РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),
амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.Р.Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл.гл. таксама да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.
Літ.:
Гольдштейн А.Ф. Ф.Л.Райт. М., 1973.
С.А.Сергачоў.
Ф.Л.Райт.Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага зрус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, зпач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны засецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў зпрафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 47,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 55,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Паставы. Уключае г.п.Bapanaeea і Лынтупы, 523 сельскія населеныя пункты, Варапаеўскі і Лынтупскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Белькаўскі, Ваўкоўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Камайскі, Курапольскі, Мягунскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Шыркаўскі, Юнькаўскі, Ярэўскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Дзісенскай нізіны, паўд. — Свянцянскіх град. Паверхня на Пн плоская, забалочаная, на Пд — градава-ўзгорыстая са шматлікімі озамі, камамі і азёрнымі катлавінамі. 55% тэрыторыі знаходзіцца на выш. да 150 м, 21% — 170—200 м, найвыш. пункт 228 м (каля в. Камаі). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі, пяскі, торф, сапрапель, прэснаводныя вапнавыя адклады. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Дзісна, Лучайка, Мядзелка і Галбіца; на ПдЗ выток р. Страча. Найб. азёры: Вялікія Швакшты, Лучай, Малыя Швакшты, Доўжа, Вялікае Сурвілішскае, Лодасі, Свідна, Задзеўскае, Лісіцкае, Світа. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (19%). Пад лесам 38% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя і інш.Пад балотамі 5% тэрыторыі. На тэр. раёна частка нац. парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэсп. значэння Швакшты. Заказнікі мясц. значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гіненкі і Каліты. Помнікі прыроды рэсп. значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вял. камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясц. значэння: горы — Балдоўшчына, Гара вялікая, Гараватка; Жуперская града; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вял. камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81,2 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 36 фермерскіх гаспадарак, аграфірмы «Зара», «Рассвет», ААТ «Паставыаграсервіс», «Райаграпрамтэхніка». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (тэлерадыёкампаненты), буд. матэрыялаў (бетонныя і жалезабетонныя вырабы), шкляной (слоікі), ільняной (перапрацоўка льновалакна), дрэваапр. (мэбля, у т. л. для навучальных устаноў), харч. (мясная і малочная прадукцыі, спірт, кансервы — Пастаўскі кансервавы завод), кааператыўнай прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Полацк—Вільня, Варапаева—Друя; аўтадарогі Полацк—Вільня, Віцебск—Браслаў—Паставы—Мядзел і інш. У раёне 13 сярэдніх, 18 базавых, 13 пачатковых школ, школа-садок, маст. школа, школа мастацтваў, 3 муз. школы, 2 школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхн. ліцэй, 19 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 40 б-к, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 32 фельч.-ак. пункты. Пастаўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (1-я пал. 20 ст.) у в. Апідамы, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Асінагарадок, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Груздава, Троіцкі касцёл (1769—73) у в. Дунілавічы, касцёл Іаана Хрысціцеля (1603—06) у в. Камаі, парк (канец 18 — пач. 19 ст.) каля хутара Крыкалы, касцёл Тадэвуша (1766) у в. Лучай, царква (пач. 20 ст.) у в. Манькавічы, парк (2-я пал. 18 ст.) у в. Нарыца. Гістарычныя помнікі: каменны крыж (15—16 ст.), надпіс не расшыфраваны, у в. Камаі; стэла (1975) на месцы былой в. Альцы, спаленай ням. фашыстамі ў 1943. Выдаецца газ. «Пастаўскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе зням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі падг. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняць франц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны зГабсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. згал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных зінш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана зсюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Падпсеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс.км². Нас. 25,7 тыс.чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш. пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр.ч. раёна зУ на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр.Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр.Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс.га, з іх асушаных 23 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в.Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЯ́НСКІ РАЁН,
на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1966). Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 18,3 тыс.чал. (1997), гарадскога 27,3%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Карма, 78 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Акцяброўскі, Барсукоўскі, Валынцаўскі, Ворнаўскі, Каменскі, Кароцькаўскі, Ліцвінавіцкі, Лужкоўскі, Стараградскі, Струкачоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яго тэр. забруджана радыенуклідамі. 24 населеныя пункты адселены. Большая ч. людзей пераселена ў Мінск, Гродна, г.п. Стрэшын (Жлобінскі р-н), вёскі Ціхінічы (Рагачоўскі р-н), Міхалькі (Гомельскі р-н), Карані (Светлагорскі р-н). 3 населеныя пункты знаходзяцца ў зоне з узроўнем радыяцыі 1—5 Кі на 1 км² (па цэзіі — 137), 11 у зоне 15—40 Кі на 1 км², астатнія ў зоне 5—15 Кі на 1 км².
Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць вышыні 150—170 м, найвыш. пункт 176,2 м (каля в. Струкачоў). Карысныя выкапні: пясок, жвір, гліна, мел, торф. Сярэдняя т-растудз. -7,3 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Па тэр. раёна працякае р. Сож з прытокамі Кляпінка, Жавуніца (злева), Касалянка, Кармянка, Добрыч, Горна (справа). Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (45,4%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (35,6%). Пад лесам 26,1% тэрыторыі. Найб. лясістасць на У (левабярэжжа р. Сож). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя. На тэр. раёна біял. заказнік Струменскі і часткова паляўнічы заказнік Чачэрскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,6 тыс.га, з іх асушаных 9,1 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 6 саўгасаў, падсобная гаспадарка «Валынцы», птушкафабрыка «Сож». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, лён, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы льноапр., лёгкай, харч. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі ад райцэнтра да г. Слаўгарад, Чачэрск, в. Журавічы, Струкачоў. У раёне 14 сярэдніх, 1 базавая, 1 муз., 1 рабочай моладзі (дзённая) школы, 18 дашкольных устаноў, 24 клубы, 18 б-к, 1 бальніца, 1 паліклініка, 3 амбулаторыі, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі драўлянага дойлідства: ветраны млын (1905) у в. Бярозаўка, хата і гумно (19 ст.) у в. Вашчанкі, хата (19 ст.) у в. Жабін. Выдаецца газ. «Зара над Сожам».
