расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял.Айч. вайны. Выдаў паэт.зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, А.Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избранное. М., 1984;
Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц.длязах. краін падзел на «Л.» і «п.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСНІКО́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (н. 3.4.1941, в. Рачкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізікахімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1994), д-рхім.н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1965), дзе і працаваў. З 1978 у НДІфіз.-хім. праблем пры БДУ, з 1990 прарэктар БДУ. З 1996 першы нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Беларусі. Навук. працы па вывучэнні энерганасычаных і высокадысперсных рэчываў і матэрыялаў на іх аснове. Распрацаваў метад рашэння адваротнай задачы неізатэрмічнай кінетыкі для простых і некат. складаных рэакцый кандэнсаваных рэчываў. Даследаваў з’яву вадкаполымнага гарэння і механізм тэрмахім. раскладання тэтразолу і яго вытворных. Выявіў размерны эфект у рэгуляванні скорасці гарэння каталізатарамі і інгібітарамі гарэння. Атрымаў новыя рэгулятары гарэння для розных гаручых сістэм, новыя матэрыялы на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў.
Тв.:
Корреляции в современной химии. Мн., 1989 (разам з С.У.Леўчыкам);
Развитие исследований по химии гетерогенных конденсированных систем // Вестн. БГУ. Сер. 2. 1996. № 3;
Явление жидкопламенного горения // Весці НАН Беларусі. Сер. хім.навук. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803 1807, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА АДНО́СІН,
раздзел логікі, які вывучае ўласцівасці выказванняў пра адносіны паміж аб’ектамі рознай прыроды. Элементарныя выказванні пра адносіны — выказванні віду akb, што значыць «аб’ект a знаходзіцца ў адносінах k да аб’екта b» (напр., «a брат b», «a цяжэй, чым b»). Адпаведна колькасці аб’ектаў, звязаных пэўнымі адносінамі, адрозніваюць двухмесныя (бінарныя), трохмесныя (тэрнарныя) і ўвогуле n-месныя (n-арныя) адносіны. Асабліва важнае значэнне маюць бінарныя адносіны пры дапамозе якіх вызначаюць такія важныя паняцці логікі і матэматыкі, як «функцыя», «аперацыя». Уводзячы для бінарных адносін аперацыі аб’яднання (сумы), перасячэння (здабытку) і дапаўнення, атрымліваюць «алгебру адносін»; ролю адзінкі ў ёй выконваюць адносіны эквівалентнасці (роўнасці, тоеснасці). Уласцівасці адносін эквівалентнасці — рэфлексіўнасць (для ўсякага x правільна, што xkx, г. зн. кожны аб’ект заходзіцца ў дадзеных адносінах да самога сябе); сіметрычнасць (з xky вынікае ykx, транзітыўнасць (з xky і ykz вынікае xkz). У сучаснай матэм. логіцы адносіны выражаюцца праз мнагамесныя прэдыкаты [напр., «Брат (a, b)», «Больш (a, b)»], таму Л.а. распрацоўваецца як частка логікі прэдыкатаў.
бел. гісторык. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1939), Калумбійскі ун-т. Д-р гісторыі (1964). З 1939 настаўнічаў. З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну трапіў у ням. палон, вызвалены селянінам, які назваў яго сваім сынам. Жыў у бацькоў на Полаччыне. Вывезены на працу ў Германію. Пасля 2-й сусв. вайны знаходзіўся ў лагерах для перамешчаных асоб амер.акупац. зоны Германіі. З 1946 працаваў у школах у Герэнбергу і Майнлёзе, гімназіях у Гібельштаце і Бакнангу. У пач. 1950-х г. выехаў у ЗША. Выкладаў гісторыю ў Блумінгтанскім ун-це, узначальваў кафедру гісторыі ў Мурайскім ун-це. Даследаваў гісторыю Беларусі, стан адукацыі ў СССР. Аўтар кніг «Беларусь пад савецкай уладай, 1917—1957» (1972), «Адукацыя ў СССР» (1973, абедзве на англ. мове). Паводле яго завяшчання ў 1977 у ЗША заснаваны фонд імя Л. для дапамогі студэнтам і навукоўцам-беларусазнаўцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА НАПА́ЛЬВАННЯ,
штучная крыніца святла з выпрамяняльнікам (целам напалу) з тугаплаўкіх металаў (звычайна вальфраму). Вынайдзена ў 1872 А.М.Ладыгіным, удасканалена Т.А.Эдысанам. На Беларусі вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
Л.н. малой магутнасці (15 і 25 Вт) — звычайна вакуумныя (з колбы выдалена паветра), астатнія для павышэння т-ры напалу запаўняюць інертным газам (газанапоўненыя лямпы), часам з дабаўкамі галагенаў (галагенныя). Л.н. з крыптонавым запаўняльнікам вырабляюць магутнасцю 40—100 Вт, з аргонавым — да 150 Вт і вышэй, галагенавыя — да 20 000 Вт. Цела напалу бывае плоскае, двух- і трохспіральнае, напальваецца эл. токам да высокіх (2500—3300 К) т-р; колба — празрыстая, маціраваная, апалавая, малочная, з люстраным або дыфузным адбівальным слоем. Бываюць для агульнага і спец. (напр., у кінаапаратах) асвятлення, аўтамабільныя, руднічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) дляБел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.Мулявіна (1980), Я.Купалы (1984), П.І.Гучка (1994), А.Я.Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Г.А.Фатыхава.
У.Лятун, П.Белавусаў, В.Бялянкін, М.Мызнікаў, Б.Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).