БАНЧ

(Bunche) Ральф Джонсан (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам. Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАМБЛЕ́Я

(ад франц. assemblée сход),

1) сход, нарада.

2) Назва дзярж. органа (парламента — Нац. асамблея ў некаторых краінах) або вышэйшага органа міжнар. арганізацыі (напр., Генеральная асамблея ААН).

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТРАС-ГА́ЛІ

(Boutros-Ghali) Бутрас (н. 4.11.1922, Каір),

палітычны і дзярж. дзеяч Егіпта. Адукацыю атрымаў у Каірскім і Парыжскім ун-тах. Праф. міжнар. права Каірскага ун-та (1949—79). Дырэктар цэнтра даследаванняў Гаагскай акадэміі міжнар.. права (1967—69). Міністр замежных спраў (з 1977), чл. парламента Егіпта з 1987. З 1991 віцэпрэм’ер. Удзельнічаў у падпісанні Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў (1978), пасяджэннях Ген. Асамблеі ААН (1979, 1982 і 1990). Абраны Ген. сакратаром ААН на перыяд 1992—96.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДГАЙМ

(Waldheim) Курт (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ДЗЯРЖА́ВЫ,

тэрмін, прыняты для абазначэння найб. магутных і ўплывовых у міжнар. палітыцы дзяржаў свету. Пасля 2-й сусв. вайны да Вялікіх дзяржаў адносяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанію, ЗША, Кітай, Расію (правапераемніца СССР) і Францыю. Гл. таксама «Вялікая сямёрка».

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ Анатоль Дзмітрыевіч

(н. 22.6.1928, ст. Жыжыца Велікалуцкай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1979), праф. (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1954—64 выкладаў у БДУ, з 1973 заг. кафедры ў Рэсп. ін-це вышэйшай школы пры БДУ (з перапынкамі; у 1968—72, 1982—88 у Сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, Вене). Кіраўнік Цэнтра па інфармацыі і навучанні ў галіне правоў чалавека і грамадз. адукацыі Рэсп. ін-та вышэйшай школы пры БДУ. Аўтар прац па праблемах сацыяльнай філасофіі і паліталогіі. Прэзідэнт Бел. асацыяцыі палітолагаў, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі садзеяння ААН.

Тв.:

Общество и личность. Мн., 1963;

Социальная политика США: классовая сущность, проблемы, противоречия. Мн., 1980.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Анатоль Емяльянавіч

(н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. Дапамогі.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СІЯ

(ад лац. aggressio напад),

выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́

(United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),

міжурадавая арг-цыя ў сістэме ААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).

Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.

Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)