вызваленчая вайна народаў СССР супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў (Італія, Румынія, Венгрыя, Фінляндыя); найважнейшая састаўная частка другой сусветнай вайны 1939—45. Працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. Германія пачала падрыхтоўку да нападу на СССР у 1940. Яна ставіла перад сабой мэты: разгром і ліквідацыя Сав. дзяржавы, знішчэнне асн. часткі насельніцтва і германізацыя тэрыторыі да Урала. Германія выставіла супраць СССР (у адпаведнасці з«Барбароса планам») 153 дывізіі, яе саюзнікі — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 паветр. флаты; усяго 5,5 млн.чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. баявых самалётаў, 192 баявыя караблі. Гэтыя сілы былі разгорнуты ў трох асн. напрамках: на Ленінград наступала група армій «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Лееб), на Маскву — група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Бок), на Кіеў — група армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт); у Фінляндыі былі сканцэнтраваны: ням. армія «Нарвегія» (ген.-палк. Н.Фалькенхорст) і 2 фін. арміі (маршал К.Манергейм). Ням. армія напярэдадні вайны была поўнасцю адмабілізавана, аснашчана сучаснай тэхнікай, мела двухгадовы вопыт вайны. Зах. граніцы СССР прыкрывалі ваен. акругі: Ленінградская (ген.-лейт. М.М.Папоў); асобыя Прыбалт. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл.Заходняя Асобая ваенная акруга) і Кіеўская (ген.-палк. М.П.Кірпанос); Адэская (ген.-лейт. Я.Ц.Чаравічэнка). У першыя дні вайны на іх базе ўтвораны франты: Паўн., Паўн.-Зах., Зах. (гл.Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. і Паўднёвы. Марскія рубяжы на З ахоўвалі флаты: Паўн. (контр-адм. А.Р.Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.П.Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі); ваен. флатыліі: Пінская (контр-адм. Дз.Дз.Рагачоў, гл.Пінская ваенная флатылія) і Дунайская (контр-адм. М.В.Абрамаў). У войсках гэтых акруг, флатоў і флатылій было 170 дывізій і 2 брыгады (2,9 млн.чал.), 1540 баявых самалётаў новых канструкцый, 37,5 тыс. гармат і мінамётаў; 1800 цяжкіх і сярэдніх танкаў, у т. л. 1475 новых тыпаў і значная колькасць лёгкіх танкаў устарэлых канструкцый.
На Беларусь наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск, якая наносіла гал. стратэгічны ўдар на Маскву — група армій «Цэнтр» у складзе 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.В.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот), 4-й і 9-й палявых армій (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус); усяго 50 дывізій, у т. л. 15 танк. і матарызаваных, 2 матарызаваныя брыгады. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот (1,6 тыс. баявых самалётаў). Праз тыдзень сілы ворага на Зах. фронце павялічыліся да 60 дывізій. Уздоўж зах. граніцы (яе працягласць 470 км) ім процістаялі 3-я (ген.-лейт. В.І.Кузняцоў), 10-я (ген.-м. К.Дз.Голубеў) і 4-я (ген.-м. А.А.Карабкоў) арміі; усяго 11 стралк., 2 танк. і 1 кав. дывізіі. У іх тыле размяшчалася 13-я армія (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Усяго ў Зах. Асобай ваен. акрузе было каля 50 дывізій, разгрупаваных на глыбіню 400—600 км. 22.6.1941 акруга ператворана ў Зах. фронт: 24 стралк., 12 танк., 6 матарызаваных, 2 кав., 6 авіяц. дывізій, 3 артыл.-супрацьтанк. брыгады, 2 брыгады супрацьтанк. абароны, 8 умацаваных раёнаў, значная колькасць асобных часцей і падраздзяленняў, усяго 671,9 тыс.чал. асабовага складу, 2202 танкі, 10087 гармат і мінамётаў, 1789 баявых самалётаў.
Баявая гатоўнасць войск акругі была на нізкім узроўні. Тэхніка, як правіла, знаходзілася ў парках на кансервацыі. Дывізіі і палкі мелі толькі 1 камплект боепрыпасаў і 1 запраўку паліва. Артылерыя дывізій і карпусоў, зенітныя часці злучэнняў акругі незадоўга да вайны былі накіраваны на палігоны, дзе праводзіліся вучэбныя стрэльбы. Лётныя экіпажы авіяпалкоў, якія атрымалі на ўзбраенне самалёты новых канструкцый, былі камандзіраваны для перавучвання ў спец.навуч. цэнтры, што размяшчаліся далёка ад раёнаў пастаяннага базіравання.
