малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл.Метэоры).
У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн.км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.
Літ.:
Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;
Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ.М., 1971;
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,
паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш.эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг.нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж.зузбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж. пакараны смерцю паводле прыгавору спец.ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.
Літ.:
Румыния. 1989. № 12;
1990. № 1;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткіз дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін засн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін засн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным згал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.Звонака, рамансаў для голасу зфп. на сл. Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Пушкіна, А.Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел.нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Г.К.Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (сапр.Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч
(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам.гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. Закн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Някрасава, А.Міцкевіча, М.Упеніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;
[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;
Два колеры жыцця. Мн., 1973;
Позірк. Мн., 1977;
Паэмы. Мн., 1979;
Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;
Хвала жыццю. Мн., 1987.
Літ.:
Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;
Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,
саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 ў П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч.нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЗІ ЛЯЧЭ́БНЫЯ, пелоіды,
асадкі вадаёмаў, тарфяныя паклады, вывяржэнні гразевых вулканаў і інш. абводненыя прыродныя аргана-мінер. ўтварэнні злек. ўласцівасцямі. Фарміруюцца пад уплывам геал., кліматычных, гідрагеалагічных і інш. прыродных фактараў змінер. часцінак, рэшткаў раслінных і жывёльных арганізмаў, калоідных раствораў, вады. Вял. ролю адыгрываюць мікраарганізмы (да 1 млрд. на 1 г сухой гразі). Выкарыстоўваюць пры гразелячэнні.
Ад 25 да 97% масы гразей лячэбных складае гразевы раствор — вытворнае вады ці рапы, мінералізацыя якога ад 0,01 г/л у торфе і сапрапелях да 350 г/л у сульфідных мулавых гразях; рэакцыя кіслая (торф) ці шчолачная (сульфідныя гразі). Грубадысперсную аснову гразей лячэбных складаюць гліністыя і пясчаныя часцінкі, слабарастваральныя солі кальцыю і магнію, грубыя арган. рэшткі. Калоідны комплекс гразей лячэбных уключае тонкадысперсную частку (памер часцінак менш за 0,001 мм) са складаных арган. і аргана-мінер. рэчываў. Адрозніваюць гразі лячэбныя арганічныя (у сухім рэчыве, напр., торфе, сапрапелі, арганікі больш за 10%) і неарганічныя (сульфідныя і сопачныя, у т. л. вулканічныя гразі). Асн. ўласцівасці гразей лячэбных: пластычнасць, высокая цеплаправоднасць, здольнасць да адсорбцыі, што забяспечвае добрае ўтрыманне гразей лячэбных на целе хворага, правядзенне лячэбных працэдур пры больш высокай т-ры (у параўнанні з воднымі), пазбаўленне ад мікробаў скуры хворага. У пазакурортных умовах і пры адсутнасці паўнацэнных натуральных выкарыстоўваюць штучныя гразі лячэбныя, паводле складу набліжаныя да прыродных. На базе буйных радовішчаў гразей лячэбных ствараюцца гразевыя курорты.