ў 1708—15, пісар скарбовы ВКЛ з 1715. Міхал (?—11.11.1760), сын Стафана Яна, падканюшы ВКЛ з 1736, староста крэўскі, быў 12 разоў паслом на соймы, тройчы дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Стафан (?—1780?), сын Міхала, староста крэўскі, падкаморы слонімскі з 1756, ген.-маёр войска ВКЛРафал (?—2.6.1817), сын Юзафа, стольнік старадубскі ў 1776—83, пісар скарбовы ВКЛ у 1781—82, інстыгатар ВКЛ з 1782, староста крэўскі з 1781, ген.-ад’ютант войска ВКЛ. Юзаф (? — каля 1856), сын Міхала, бабруйскі маршалак у 1804—07. У сваім маёнтку Мсціж Барысаўскага пав. сабраў вял. калекцыю манет і скарбаў, мінералаў, прадметаў мастацтва. Заклаў бат. сад і аранжарэю, меў заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́НАЎ Анатоль Дзмітрыевіч (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́ДСКІ Павел Пятровіч (16.5.1873, г. Вісбадэн, Германія — 26.4.1945),
украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген.-лейтэнант рас. арміі (1916). Паходзіў з казацкага роду нашчадкаў В.І.Скарападскага (памёр у 1727) — брата ўкр. гетмана І.І.Скарападскага. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу (1893), служыў у коннай гвардыі. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Флігель-ад’ютант імператара Мікалая II (1905—10). У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, камандаваў кав. брыгадай, дывізіяй, 34-м армейскім корпусам, які ў жн. 1917 ператварыў у 1-ы ўкр. корпус. У кастр.—ліст. 1917 на чале корпуса падтрымаў укр.Цэнтральную раду, прызначаны кіраўніком яе ваен. фарміраванняў. У сак. 1918 ва ўмовах герм. акупацыі Украіны стварыў апазіцыйную да Цэнтр. рады «Укр. грамаду». 29.4.1918 на Усеўкр. з’ездзе хлебаробаў абвешчаны гетманам Украіны, пры падтрымцы Германіі і ч.рас. афіцэрства скінуў Цэнтр. раду і захапіў уладу. С. ўстанавіў аўтарытарную дыктатуру пераважна ў інтарэсах памешчыкаў, буржуазіі і заможнага сялянства. Пры ім адкрыты 150 укр. гімназій, 2 новыя ўкр. ун-ты (у Кіеве і Камянцы-Падольскім), Укр. акадэмія навук. Яго палітыка згодніцтва з герм. акупантамі, якія рабавалі Украіну, выклікалі масавыя выступленні рабочых і незаможных сялян, у т. л. рух пад кіраўніцтвам Н.І.Махно. Ва ўмовах паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне С. 14.12.1918 скінуты войскамі Украінскай дырэкторыі ўрада. Жыў у эміграцыі ў Швейцарыі і Германіі, дзе кіраваў «Укр. саюзам хлебаробаў-дзяржаўнікаў». 16.4.1945 смяротна паранены ў час адной з бамбардзіровак Германіі саюзнікамі.
Тв.:
Спогади. Київ, 1995.
Літ.:
Гетьман Павло Скоропадський (1873—1945): Матеріали до біобібліогр. Київ, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:
Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.