22.6.1941 у 4 гадз раніцы ням. войскі адкрылі масіраваны артыл. агонь па пагран. заставах, вайск. штабах, вузлах сувязі і раёнах размяшчэння часцей і злучэнняў Чырв. Арміі. Адначасова ням. самалёты ўварваліся ў паветр. прастору СССР на глыбіню 250—300 км і пачалі варварскія бамбардзіроўкі гарадоў Беларусі, Украіны, прыбалт. рэспублік і Малдавіі, ваен. аб’ектаў у пагран. зоне. На Зах. фронце варожая авіяцыя нанесла масіраваныя бомбавыя ўдары па аэрадромах і гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш. За 5—10 мін да артпадрыхтоўкі спец.ням. каманды захапілі 6 мастоў цераз р. Буг, у т. л. 2 чыгуначныя. Ваен.-паветр. сілы Зах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не змаглі даць належны адпор ворагу і адбіць паветр. налёты. У 1-ы дзень вайны яны страцілі 738 самалётаў (47% іх баявога складу), у т. л. 528 самалётаў на аэрадромах. Войскі Зах. фронту з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе і ліквідаваць яго глыбокія прарывы. Да канца 4-га дня вайны ням.танк. злучэнні групы армій «Цэнтр» прасунуліся да 200 км. У выніку больш за 60 акруговых (франтавых) складоў і баз з забеспячэннем і ўзбраеннем былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час паліва, боепрыпасаў, аўтабранятанк. маёмасці, харчавання і інш.
З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войск прыкрыцця. З усіх 485 пагран. застаў не было ніводнай, якая б здалася ворагу ці пакінула свой участак без загаду. Самаахвярна змагаліся пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага, 17-га Брэсцкага атрадаў, гарнізон Брэсцкай крэпасці (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). У першыя дні вайны лётчыкі Л.Г.Бутэлін, С.М.Гудзімаў, А.С.Данілаў, І.І.Іваноў, Дз.В.Кокараў, А.І.Макляк, Я.М.Панфілаў ажыццявілі таран варожых самалётаў; экіпажы капітана М.Ф.Гастэлы, капітана А.С.Маслава, капітан А.М.Аўдзееў, старшы лейт. І.З.Прэсайзен, лейт. П.П.Страленка свае падбітыя самалёты накіравалі на скопішчы варожых салдат і тэхнікі. Асабліва цяжкае становішча склалася на Зах. фронце. Перадавыя злучэнні 3, 10, 4-й армій, якія не паспелі заняць прадугледжаныя планам абарончыя рубяжы, вымушаны былі ўступаць у сустрэчныя баі з ходу, разрознена, весці абарончыя баі на непадрыхтаваных пазіцыях. На правым флангу часці 3-й арміі, якія панеслі вял. страты, вымушаны былі раніцай 23 чэрв. пакінуць Гродна. На левым флангу часці 4-й арміі 23 чэрв. пакінулі Кобрын, Бярозу, Пружаны, адышлі да Баранавіч і працягвалі адступаць у напрамку Мінска. 10-я армія, якая размяшчалася на беластоцкім выступе і знаходзілася ў цэнтры Зах. фронту, апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: пасля няўдалай спробы камандуючага Зах. фронтам Дз.Р.Паўлава арганізаваць контрудар сіламі 6-га і 11-га механіз. і 6-га кав. карпусоў вымушана была адступаць. Ударным групоўкам ворага ўдалося адсекчы асн. сілы 3-й і 10-й армій і адрэзаць шляхі іх адступлення. 17 дывізій, што апынуліся ў акружэнні, працягвалі мужна змагацца ў раёнах Беластока і Навагрудка (гл.Навагрудскі «кацёл»). Практычна да 26 чэрв. ўсе тры арміі Зах. фронту апынуліся ў «катле» паміж Беластокам і Мінскам. Іх разрозненыя падраздзяленні вялі цяжкія баі па прарыве акружэння, скоўваючы значныя сілы ворага на гал.стратэг. напрамку. Упарта супраціўляліся сав. воіны на подступах да Мінска. Абарона Мінска была ўскладзена на войскі 44-га стралк. корпуса (камдыў В.А.Юшкевіч) 13-й арміі. Для прыкрыцця подступаў да горада 25 чэрв. перакінуты 2-і стралк. корпус (ген.-м. А.М.Ермакоў). Абарончая бітва пад Мінскам працягвалася 4 дні. Асабліва напружаныя баі ішлі ў раёнах Дзяржынска, Старога Сяла і Заслаўя (гл.Мінска абарона 1941). 26—27 чэрв. перадавыя атрады 2-й і 3-й ням.танк. груп, якія наносілі ўдары па сыходных напрамках, прарваліся ў прадмесце горада. 28 чэрв. яны захапілі Мінск і адрэзалі шляхі адступлення 11 сав. дывізіям. 29 чэрв.ням. войскі замкнулі чарговы «кацёл» вакол дывізій Зах. фронту, што абаранялі Мінск. Жорсткія баі разгарнуліся каля Барысава, дзе 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія (ген.-м. Я.Р.Крэйзер) разам з курсантамі Барысаўскага танк. вучылішча і зводнай дывізіяй з воінаў, што адышлі з раёна Мінска, на 2 сутак затрымалі ворага і нанеслі контрудар у раёнах Барысава і Чарняўкі. 7-ы і 5-ы мех. карпусы, якія мелі каля 1 тыс. танкаў пераважна ўстарэлых канструкцый, нанеслі контрудар з раёна на ПнЗ ад Оршы па флангу 3-й танк. групы ворага, што наступала з Лепеля на Віцебск. Гэта была адна з буйнейшых танк. бітваў пачатку вайны. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала каля 1,5 тыс. танкаў (гл.Лепельскі контрудар 1941). Але гэты контрудар не даў магчымасці развіць наступленне.
Не менш жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Полацка, дзе дзейнічала 22-я армія (гл.Полацка абарона 1941), і ў раёне Віцебска, які абараняла 19-я армія (гл.Віцебска абарона 1941). 11 ліп. вораг захапіў Віцебск і плацдарм на Зах. Дзвіне. Пад Оршай сав. войскі ўпершыню выкарысталі магутную зброю — рэактыўныя мінамёты «кацюша». На Дняпры і Зах. Дзвіне вораг сустрэў арганізаванае супраціўленне войск 2-га стратэг. эшалона Чырв. Арміі, куды ўваходзілі 20-я (ген.-лейт. П.А.Курачкін), 21-я (ген.-лейт. В.П.Герасіменка), 22-я (ген.-лейт. П.А.Ершакоў) арміі. За імі, на У ад Віцебска і ў раёне Смаленска, былі сканцэнтраваны 19-я (ген.-лейт. І.С.Конеў) і 16-я (ген.-лейт. М.Ф.Лукін) арміі. У 1-м эшалоне знаходзілася 13-я армія (ген.-лейт. Ф.М.Рэмезаў). Асаблівае месца ў летніх бітвах 1941 займала Магілёва абарона 1941. Тут упартыя баі 3—15 ліп. вялі на подступах, а 15—26 ліп. ў асаджаным Магілёве воіны 61-га стралк. корпуса і 12-тысячная армія апалчэнцаў (гл.Магілёўскае народнае апалчэнне, Буйніцкае поле). 13 ліп. на Бабруйскім напрамку ў наступленне перайшла 21-я армія; 63-і стралк. корпус (ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) вызваліў Рагачоў і Жлобін (гл.Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). У канцы ліп. праціўнік адбіў удары сав. войск на Бабруйск і прымусіў іх адысці за Дняпро. 10—11 ліп. 2-я танк. група ворага фарсіравала Дняпро, 16 ліп. захапіла Смаленск. Намаганнямі войск Зах. фронту наступленне гітлераўцаў тут было спынена на 2,5 месяца (гл.Смаленская бітва 1941), што мела вял. значэнне ў зрыве плана «маланкавай вайны», прымусіла гітлераўскае камандаванне прыняць новае рашэнне, не прадугледжанае першапачатковым планам (паварот часткі сіл правага крыла фаш. групы армій «Цэнтр» на Пд, у тыл гал. сілам Паўд.-Зах. фронту, якія ўтрымлівалі рубеж на Дняпры). У агні баёў на Смаленшчыне нарадзілася савецкая гвардыя. 18 вер. 4 праслаўленыя дывізіі Зах. фронту — 100, 127, 153 і 161-я — першыя атрымалі найменне гвардзейскіх. У 2-й пал.ліп. на цэнтр. напрамку сав.-герм. фронту вызначыліся 2 стратэгічна важныя ачагі ў раёнах Смаленска і Рагачова — Жлобіна. Рашэннем Стаўкі Вярх. камандавання Рагачоўска-Жлобінскі ўчастак быў вылучаны ў Цэнтральны фронт (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў), якому былі перададзены 13-я і 21-я арміі. У пач.жн.з акружэння ў Калінкавічах выйшаў штаб 3-й арміі. Каля 2 месяцаў ішлі абарончыя баі на Гомельскім напрамку, куды вораг вымушаны быў перакінуць значныя сілы з-пад Смаленска. Разам з чырвонаармейцамі гераічна змагаліся больш за 6700 апалчэнцаў Гомельшчыны (гл.Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 19 жн. Гомель пакінуты сав. войскамі. Рэшткі 13, 21 і 3-й армій перададзены ў падпарадкаванне Бранскаму фронту. Абарончыя баі на тэр.БССР, якія працягваліся больш за 2 месяцы, закончыліся цяжкім паражэннем. Нягледзячы на мужнасць і гераізм, войскі Зах. фронту не здолелі затрымаць ворага, і ўся тэр. Беларусі да пач.вер. была акупіравана. Толькі на працягу першых 18 дзён баёў войскі Зах. фронту страцілі больш за 417 тыс.чал. забітымі, параненымі, палоннымі і тых, што прапалі без вестак. З 44 дывізій (без авіяцыйных), якія на пач. вайны ўваходзілі ў склад Зах. фронту, 24 былі разгромлены, астатнія 20 дывізій страцілі ад 30 да 70% сваіх сіл і сродкаў. Фронт страціў 9427 гармат і мінамётаў, больш за 4700 танкаў і 1797 самалётаў. Але і ворагу былі прычынены вял. страты ў людзях і баявой тэхніцы. Тэмпы яго наступлення з кожным днём зніжаліся. Хоць група армій «Цэнтр» дамаглася значных поспехаў, яна не здолела канчаткова зламаць супраціўленне войск Зах. фронту і прарвацца да Масквы. За адвагу і самаадданасць 18 воінам Зах. фронту прысвоена ганаровае званне Героя Сав. Саюза, сотні воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Жорсткія прыгранічныя баі адбываліся і на інш. напрамках — у раёнах Лібавы (Ліепаі), Перамышля, Луцка, Бродаў, Роўна, Дубна і інш. Да сярэдзіны ліп. 1941 фаш. войскі прасунуліся ў глыбіню сав. тэрыторыі на 350—600 км, разграмілі да 100 дывізій з 170, якія знаходзіліся ў зах. прыгранічных акругах на пач. вайны. Чырв. Армія страціла не менш як 850 тыс.чал., каля 6 тыс. танкаў, 3,5 тыс. самалётаў, 9,5 тыс. гармат.
Трагедыя пач. перыяду вайны і паражэнне Чырв. Арміі былі абумоўлены не толькі аператыўнымі і тактычнымі памылкамі камандавання, але і паліт. і стратэг. пралікамі Сталіна і яго акружэння. Агульнай памылкай паліт. і ваен. кіраўніцтва была няправільная ацэнка стану Чырв. Арміі, якая заключалася ў перабольшванні яе магчымасцей. У выніку масавых рэпрэсій у перадваен. гады быў нанесены сур’ёзны ўдар па камандных кадрах. Сталін не паверыў данясенням разведчыкаў, якія называлі дакладную дату нападу Германіі на СССР. Усю віну за няўдачы ў першыя дні вайны Сталін усклаў на камандаванне франтоў і армій. Былі расстраляны камандуючы Зах. фронтам ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, нач. штаба фронту ген.-м. У.Я.Клімаўскіх, камандуючы артылерыяй Зах. фронту ген.-лейт. М.А.Кліч, камандуючы 4-й арміяй ген.-м. А.А.Карабкоў і інш.
22 чэрв. Прэзідыум Вярх. Савета СССР выдаў указ аб мабілізацыі ваеннаабавязаных і ўвядзенні ваен. становішча ў шэрагу рэспублік і абласцей, у т. л. на Беларусі. 29 чэрв.СНКСССР і ЦКВКП(б) прынялі дырэктыву парт. і сав. арг-цыям прыфрантавых абласцей, якая стала праграмай барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў. Да 1.7.1941 было мабілізавана 5,3 млн.чал. Намер ням. камандавання разграміць Чырв. Армію да заканчэння мабілізацыі не меў поспеху. Да 1.12.1941 Чырв. Армія папоўнілася 291 дывізіяй і 94 брыгадамі, з іх нанава сфарміраваны 194 дывізіі і 94 брыгады. Ствараліся нар. апалчэнні (гл.Народнае апалчэнне ў Вял.Айч. вайну). 30.6.1941 створаны Дзярж.к-т абароны (ДКА), які аб’ядноўваў кіраўніцтва паліт., ваен. і эканам. жыццём СССР для арганізацыі перамогі над ворагам. 24 чэрв. створаны Савет па эвакуацыі. Да ліст. 1941 ззах. раёнаў на У эвакуіравана больш за 1500 з-даў пераважна ваен. значэння, у т. л.з Беларусі 124 буйныя прамысл. прадпрыемствы, 1,5 млн.чал. Для кіраўніцтва Узбр. Сіламі 23.6.1941 створана Стаўка Гал. Камандавання пад старшынствам С.К.Цімашэнкі, 10 ліп. пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання, а 8.8.1941 — у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале са Сталінам. За лета 1941 у БССР прызвана ў Чырв. Армію больш за 500 тыс.чал., вайск. часцям перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, больш за 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак і інш. Сотні тысяч мужчын, жанчын і падлеткаў былі мабілізаваны для буд-ва абарончых рубяжоў. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі сфарміравана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс.чал.), створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш за 33 тыс.чал.). Праграма барацьбы ў тыле ворага сфармулявана ў Дырэктывах ЦККП(б)Б ад 30.6.1941 «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падп. работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі» і ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», а таксама ў Пастанове ЦКВКП(б) ад 18.7.1941 «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Пры Школе ЦККП(б)Б быў створаны Аператыўна-вучэбны цэнтр Зах. фронту, які займаўся падрыхтоўкай дыверсійна-разведвальных груп і перакідкай іх за лінію фронту. За ліп.—кастр. 1941 у тыл ворага накіравана 317 атрадаў (2605 чал.).
Ням.-фаш. група армій «Поўнач» імкнулася прарвацца да Ленінграда. У жорсткіх баях пад Лугай, каля воз. Ільмень, пад Старой Русай і інш.сав. войскі абаронай і контратакамі нанеслі яму значныя страты. Аднак ворагу ўдалося акупіраваць Эстонію і прарвацца на блізкія подступы да Ленінграда.
На паўд.-зах. напрамку сав. войскі ў ліп.—вер. 1941 у жорсткіх баях стрымлівалі націск ням.-фаш. групы армій «Поўдзень». Герм. камандаванне спадзявалася ўдарамі ў фланг і тыл знішчыць асн. сілы Паўд.-Зах. і Паўд. франтоў і прарвацца да гал.прамысл. раёнаў Украіны, а потым — да нафтаносных крыніц Каўказа. Частка сіл 1-й ням.танк. групы прарвалася на подступы да Кіева. Але сав. войскам удалося тут спыніць іх наступленне (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941). Пад націскам ворага да жн.сав. войскі адступілі да Дняпра і вялі абарончыя баі на фронце ад Нікапаля да Херсона. У ходзе гераічнай абароны Адэсы (5 жн.—16 вер.) было скавана больш за 18 рум. і ням. дывізій. Сав. галоўнакамандаванне пераацаніла баявыя магчымасці выматаных цяжкімі баямі войск Паўд.-Зах. фронту і адхіліла просьбу яго камандавання адвесці войскі за Дняпро. У выніку яны былі акружаны ворагам пад Кіевам. 19 вер.сав. войскі пакінулі Кіеў. Пасля цяжкіх і ўпартых баёў у кастр.—ліст. 1941 Чырв. Армія пакінула Данбас.
Намаганні сав. знешняй палітыкі летам — восенню 1941 былі накіраваны на з’яднанне антыфаш. краін і стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 12 ліп. падпісана пагадненне паміж Вялікабрытаніяй і СССР аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фаш. Германіі (гл.Савецка-англійскія пагадненні). 18 ліп. ў Лондане падпісана пагадненне паміж СССР і ўрадам Чэхаславакіі, 30 ліп. — з польск. эмігранцкім урадам. У пач.жн. ўстаноўлены кантакты з урадам ЗША, які прыняў рашэнне аказваць СССРэканам. дапамогу ў вайне (гл.Савецка-амерыканскія пагадненні). 8 снеж. ЗША і Англія аб’явілі вайну Японіі, 11 снеж. Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША.
Да восені 1941 ням.-фаш. войскі акупіравалі значную ч.еўрап.тэр.СССР, выйшлі на блізкія подступы да Масквы, блакіравалі Ленінград (гл.Ленінградская бітва 1941—44). 30.9—2.10.1941 ням. камандаванне пачало аперацыю «Тайфун», каб да зімы авалодаць Масквой. Аслабіўшы ворага ў абарончых баях, на тэрыторыі Беларусі і пад Смаленскам, скрытна сканцэнтраваўшы буйныя рэзервы, 5—6.12.1941 сав. войскі пачалі контрнаступленне — першую ў Вял.Айч. вайне буйную аперацыю стратэг. значэння (гл.Маскоўская бітва 1941—42). Сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі, разграмілі 38 яе дывізій і развеялі міф аб яе непераможнасці. Нямецкі «Бліцкрыг» поўнасцю праваліўся. Разгарнулася агульнае зімовае наступленне на фронце ад Ленінграда да Чорнага м. Паводле задумы Стаўкі, яго мэтай было акружыць і знішчыць асн. сілы груп армій «Поўнач», «Цэнтр», «Поўдзень», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942 г.». Ставячы такія звышзадачы, члены Стаўкі на той час яшчэ не валодалі неабходным ваен. майстэрствам для таго, каб выбраць час пачатку аперацыі, назапасіць сілы і сродкі для нанясення моцнага ўдару на гал. напрамку. У выніку не ўдалося стварыць дастаткова моцных груповак ні на адным стратэг. напрамку. Сав. войскі патрацілі створаныя звял. цяжкасцямі восенню і ў пач. зімы рэзервы і не змаглі вырашыць пастаўленыя задачы. Неапраўданымі былі і надзеі на тое, што рэзервы Германіі скончацца да вясны 1942. Тым не менш у выніку наступлення Чырв. Армія адкінула ворага на 350—400 км, на Віцебскім напрамку наблізілася да граніцы Беларусі, наладзіла ўзаемадзеянне з партызанамі Віцебскай вобл. (гл.Віцебскія «вароты»).
На акупіраванай тэр.СССР, у т. л. на Беларусі, ням.-фаш. захопнікі ўстанавілі рэжым тэрору, «новы парадак» (гл.Лагеры смерці, Карныя аперацыі). У раёнах, захопленых фашыстамі, ствараліся партыз. атрады, групы, падп.парт., камсамольскія, антыфаш. арг-цыі. Партыз. рух перарос ва ўсенар. вайну супраць фашыстаў (гл.Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі, Абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б, Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Гарадскія падпольныя камітэты ЛКСМБ). На працягу 1941—42 партызаны Беларусі ліквідавалі больш за 500 апорных пунктаў ворага, разграмілі 123 гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, падарвалі каля 850 эшалонаў праціўніка, 115 км рэек, разбурылі 179 мастоў. Партызанскія зоны ў канцы 1942 ахоплівалі каля 30% тэр. Беларусі.
Да ліст. 1942 становішча на сав.-герм. фронце было складанае. Вораг захапіў тэр.СССР, на якой да вайны жыло 42% насельніцтва, здабывалася 63% вугалю, выплаўлялася 71% чыгуну і 58% сталі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у ліп. — Севастопаль (гл.Севастопальская абарона 1941—42). Сур’ёзнай няўдачай скончылася наступальная аперацыя сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. Жорсткія баі вяліся на Каўказскім напрамку (гл.Бітва за Каўказ 1942—43). Вораг падышоў да Варонежа і рваўся да Волгі. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада № 227, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіўныя меры ў адносінах да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі. 23 жн. на Пн ад Сталінграда гітлераўцы прарваліся да Волгі. Пачалася гераічная абарона Сталінграда. Дзякуючы намаганням усіх народаў СССР да канца 1942 у краіне была створана зладжаная ваен. гаспадарка, што дало магчымасць сав.Узбр. Сілам дасягнуць перавагі на напрамках гал. удараў. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне пад Сталінградам, у выніку якога сав. войскі да лют. 1943 акружылі і разбілі 330-тысячную групоўку ням. войск (гл.Сталінградская бітва 1942—43). Гэта была найбуйнейшая перамога, якая стала карэнным пераломам у ходзе вайны. Стратэг. ініцыятыва перайшла да сав. войск. Пачалося масавае выгнанне захопнікаў зтэр.СССР. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка ад Волгі і Церака на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць стратэг. ініцыятыву, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл.Курская бітва 1943), але і тут вораг быў разгромлены. Сав. войскі пачалі шырокае летне-асенняе наступленне на фронце ў 2 тыс.км. У жн.—вер. Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю 1943, у выніку якой вызвалілі Смаленск і выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту 17 вер. вызвалілі Бранск і выйшлі да р. Сож. Чырв. Армія ўступіла на бел. зямлю і да пач. 1944 вызваліла ўсх. раёны Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей (гл.Бранская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943). Войскі Цэнтральнага, Варонежскага, Сцяпнога, Паўд. і Паўд.-Зах. франтоў у жн.—вер. 1943 прайшлі на З да 300 км, вызвалілі Данбас, выйшлі да Дняпра ў паласе 700 км ад вусця Сажа да Запарожжа (гл.Бітва за Дняпро 1943). Войскі 1-га Укр. Фронту 6 ліст. вызвалілі Кіеў. 26 ліст. войскі Беларускага фронту вызвалілі Гомель. Усяго ад фашыстаў было вызвалена амаль 2/3 акупіраванай імі тэрыторыі.
Магутны размах набыла ўсенар. барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі. У 1943 тут дзейнічала больш за 153 тыс. партызан. Дзесяткі тысяч патрыётаў былі членамі падп. арг-цый. Барацьбу сав. людзей у тыле ворага накіроўвалі ЦК КП(б), рэспубліканскія, краявыя, абласныя парт. арг-цыі і падп.парт. органы. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэсп. і абл. штабы партыз. руху. 30.6.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, нач. штаба П.К.Панамарэнка), 9.9.1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР, нач. штаба П.З.Калінін). У 1943—44 партызаны правялі вял. аперацыі па разбурэнні камунікацый ворага (гл.«Рэйкавая вайна», «Канцэрт»), У выніку іх толькі бел. партызаны ўзарвалі 211 тыс. рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тыс. эшалонаў, разбурылі каля 300 чыг. мастоў. Ваен. перавозкі ворага па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Паміж партызанамі і гітлераўцамі часта адбываліся жорсткія баі (гл.Плешчаніцкая аперацыя 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943, Бялыніцкія аперацыі 1943, Лепельская аперацыя 1943). Значную дапамогу Чырв. Арміі аказалі партызаны ў час Невельскай, Гарадоцкай, Чарнігаўска-Прыпяцкай і інш. аперацый.
У канцы 1943 ваен.-паліт. і стратэг. становішча карэнным чынам змянілася на карысць СССР. Павялічыўся выпуск ваен. прадукцыі. Абарончая прам-сць у 1944 вырабляла танкаў і самалётаў у 5 разоў больш, чым у 1941. Становішча ж Германіі рэзка пагоршылася. 24.12.1943 Чырв. Армія пачала наступленне на Правабярэжнай Украіне, да крас. 1944 выйшла на дзярж. граніцу СССР і ўступіла на тэр. Румыніі. У студз.—сак. 1944 у выніку наступлення Ленінградскага і Волхаўскага франтоў ва ўзаемадзеянні з 2-м Прыбалт. фронтам, Балт. флотам, авіяцыяй і партызанамі вызвалены Ленінградская і частка Калінінскай абласцей. У выніку наступлення 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бел. (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франтоў у студз.—лютым 1944 вызвалена частка Усх. Беларусі (гл.Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). У маі 1944 вызвалены Крым (гл.Крымская аперацыя 1944). 6.6.1944 высадкай дэсанта на Пн Францыі адкрыты другі фронт. Вырас міжнар. аўтарытэт СССР, што яскрава выявілася на Тэгеранскай канферэнцыі 1943, дзе кіраўнікі 3 дзяржаў (СССР, Вялікабрытаніі і ЗША) узгаднілі планы сумесных дзеянняў па разгроме фаш. Германіі.
Летам 1944 гал. ўдар Чырв. Армія нанесла на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). З 23 чэрв. да 29 жн.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на фронце ў 500 км, акружылі і знішчылі яго найбуйнейшыя групоўкі ў раёне Віцебска (гл.Віцебска-Аршанская аперацыя 1944, Віцебскі «кацёл»), Бабруйска (гл.Бабруйская аперацыя 1944, Бабруйскі «кацёл»), Магілёва (гл.Магілёўская аперацыя 1944); 3.7.1944 вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск (гл.Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»), 8 ліп. — Баранавічы, 10 ліп. — Слонім, 13 ліп. — Вільню, 16 ліп. — Гродна, 28 ліп. — Брэст (гл.Вільнюская аперацыя 1944, Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944). У ходзе Бел. аперацыі разгромлена ням. група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, усх. Польшчы, сав. войскі падышлі да граніцы Усх. Прусіі. Чырв. Арміі актыўна дапамагалі бел. партызаны. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 яны нанеслі масіраваны ўдар па асн.чыг. магістралях, узарвалі 40 тыс. рэек (да 29 чэрв. дадаткова ўзарвана 20 тыс. рэек), што парушыла перавозкі ворага і работу яго аператыўнага тылу. Партызаны перагароджвалі шляхі адступлення варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы, плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, у ліквідацыі акружаных варожых груповак. Усяго на акупіраванай тэр. Беларусі гераічна змагаліся з акупантамі 374 тыс. партызан; створаны і дзейнічалі 1255 партыз. атрадаў, з іх 258 асобна дзеючых, астатнія ў складзе 213 брыгад.
Да канца 1944 Чырв. Армія амаль поўнасцю вызваліла тэр.СССР і аднавіла дзярж. граніцы ад Баранцава да Чорнага м.; ваен. дзеянні перанесены за межы краіны (гл.Яска-Кішынёўская аперацыя 1944, Бялградская аперацыя 1944, Будапешцкая аперацыя 1944—45, Усходне-Пруская аперацыя 1945, Вісла-Одэрская аперацыя 1945, Балатонская абарончая аперацыя 1945, Берлінская аперацыя 1945, Пражская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) ген.-фельдмаршал В.Кейтэль ад імя герм.вярх. галоўнакамандавання падпісаў акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Вайна ў Еўропе была пераможна закончана.
Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, 8.8.1945 сав. ўрад аб’явіў вайну Японіі (гл.Савецка-японская вайна 1945). У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсх. франтоў ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам і Амурскай ваен. флатыліяй пачалі наступаць на фронце каля 4 тыс.км. У вайне ўдзельнічалі і войскі МНР. За 3 тыдні былі разгромлены гал. сілы Японіі — Квантунская армія, вызвалены Маньчжурыя, Паўд. Сахалін, Курыльскія а-вы, Паўн. Карэя. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. 2-я сусв. вайна была закончана.
Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў Руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але народы СССР і яго Узбр. Сілы адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму, вынеслі на сваіх плячах асн. цяжар вайны. Яны не толькі адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, але і выратавалі ад фаш. прыгнёту многія краіны Еўропы і Азіі, пазбавілі чалавецтва ад фашызму. Гал. фронтам 2-й сусв. вайны быў сав.-германскі. Ён вызначаўся незвычайным прасторавым размахам. У пач. вайны яго працягласць складала каля 4 тыс.км, у 1942 — больш за 6 тыс.км. Глыбіня ваен. дзеянняў дасягала 2 тыс.км. З 1418 дзён існавання сав.-герм. фронту баявыя дзеянні вяліся 1320 дзён. Рашучасць і напружанасць ваен. дзеянняў выявілася і ў вял. беззваротных стратах у людзях з абодвух бакоў. Кожныя суткі толькі забітымі страчвалася каля 14 тыс. салдат і афіцэраў. На сав.-герм. фронце вораг страціў 607 дывізій (у баях супраць саюзнікаў 176 дывізій). Страты ў асабовым складзе, нанесеныя вермахту на сав.-герм. фронце, былі ў 4 разы большыя, чым на зах.-еўрап. і міжземнаморскім тэатрах ваен. дзеянняў, разам узятых, а па колькасці забітых і параненых — у 6 разоў. Тут страты ворага склалі каля 75% танкаў і штурмавых гармат, больш за 75% авіяцыі, 74% артыл. гармат ад агульных страт. Дарагой цаной заплацілі народы СССР за перамогу. Сав.Узбр. Сілы страцілі за час вайны 8,7 млн.чал. забітымі, памерлымі ад раненняў, трапіўшымі ў палон і прапаўшымі без вестак. Колькасць параненых, кантужаных і тых, што захварэлі, склала 18 млн.чал. Прамыя людскія страты СССР у вайне склалі больш за 27 млн.чал. (уключаючы цывільных асоб). На Беларусі загінуў амаль кожны 3-і яе жыхар. Фаш. Германія страціла ў 2-й сусв. вайне 7,4 млн. салдат і афіцэраў (на сав.-герм. фронце больш за 6 млн.), войскі яе саюзнікаў — 1,2 млн.чал. (на сав.-герм. фронце — больш за 1 млн.). Прамыя страты Германіі склалі каля 11 млн.чал. (без уліку мільёнаў скалечаных, інвалідаў). Матэрыяльныя страты СССР склалі 2600 млрд.руб.БССР у вайне страціла больш за палавіну свайго нац. багацця. Сума матэрыяльных страт склала 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак (4 420 995 дамоў), разбурана 100,5 тыс. прадпрыемстваў, 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, знішчаны тысячы ўстаноў асветы, аховы здароўя, навукі, культуры, у т. л. 8825 (з 12 294) школ, усе ВНУ, н.-д. цэнтры, АНБССР, 219 б-к, 5425 музеяў, т-раў і клубаў, 2187 бальніц і амбулаторый, 2651 дзіцячая ўстанова.
Больш за 7 млн. удзельнікаў вайны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, больш за 11 тыс.чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 462 беларусам і ўраджэнцам Беларусі. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена 88 бел. партызанам. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 204 тыс. працаўнікоў тылу, 201 чал. прысвоена званне Героя Сац. Працы. Больш як 16 млн. узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—45 гг.».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938—1945 гг.). Мн., 1975;
В непокоренном Минске: Документы и материалы о подпольной борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Документы и материалы. Т. 1—3. Мн., 1967—82;
Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;
История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения Об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;
Памяти павших: Великая Отечественная Война, 1941—1945. М., 1995;
Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944: [Документы и материалы]. 2 изд. Мн., 1965;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 гг.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2] Мн., 1980—90.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Каля спаленай хаты. Гомельшчына. 1941.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Салдаты СС рыхтуюць адпраўку насельніцтва ў Германію. Магілёў. Ліпень. 1943.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Клятва салдата-беларуса пры ўступленні на беларускую зямлю. Станцыя Крынкі Лёзненскага раёна. Кастрычнік 1943.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Бой у Лепелі 4.7.1944.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Пераправа савецкіх войск цераз Заходнюю Дзвіну каля Бешанковіч. Чэрвень 1944.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Партызаны разбіраюць чыгунку ў Бабруйскім раёне. 1943.Да арт.Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Гітлераўцы, якіх узялі ў палон у бабруйскім «катле». Чэрвень 1944.